Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кабякоў і Пяткевіч зоймуцца рэфармаваньнем органаў улады


Андрэй Кабякоў

Андрэй Кабякоў

У Беларусі будзе створаная дзяржаўная камісія ў справе рэфармаваньня органаў дзяржаўнай улады, паведаміў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

«Я сёньня даручыў стварыць дзяржаўную камісію. Яе ўзначаліць кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта (Андрэй Кабякоў. — БелаПАН). Памочнік кіраўніка дзяржавы Натальля Пяткевіч будзе ў яго намесьнікам. Яны зьбяруць дзяржаўную камісію па рэфармаваньні органаў дзяржаўнай улады», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Мяркую, што нам давядзецца як мае быць падкараціць у дзяржаўных структурах, думаю, адсоткаў дзесьці на 25–30. Унізе менш, уверсе больш, прыбраўшы непатрэбныя функцыі і значна потым павялічыўшы грашовае забесьпячэньне і заработную плату дзяржслужачых. І адсюль — міліцыі, ваенных і гэтак далей. Я разумею, што мы адразу з гэтай задачай ня справімся, але яе таксама трэба пачынаць. Я гэта кажу таму, што вы павінны арыентавацца не на скарачэньне нейкіх структур з мэтай павелічэньня іншых структур МУС, а на скарачэньне ў нейкай ступені ў патрэбных памерах таксама і нашых органаў міліцыі», — адзначыў Лукашэнка.

Гэтыя заявы Лукашэнка зрабіў, прымаючы з дакладам міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.
XS
SM
MD
LG