Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варыяцыі на зададзеныя тэмы ад кандыдатаў апазыцыі ў Воршы


У 140-тысячнай Воршы, што ўваходзіць у дзясятку найбуйнейшых гарадоў Беларусі, склалася цікавая перадвыбарчая сытуацыя.

На ўсіх чатырох аршанскіх выбарчых акругах зарэгістраваныя апазыцыйныя кандыдаты. У якіх умовах вядуць яны агітацыйную кампанію, чым імкнуцца прывабіць будучых выбарцаў, пра што гавораць зь імі? Я сустрэўся паасобку з кожным з кандыдатаў і задаў усім адны і тыя ж пытаньні. Але напачатку, каб адчуць аршанскую перадвыбарчую атмасфэру, — гамана з каардынатарам незалежнага назіраньня «Праваабаронцы за свабодныя выбары» спадаром Васілём Берасьневым.

Васіль Берасьнеў

Васіль Берасьнеў

Карэспандэнт: «Ці шмат парушэньняў у Воршы?»

Берасьнеў: «Хоць выбары праходзяць млява і спакойна, але парушэньняў дастаткова. Кандыдаты ад улады адчулі, што яны ўжо ў парлямэнце, і вядуць сябе нагла, карыстаючыся так званым адміністрацыйным рэсурсам. Яны змаглі гэта адкрыта зрабіць пра зборы подпісаў. У нас ёсьць сьведкі, што ў Забалацкай сярэдняй школе, па горадзе Воршы праводзілі сходы работнікаў на прадпрыемствах. Пры гэтым вылучэньне там — прэрагатыва толькі праўладных кандыдатаў.

Спадара Дзедушкіна, старшыню Аршанскага райвыканкаму, вылучалі на „Экамоле“, авіярамонтным заводзе і ў Дуброўне на прадпрыемстве ЖКГ. Ініцыятыўная група яго складала 143 чалавекі, кіраваў дырэктар школы з Вусьця Ўладзімір Лявонаў. У яе ўваходзілі настаўнікі і работнікі культуры — для іх Дзедушкін начальнік непасрэдны. Сабралі па ўказцы 6000 галасоў.

Пайшлі ў парушэньнях далей. У Віцебску адбылася нарада кіраўнікоў дзяржаўных СМІ, на якой упраўленьне ідэалягічнай працы аблвыканкаму абавязала іх узмацніць працу па агітацыі за „неабходных“ кандыдатаў — сьпіс прыкладаўся. Адразу абласная газэта „Народнае слова“ і надрукавала прозьвішчы 14 кандыдатаў, пра іншых — ні слова. Мы палічылі, што гэта парушэньні, накіравалі скаргі ў Цэнтравыбаркам, але ўсюды адказы — „гэта не агітацыя“. Аршанскі гарвыканкам праводзіў таксама нараду, дзе старшыня Лісоўскі патрабаваў ад кіраўнікоў прадпрыемстваў, каб на датэрміновыя выбары была магчымасьць загнаць людзей колькасьцю 90%. Гэта кажа пра тое, што сцэнар будзе стары, вынік ранейшы, посьпех яны зробяць і пры гэтых сацыяльна-эканамічных, маральна-псыхалягічных абставінах…»

Вось жа, прэзэнтую аршанскіх апазыцыйных кандыдатаў, зь якімі сустрэўся — у такім жа парадку будуць і гучаць. 54-гадовага радыёінжынэра, спадара Канстанціна Анташкевіча напаўжартам называюць «бацькам аршанскай дэмакратыі» — ён адзін з пачынальнікаў руху ў 90-я, ідзе ў дэпутаты ад грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». Вялізны стаж палітычнай дзейнасьці ў былога дэпутата Вярхоўнага Савету БССР, кіраўніка суполкі партыі «Справядлівы сьвет», 60-гадовага спадара Мікалая Дзямідава. Добра вядомы і праваабаронца, сябар грамадзянскай кампаніі «Наш дом», 62-гадовы былы вайсковец, спадар Мікалай Петрушэнка. Ён таксама прадстаўляе Беларускую партыю левых «Справядлівы сьвет». Урэшце, 63-гадовы былы інжынэр, спадар Аляксей Ціханенкаў ідзе ад АГП. І — першае агульнае пытаньне для ўсіх.

Карэспандэнт: «Спадарства, чаму вы вырашылі браць удзел у выбарах, загадзя названых у народзе і ў незалежных СМІ „фарсам“?»

Анташкевіч: «Прабачце, што гавару па-расейску на Радыё Свабода. Але трэба праяўляць грамадзянскую актыўнасьць, любым спосабам бараніць інтарэсы людзей — як шляхам грамадзянскіх ініцыятыў, так і на заканадаўчым узроўні…»
Мы даем альтэрнатыву, права выбару — ёсьць кандыдаты ад улады, а ёсьць дэмакратычныя

Дзямідаў: «Я ў выбарах бяру ўдзел больш за 10 гадоў, назапашваю матэрыял па парушэньнях заканадаўства. І сёньня мы павінны данесьці тое, што выбараў — няма! Але для гэтага трэба браць удзел „знутры“. І мы даем альтэрнатыву, права выбару — ёсьць кандыдаты ад улады, а ёсьць дэмакратычныя…»

Петрушэнка: «Я думаю прыкладна так. Але ж выбары — гэта барацьба, магчымасьць сказаць праўду пра становішча, у якім апынуліся наша дзяржава і грамадзкасьць, трыбуна тэлебачаньня і радыё, легальная праца з насельніцтвам, каб расказаць, як жыруюць нашы чыноўнікі. Паглядзіце на дэклярацыі аб даходах — у нас ёсьць „багаценькія бураціны“ ў беднай дзяржаве, якія атрымліваюць па паўмільёна ў дзень!»

Ціханенкаў: «Данесьці да людзей праўду пра цяперашнюю ўладу!»

Карэспандэнт: «Якія галоўныя праблемы ў сваіх рэгіёнах бачыце? І вашы праграмы дзеяньняў?»

Анташкевіч: «Тры праблемы, якія хачу асьвятліць у сваёй выбарчай праграме. Першая — у Воршы не хапае 70 лекараў, бо яны ня могуць замацавацца, атрымаць жыльлё па ільготнай цане, таму што няма закону, які б дазволіў маладым спэцыялістам замацавацца там, куды і накіравалі. Другая праблема — транспартная. У горадзе практычна не функцыянуе грамадзкі пасажырскі транспарт. Хоць кошты праезду ўсюды аднолькавыя — у Воршы гэта праблема. Трэцяя — нізкія заробкі. У Воршы яны самыя нізкія для гораду з такой колькасьцю жыхароў: сярэдні — паўтара-два мільёна. Гэта горад безь бюджэту. Грошы скарыстоўваюцца для будаўніцтва невядома якіх дарагіх аб’ектаў, як лядовы палац, што будуецца ўжо тры гады. Сацыяльныя праграмы падтрымліваюцца на самым мінімальным узроўні — зайдзіце ў школу, паглядзіце, якія ў іх абеды. Калі мяне абяруць, гэта будуць першыя пытаньні».

Дзямідаў: «У нас дагэтуль ня вырашана пытаньне зь пітной вадой — яна няякасная як у горадзе, так і ў раёне. Нам далі адказ, што праграма паляпшэньня ёсьць, але яна вельмі дрэнна выконваецца. Другая праблема — распаўсюджваньне баршчавіка. Баршчавік — высокая, да 3 мэтраў кармавая дабаўка была. Таксама абласная праграма ёсьць, мільярды выдзеленыя, але іх няма…»


Я пабываў у прыгараднай вёсцы Стаўры, што на тэрыторыі выбарчай акругі спадара Дзямідава. Бачыў, як побач з асотам ды бур’яном буйна ўздымаецца ядавіты баршчавік — яго насеньне зь ветрам ляціць на людзей, пасьля чаго цяжка і небясьпечна апрацоўваць зямлю. Кажуць, чапляюцца і ўсялякія хваробы. Увогуле ж пра становішча вяскоўцаў распавёў старэйшына, мясцовы фэрмэр, 47-гадовы спадар Ігар Грышанаў.

Ігар Грышанаў

Ігар Грышанаў

Грышанаў: «У маёй вёсцы пражывае 80 чалавек — 41 пэнсіянэр і 39 маладых людзей, якія маглі б працаваць. Але да Дажынак 2008 году закапалі адзіны ўчастак працы — нашу фэрму. Ужо 5 год стаіць два з паловай га някошанай зямлі. У вёсцы засталося 4 каровы. Адносіны сельсавету і птушкафабрыкі нацягнутыя: выпадзе сьнег — і стаіш з працягнутай рукой, каб хто прачысьціў, каб прывезьлі хлеб. Усе скаргі, звароты да дэпутатаў, у райвыканкам падаюць у нікуды. Вёска вымірае. А што такое вёска? Чыстае паветра, чысты прадукт і — Радзіма. А мы Радзіму затоптваем — да Дажынак закапалі краму і бібліятэку. Пасьля чатырох зваротаў да прэзыдэнта зрабілі нам дарогу ў 2 кілямэтры 400 мэтраў, але мне далі адказ — 6 кілямэтраў 200 мэтраў. Да якой ступені цынічна і непрыстойна паказваць гэта сялянам! Яны ня вераць ані дэпутатам, ані саветам і выканкаму. Сыстэма зжыла сябе цалкам. Трэба мяняць сыстэму!»


Ізноў да размовы з апазыцыйнымі кандыдатамі. Мікалай Дзямідаў, Мікалай Петрушэнка ды Аляксей Ціханенкаў.

Дзямідаў: «А трэцяя праблема — часьцейшыя сталі выпадкі карупцыі. З 2008 году ў нас пабывалі ў турмах кіраўнікі АТ „Воршабудматэрыялаў“, малога прадпрыемства „Арыён“ пры гарвыканкаме за фінансавыя злоўжываньні. Гарвыканкамаўцы ня бачылі гэтага?! Апошні факт — пажар на мясакамбінаце, калі задыхнуліся 4 чалавекі. Не прайшло году — узбуджаецца справа супраць дырэктара мясакамбінату, намесьніка па маркетынгу, страты на сотні мільёнаў рублёў — і зноў гарвыканкам ня бачыць! Трэба, каб закон аб мясцовым самакіраваньні пачынаў дзейнічаць. Мы павінны спытаць — каго прызначылі дырэктарам, каго прадстаўніком мясцовай улады, бо калі кантролю няма — няма адказнасьці. І карупцыя пачынае квітнець і расьці…»

Мікалай Петрушэнка

Мікалай Петрушэнка

Петрушэнка: «Беларусь павінна ратыфікаваць Эўрапейскую хартыю аб мясцовым самакіраваньні. Трэба, каб у кожным шматпавярховым доме быў прадстаўнік жыльцоў у якасьці ўпраўдома. Нам трэба мець прадстаўнікоў грамадзян, пачынаючы з пад’езду. Людзі кажуць, больш жорсткай трэба зрабіць крымінальную адказнасьць за пэдафілію і парнастудыі…»

Ціханенкаў: «Самая ўшчэмленая частка насельнікаў — пэнсіянэры: заніжаюць пэнсіі, дадаюць кавалачкі тысяч на 20, а цэны ўтрая даражэйшыя. І ўсе плачуць і скардзяцца на гэтую сыстэму. Таму трэба, каб выбары былі празрыстыя, а не ілжывыя».

Карэспандэнт: «Ці былі перашкоды ад уладаў для сустрэч з выбарцамі?»

Анташкевіч: «Вельмі мала месцаў для правядзеньня пікетаў — хацеў бы на кірмашы правесьці, але там нельга. Пазначаны ж самыя далёкія…»

Дзямідаў: «Тры старонкі займае пералік памяшканьняў, дзе можна праводзіць сустрэчы. Жаданьне ёсьць — будзем спрыяць. Але спрыяньне выяўляецца ў тым, што прыходзіць 3–5 чалавек, бо зьбіраюць з дапамогай старастаў, старшынь сельсавету — ніякага апавяшчэньня. А калі сустракацца на вуліцах, мы падпадаем пад парушэньне Закону аб масавых мерапрыемствах…»

Петрушэнка: «Выканаўчая ўлада за подпісам мэра Воршы Лісоўскага зрабіла хітры ход. Месцы, дзе зручна сустракацца — дваровыя пляцоўкі, калі інваліды спусьцяцца — селі на лаўкі радком, пагутарылі ладком. Але ж наша ўлада зрабіла месцам сустрэчы школы, а на адкрытым паветры — мэмарыяльныя комплексы і гэтак далей…»

Карэспандэнт: «Ці думаеце здымаць на знак пратэсту сваю кандыдатуру напярэдадні выбараў?»

Анташкевіч: «Пакуль пытаньне байкоту наша кампанія не разглядае…»

Дзямідаў: «Па рашэньні нашай партыі мы ідзем да канца. Навошта гаварыць пра безнадзейны стан эканомікі, жыцьцё простых людзей, калі пасьля не даем ім права выбару? Бо ў выніку ж застаецца адзін уладны кандыдат…»

Петрушэнка: «Ані ўлада, ані Дабрыніна Людміла, старшыня гарсавету, ад мяне такога падарунку не дачакаюцца. Тым больш я ўжо аднойчы зьняўся на знак пратэсту, калі не зарэгістравалі Статкевіча. Я толькі агучыў — „Няхай будуць палітычныя свабоды, далоў цяперашні рэжым!“ І акруговая камісія перадала матэрыялы ў пракуратуру, мяне выклікаў памочнік пракурора і хацеў афіцыйна папярэдзіць пра недапушчальнасьць заклікаў да сілавога зьвяржэньня ўлады…»

Аляксей Ціханенкаў

Аляксей Ціханенкаў

Ціханенкаў: «Натуральна, буду здымаць кандыдатуру, таму што ў часе ілжывых выбараў усё роўна кандыдата ад апазыцыі аніяк ня будзе там…»

Карэспандэнт: «Найбольш верагодны вынік — вы прайгралі. Ваш эмацыйны настрой, як жыць?»

Анташкевіч: «Мы ведаем — пры нашым заканадаўстве немагчыма выйграць у кандыдата ад уладаў. Таму ня буду сумаваць. А буду працягваць працаваць…»

Дзямідаў: «Будзем жыць для таго, каб усё-ткі наша перамога была. Як у нашым звароце — толькі разам пераможам!»

Петрушэнка: «У той жа дзень пасьля галасаваньня пачынаем доўгатэрміновую праграму — падрыхтоўку да мясцовых выбараў…»

Ціханенкаў: «АГП не прайграла і будзе працягваць барацьбу. Да прыкладу, супраць будаўніцтва АЭС — чарнобыльскай аварыі хапае! Ракавыя захворваньні — у геамэтрычнай прагрэсіі. Улады праводзяць прыватызацыю — народу пра гэта не гавораць. А скупляе ўсё Расея! Беларусь страціць сваю незалежнасьць. Будзем змагацца!»

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG