Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыя, што жыве мінулым


Упершыню я зьвярнуў увагу на гэтую зьяву яшчэ 2 тыдні таму. Памятаеце тэкст Сяргея Навумчыка --> http://www.svaboda.org/content/article/24697797.html аб тым, што Лукашэнка ніколі не выйграваў справядліва? Топ па чытанасьці, перадрукі паўсюль, процьма камэнтаў.

Потым быў адказ Віталя Цыганкова — і зноў перадрукі, зноў першыя пазыцыі ў рэйтынгах, 123 камэнтары (!). Я пачаў сачыць ужо прадметна, асэнсавана: толькі на гэтым тыдні (10-16 верасьня) мэдыі захапіла хваля перадрукаў фэйсбучнага паста Навумчыка пра мінулае Пятра Пракаповіча (гл., напрыклад тут). Потым быў вельмі яскравы допіс Уладзімера Някляева пра Карпенку, Ганчара ды Ціцянкова .

Што аб’ядноўвае ўсе ўзгаданыя тэксты, якія ўладарылі думамі? Акрамя, зразумела, таго, што яны добра напісаны?

Адказ просты: усе гэтыя тэксты — пра мінулае. Пра дзевяностыя. Зь нейкіх цьмяных прычынаў беларусам, прынамсі — добра адукаванай, сьвядомай частцы беларусаў, якія наведваюць беларускамоўныя сайты, — цікава чытаць пра мінулае. Значна цікавей, чым чытаць пра тое, што адбываецца сёньня.

Я ня ведаю, ці магчымая такая сытуацыя ў Вялікабрытаніі, Нямеччыне ці ЗША: каб за тыдзень-другі на папулярных сайтах самымі чытанымі рабіліся допісы аб мінулым. Ці магчыма, каб падзеі 1994-1999 гадоў выклікалі пякучую хвалю жарсьцяў, а людзі, забыўшыся на сябе, абражалі адзін аднаго ў камэнтарах! Паўсюды эмоцыі кіпяць вакол падзеяў сёньняшняга дня. А тут у нас, здаецца, выбары. Якія-ніякія, але — выбары. А кіраўнік адной з самых буйных грамадзянскіх кампаніяў успамінае (так — трапна ўспамінае! так — афарыстычна!) пра тое, як той Ціцянкоў Ганчару прапаноўваў выбраць з гары футравых шапак пасьля перамогі Лукашэнкі. І робіць выснову, што Лукашэнку да ўлады прывялі «тыя 14 дэпутатаў», якія адклікалі свае подпісы за Карпенку. Карпенкі даўно ўжо няма, няма з намі і Ганчара. Аднак вось пачынаецца дыскусія: так ці не? Хто вінаваты? А сцэна гэтай дыскусіі — далёкі 1994 год. Якога ня вернеш, у якім ня зьменіш нічога.

Чаму так? Як патлумачыць гэтую нашу зацыкленасьць на падзеях дзевяностых? Як зразумець тое, што за імі мы ня бачым сёньняшняга дня, яго драмаў і трагедый? Я магу прапанаваць некалькі варыянтаў — можа хто падкажа яшчэ:

У Карла Яспэрса ёсьць такі тэрмін — «восевы час». Паводле Яспэрса, у пэрыяд 800-200 да нашай эры сфармаваліся ключавыя цывілізацыі, зьявіліся «сучасныя» рэлігіі (канфуцыянства, даасізм, будызм, юдаізм), паўстаў «сучасны чалавек» і «сучасны тып мысьленьня».

Дык вось, 1994-1996 гады — «восевы час» беларускай палітыкі. Наш, беларускі, «восевы час», які сфармаваў тую «цывілізацыю», у якой мы жывем цяпер. Гэтыя гады дэтэрмінавалі ўсё тое, што мы маем сёньня. Калі Фронт яшчэ быў моцны, калі была апазыцыя ў парлямэнце, калі жыў у Беларусі Зянон Пазьняк, калі зьбіраліся дзясяткі тысяч прыхільнікаў на «Шляхі» і «Дні волі». З пачатку 2000-х палітыка тут зьнікла зусім. Краіна спынілася і пагасіла сьвятло. А тады сьвятло яшчэ зьзяла ў вачах пратэстуючых грамадзян, а ў газэтах паведамлялі ня толькі пра арышты і затрыманьні. Тое, што адбывалася пачынаючы з 1999 году — вынік здрадаў, слабасьцяў ды памылак, што былі дапушчаныя ў 1994-1996 гадах. А таму мы вымушаныя зноў і зноў вяртацца да гэтага пэрыяду, каб зразумець — як зрабілася магчымым тое, як мы жывем.

Надышоў час мэмуараў. Я даўно заўважыў, што калі чалавек набліжаецца да пэўнай мяжы ў сваім жыцьці, ён мае схільнасьць да трансфармацыі свайго досьведу ў тэксты. У яго зьяўляецца інтанацыя ды мудрасьць, якая прыходзіць толькі з часам. А таму юнакі — найлепшыя паэты, людзі сталыя — найлепшыя празаікі. Натуральна, што Ўладзімер Някляеў успамінае пра шапкі Ціцянкова — ён здольны зараз з гэтай гісторыі зрабіць тыя высновы, якія, магчыма, ня мог зрабіць 20 год таму. Калі Сяргей Навумчык піша пра маладыя гады Пракаповіча, ён гэта робіць так, што пост з прыватнай старонкі Facebook разьбіраюць усе буйныя сайты.

Яны шмат што ведаюць. У сярэдзіне 1990-х нацыянальная апазыцыя была ў пэўным сэнсе часткай улады — прадстаўнікі БНФ у Кебічавы часы захоўвалі «апазыцыйны» статус, займаючы кабінэты ў буйных выдавецтвах, кіруючы ключавымі мэдыямі, седзячы ў Вярхоўным савеце. На вачах у гэтых людзей адбываўся працэс «зьмены кіроўных эліт» ці «электаральнай рэвалюцыі», як тое ачышчэньне ўлады ад намэнклятуры і прыход «калгасьнікаў» называюць вытрыманыя палітолягі. Людзі, якія маюць досьвед Сяргея Навумчыка ці Ўладзімера Някляева, могуць распавесьці стосы гісторыяў кшталту той, пра шапкі ці пра дзяўчат, якія ляжалі ў ложку Кім Ір Сэна падчас візыту таго ў Менск у 1983 годзе...

Беларуская ўлада сёньня непразрыстая і гермэтычная. Мне чамусьці падаецца, што сытуацыі, кшталту размовы Віктара Ганчара зь Ціцянковым над горкай футравых шапак, адбываюцца ў кабінэтах і цяпер. Але хто ведае, як прымаюцца рашэньні? Хто ведае, якія анэкдоты распавядаюць адзін аднаму намесьнікі кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта? «Нашых» людзей там не засталося. Тыя, хто сыходзіць, доўгі час сядзяць прыгаломшаныя ды толькі потым, ачомаўшыся, пачынаюць распавядаць праўду аб выбарах, якія былі сфальсыфікаваныя шмат гадоў таму.

Дарэчы, ці ня гэта яшчэ адна прычына? Тое, што аб мінулым успамінаць бясьпечней, чым казаць аб тым, што адбываецца цяпер? Заяўляць пра тое, як фальсыфікаваліся выбары 2008 году ў 2012 годзе — зусім ня тое, што казаць аб тым самым у 2008 годзе?

У выніку маем тое, што маем: сэнсацыі ды «разборкі», якія паходзяць з падзеяў 15-гадовай даўніны. Чакаем, што праз 10 гадоў знойдзецца той, хто ўспомніць, як прымаліся рашэньні аб продажы «Белтрансгазу» ці ўтварэньні мытнага саюзу.

Грамадзянам ды чытачам застаецца сьвяткаваць гадавіну Грунвальду ды рыхтавацца да ўгодкаў бітвы пад Воршай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG