Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Фэйсбуку разгарэлася дыскусія наконт тэзісу Сяргея Навумчыка, што прэзыдэнцкія выбары ў 1994 годзе былі недэмакратычнымі, паколькі «дзяржаўныя СМІ працавалі на здушэньне дэмакратыі» і «прапагандысцкая машына… працавала цалкам у інтарэсах Лукашэнкі».

Менш за ўсё хацелася б дыскутаваць з калегам, якога я глыбока паважаю і зь якім у мяне супадае большасьць падыходаў. Але, па-першае, такія дыскусіі якраз часам і бываюць самымі зьмястоўнымі, ну, а па-другое — вы ведаеце, не магу маўчаць:-)

Парлямэнцкія выбары 1995-га ўжо відавочна нельга называць дэмакратычнымі

Адразу скажу, што хачу аспрэчыць тэзісы Сяргея толькі наконт прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году. Парлямэнцкія выбары 1995-га, на маю думку, ужо відавочна нельга называць дэмакратычнымі. Аргумэнт Навумчыка, што выбары 1994-га не былі свабоднымі, бо «ў інтарэсах Лукашэнкі працавала прапагандысцкая машына», я знаходжу, скажам мякка, неадпаведным.

Па-першае, у СМІ ў 1994-м годзе ўсё не было гэтак адназначна. Сярод дзяржаўнай прэсы самым масавым выданьнем на той час быў орган Вярхоўнага Савету «Народная газета» — пад кіраўніцтвам Ёсіфа Сярэдзіча. Газэта была як мінімум прадэмакратычная (хутчэй за Пазьняка, чым за Шушкевіча). Калі газэта і давала нешта «ў рамках дыскусіі» за Лукашэнку ці за Кебіча-то на кожны такі артыкул прыпадала тры за дэмакратаў.

Была і ўрадавая газэта «Звязда», якая калі і давала нешта за Кебіча, то пераважна зь БелТА. А журналісты, якія там пісалі пра палітыку (Жданко, Каліноўскі, Сінякевіч, Сьвірко, Цыганкоў), адкрыта сымпатызавалі Шушкевічу ці Пазьняку.

Іншыя дзяржаўныя выданьні — «Рэспубліка», «Советская Белоруссия» — былі больш кансэрватыўна настроеныя і выступалі за Кебіча. За Лукашэнку там мала што праходзіла. Відавочна за Кебіча было Беларускае тэлебачаньне.

Але гэта так, для даведкі. Галоўны ж аргумэнт Сяргея — што СМІ стваралі атмасфэру, спрыяльную ідэям Лукашэнкі («демократы развалили великую державу», «разорваны экономические связи», «необходимо восстановить союз двух братских народов», «вместе мы едины и непобедимы»). Так, з гэтым не паспрачаесься, агульны кантэкст на БТ быў менавіта такі (але, нагадаю, «Народная газета» з накладам у паўмільёна прапагандавала пераважна дэмакратыю і нацыянальнае адраджэньне, а па радыё ішлі трансьляцыі з пасяджэньняў Вярхоўнага Савету). Але наколькі прапаганда СМІ вызначае вынік выбараў?

Аргумэнт Сяргея, што калі «ўся прапагандысцкая машына працавала ў інтарэсах Лукашэнкі», то выбары нельга лічыць дэмакратычнымі, выглядае ня вельмі пераканаўча

Аргумэнт Сяргея, што калі «ўся прапагандысцкая машына працавала ў інтарэсах Лукашэнкі», то выбары нельга лічыць дэмакратычнымі, выглядае ня вельмі пераканаўча, калі перакласьці яго на рэаліі іншых краінаў. Напрыклад, у Эўропе большасьць СМІ абараняюць каштоўнасьці правоў чалавека, паліткарэктнасьці, сацыяльнай дзяржавы. Ці азначае гэта, што з пункту гледжаньня фашыстаў і праварадыкалаў, якія ніяк не прадстаўленыя ў СМІ — выбары ў эўрапейскіх краінах варта прызнаць несвабоднымі і несумленнымі? А ў ЗША большасьць СМІ абараняюць каштоўнасьці індывідуалізму, прадпрымальнасьці, свабоднага рынку. Ці дае гэта права, напрыклад, камуністам ЗША заяўляць, што выбары ў ЗША недэмакратычныя? Дарэчы, у тых самых ЗША апошнія дзесяцігодзьдзі толькі тэлеканал Fox падтрымлівае рэспубліканцаў, астатнія асноўныя тэлеканалы — відавочна на баку дэмакратаў. І гэта не перашкаджае рэспубліканцам выйграваць выбары.

Шчыра кажучы, я думаў, што аргумэнт «калі б у нас былі ў руках СМІ, то мы б перамаглі», даўно стаў здабыткам гісторыі. Была такая ілюзія ў 90-я, калі здавалася, што дастаткова патлумачыць людзям усю праўду пра нашу гісторыю, распавесьці ім «О русском империализме и его опасности», паказаць ім, як жывуць на Захадзе — і яны адразу пойдуць шчыльнымі радамі за дэмакратыяй і незалежнасьцю ў сьветлую эўрапейскую будучыню.

Калі б нават Сяргей Навумчык зь Зянонам Пазьняком не вылазілі з тэлеэфіру ў 1994-м, — гэта не зьмяніла б значна вынікі выбараў

Мне здавалася, што такія рамантычныя ілюзіі даўно засталіся ў мінулым — што даказана ўсім разьвіцьцём падзеяў у Беларусі і ўвогуле на постсавецкай прасторы. Гэтыя гады нібыта пераканалі, што ў палітычным сэнсе людзі ня здольныя кардынальна і хутка мяняцца, што яны гатовыя нават аспрэчваць законы матэматыкі, калі тыя не супадаюць зь іхнімі ранейшымі перакананьнямі і жыцьцёвым вопытам. Ідэі дэмакратыі, незалежнасьці, нацыянальнага адраджэньня гучалі ў 1994-м годзе з многіх крыніцаў (з прэсы, з Радыё Свабода, нават расейскае тэлебачаньне было тады дастаткова дэмакратычным), але большасьць беларусаў хацелі чуць іншае. Як я цяпер перакананы, калі б нават Сяргей Навумчык зь Зянонам Пазьняком не вылазілі з тэлеэфіру ў 1994-м, — гэта не зьмяніла б значна вынікі выбараў — перамог бы ўсё роўна кандыдат тыпу «лукашэнка».

Дыскусія пра 1994 год — зусім не акадэмічная спрэчка. Чарговыя спробы патлумачыць вынікі першых прэзыдэнцкіх выбараў подступамі ФСБ альбо манаполіяй СМІ адсоўваюць нас ад праўдзівай ацэнкі стану беларускага грамадзтва на той час — а значыць, нараджаюць новыя (старыя) ілюзіі.

Лукашэнка перамог, бо ўмеў таленавіта хлусіць

Лукашэнка перамог зусім не таму, што СМІ працавалі на яго. Не было такога. Пра гэта напісаныя тысячы разумных артыкулаў, але паўтаруся — Лукашэнка перамог, бо такі быў стан беларускага грамадзтва на той час. Лукашэнка перамог, бо абяцаў адрадзіць СССР, бясплатны тэлевізар кожнаму, вярнуць уклады ў Ашчадбанку і спыніць беларусізацыю. Лукашэнка перамог, бо ўмеў таленавіта хлусіць і абяцаць людзям невыканальнае.

Заўсёды прасьцей весьці людзей уніз, чым уздымаць іх маральна і духоўна. Лукашэнка перамог, таму што быў крызіс, злом ранейшага жыцьця і людзям хацелася простых і прымітыўных адказаў. Ён іх даваў, апускаючы планку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG