Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Чалы: «Кацарэнка стаў ахвярай фінансавага крызісу»


Паводле кіраўніка Сьледчага камітэту Беларусі Валера Вакульчыка, старшыня назіральнай рады «Тэхнабанку» Ўладзіслаў Кацарэнка стварыў злачынную групу, якая незаконна займалася абменам валюты.

Кіраўніка «Тэхнабанку» Ўладзіслава Кацарэнку абвінавачваюць у шэрагу эканамічных злачынстваў, у тым ліку, як вынікае са словаў старшыні Сьледчага камітэту Валера Вакульчыка, у незаконных валютных апэрацыях. Вінаватым банкір сябе не прызнае, але сьледчыя бяруцца завяршыць ягоную справу да канца году, кажа спадар Вакульчык.

Старшыня назіральнай рады «Тэхнабанку» Ўладзіслаў Кацарэнка быў арыштаваны ў сваім кабінэце сёлета ў сакавіку. Хутка зьявілася вэрсія, што Кацарэнка мог быць датычны да валютных апэрацыяў, з дапамогай якіх бізнэсоўцы куплялі і прадавалі валюту па выгадным курсе падчас леташняга фінансавага крызісу, калі спачатку валюты ў свабодным продажы не было, а потым яна падаражэла ўтрая. Зараз гэтая вэрсія знаходзіць пацьверджаньне.

Але ці вінаватыя банкіры ў тым, што дзяржава не змагла ўтрымаць рубель і забясьпечыць свабодны продаж валюты? Незалежны эканаміст Сяргей Чалы мяркуе, што Ўладзіслаў Кацарэнка стаў ахвярай фінансавага крызісу 2011 году, які здарыўся зь віны дзяржавы:

Сяргей Чалы

Сяргей Чалы

«Калі вы ствараеце такую сытуацыю, што рынак фактычна закрыты, людзі ня хочуць здаваць валюту па вашым курсе, а іншага няма, чэргі велізарныя і шанцаў набыць валюту ў іх няма, міжбанк закрыты таксама і ўсе стаяць толькі ў адзін бок, то відавочна, што знаходзіліся тыя, хто забясьпечыў попыт на валюту. Згадайма пра сайт prokopovi.ch, які таксама зьявіўся як адказ на тое, што ў людзей зьнікла простая магчымасьць набыць валюту».

Сайт prokopovi.ch зьявіўся ў красавіку. Зь яго дапамогай людзі маглі дамовіцца пра абмен валюты на рублі па рэальным курсе. Між тым ужо ўлетку міліцыя пачала затрымліваць і штрафаваць тых, хто спрабаваў зладзіць абмен у абыход банкаў. Толькі ў канцы лета дзяржава пайшла на тое, каб абясцэніць рубель амаль утрая, фактычна панізіўшы курс да ўзроўню чорнага рынку. Але вынікам гэтага сталася тое, што ў абменьніках зьявіліся даляры і курс стабілізаваўся.

У інфармацыі пра справу Кацарэнкі фігуруе сума прыкладна ў 1 мільён даляраў, якую яму нібыта перадалі. Назіральнікі лічаць гэта ўскосным доказам, што былы банкір дапамагаў у абмене валюты менавіта фізычным асобам.
XS
SM
MD
LG