Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вакульчык загаварыў пра гучныя крымінальныя справы


Кіраўнік Сьледчага камітэту Валеры Вакульчык паведаміў у інтэрвію БелаТА пра ход сьледзтва супраць былога намесьніка міністра ўнутраных спраў Яўгена Полудня і старшыні назіральнай рады Тэхнабанку Ўладзіслава Кацарэнкі.

«Яўгену Полудню выстаўленае канчатковае абвінавачаньне. (...) Ён абвінавачваецца паводле ч.3 арт.424 („Злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі“) і паводле ч.3 арт.426 („Перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў асобай, якая займае адказнае становішча“) Крымінальнага кодэксу Беларусі. Яўген Полудзень падазраецца ў атрыманьні ад службовых асобаў органаў унутраных спраў матэрыяльных каштоўнасьцяў і грашовых сродкаў, злоўжываньні сваімі службовымі паўнамоцтвамі, што пацягнула прычыненьне шкоды дзяржуласнасьці ў буйным памеры», — паведаміў Вакульчык.

«Уладзіслаў Кацарэнка падазраецца ў стварэньні арганізаванай злачыннай групы, так званай групы фінансістаў, і кіраўніцтве ёю. Ён абвінавачваецца паводле чатырох артыкулаў: у крадзяжы шляхам злоўжываньня службовым становішчам, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці, ухіленьні ад выплаты падаткаў і махлярстве. У якасьці абвінавачаных па гэтых справах праходзіць восем чалавек. Сума стратаў, якія яны прычынілі сваімі дзеяньнямі бюджэту Беларусі, ацэньваецца ў 20 мільярдаў рублёў, ня выключана, што яна павялічыцца. Кацарэнка дапамагаў кіраўнікам прыватных кампаніяў ухіляцца ад выплаты падаткаў і збораў. (...) Віны сваёй падазраваны не прызнае. Сьледзтва плянуе правесьці яшчэ шэраг экспэртыз. Мяркую, што расьсьледаваньне гэтай крымінальнай справы будзе завершана да канца году», — паведаміў Вакульчык.

Былы палкоўнік Полудзень кіраваў міліцыяй грамадзкай бясьпекі са жніўня 2009 году. З таго часу на вуліцах беларускіх гарадоў адбылося шмат бурлівых падзеяў, у тым ліку масавыя пратэсты супроць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і маўклівыя акцыі незадаволеных эканамічным становішчам. Пасьля здушэньня акцыяў Яўген Полудзень у ліку іншых высокапастаўленых міліцыянтаў трапіў у сьпіс неўязных у краіны Эўразьвязу, але, паводле ацэнкі вышэйшага кіраўніцтва краіны, ён і ягоныя калегі спрацавалі «выдатна».

Уладзіслаў Кацарэнка — адзін з асноўных акцыянэраў «Тэхнабанку», у якім амаль 64% акцыяў належаць фізычным асобам.

Пра тое, што Кацарэнка пад вартай, стала вядома ў сакавіку 2012 году.

«Тэхнабанк» — адзін з найстарэйшых беларускіх прыватных банкаў. Ён уваходзіць у групу сярэдніх банкаў. Актывы на 1 кастрычніка 2011-га складалі 721,8 млрд рублёў.

Падрабязнасьці — пазьней на сайце «Свабоды»
XS
SM
MD
LG