Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыехала на фэст зь відэакамэрай — праседзела ў міліцыі


Ларыса Шчыракова на Купальлі, архіўнае фота

Ларыса Шчыракова на Купальлі, архіўнае фота

Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў і краязнаўчай суполкі «Талака» з Гомеля Ларыса Шчыракова накіравала пракурору Петрыкаўскага раёну пісьмовую скаргу. Яна просіць разабрацца, на якой падставе парушаны яе канстытуцыйныя правы на збор і распаўсюд інфармацыі й на свабоду перамяшчэньня.

«Пры канцы жніўня я паехала на этнаграфічнае сьвята „Покліч Палесься“ ў вёску Ляскавічы Петрыкаўскага раёну. На падобным сьвяце я была пазалетась. Мне вельмі спадабалася, таму гэтым разам я ўзяла з сабою відэакамэру й здымач, каб падзяліцца ўбачаным з паплечнікамі й аматарамі нацыянальнага фальклёру на сайце „Талакі“ і на сваёй старонцы ў Youtube», — апавяла спадарыня Шчыракова.

Актывістка цікавілася палескімі народнымі рамёствамі, распытвала пра нацыянальныя строі, здымала на відэа выступы фальклёрных калектываў. Хвілін праз сорак да яе падышлі людзі ў цывільным, адзін зь іх паказаў службовае пасьведчаньне і заявіў: каб здымаць сьвята, патрэбная акрэдытацыя.

Сямёра міліцыянтаў адвялі Шчыракову ў вясковы апорны пункт аховы грамадзкага парадку. Там маёр міліцыі Віталь Прыстромаў агледзеў зьнятыя матэрыялы й нічога супрацьзаконнага ня ўбачыў.

Петрыкаўскі РАУС

Петрыкаўскі РАУС

«Тым ня менш, мяне павезьлі за 30 кілямэтраў у Петрыкаўскі райаддзел міліцыі, дзе зноў праглядалі ўсе мае відэазапісы і ўзялі тлумачэньне. Займаўся гэтым намесьнік начальніка Андрэй Буйскі. Цягнулася праверка зь пераездамі больш як тры гадзіны. Урэшце мяне адвезьлі назад у Ляскавічы, але настойліва параілі на сьвята не вяртацца», — дадала Ларыса Шчыракова.

Паколькі пракуратура назірае за станам законнасьці, то Шчыракова й хоча высьветліць, ці правамоцнымі былі дзеяньні міліцыянтаў, якія абмежавалі яе канстытуцыйныя правы на фальклёрным фэсьце ў вёсцы Ляскавічы.
XS
SM
MD
LG