Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стэфановіч: Забарона выступаў з заклікам да байкоту — парушэньне закону


Забарона бясплатных выступаў у СМІ кандыдатаў, якія заклікаюць да байкоту выбараў, парушае законы Беларусі, лічыць адзін з каардынатараў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Валянцін Стэфановіч.

«Заклікі да байкоту выбараў, крытыка выбарчага заканадаўства і практыка яго ўжываньня разам зь любой іншай перадвыбарчай агітацыяй заканадаўствам не забароненыя, кандыдаты ў дэпутаты вольныя ў выкладзе сваіх поглядаў і праграмаў, а выбарцы павінны мець максымальныя магчымасьці атрымліваць інфармацыю пра кандыдатаў, іх погляды і праграмы. Любыя абмежаваньні гэтых правоў, за выключэньнем прадугледжаных законам і неабходных у дэмакратычным грамадзтве, варта разглядаць як недапушчальнае абмежаваньне свабодных выбараў», — заявіў Стэфановіч у інтэрвію БелаПАН.

На яго думку, волевыяўленьне грамадзян падчас выбараў ажыцьцяўляецца ня толькі праз галасаваньне за аднаго з кандыдатаў альбо супраць усіх кандыдатаў.

«Адмова ад галасаваньня — гэта таксама грамадзянская пазыцыя, на якую выбаршчык мае права», — адзначыў Стэфановіч.

«Такім чынам, цэнзура, забарона бясплатных выступаў у СМІ тых кандыдатаў, якія заклікаюць да байкоту выбараў, не адпавядаюць заканадаўству Беларусі і яе міжнародным абавязаньням, парушаюць прынцып роўнасьці кандыдатаў у дэпутаты і абмяжоўваюць як правы кандыдатаў на агітацыю, так і правы выбарцаў на атрыманьне поўнай і аб’ектыўнай інфармацыі», — падсумаваў праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG