Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Цярэшчанка стаў кандыдатам празь Вярхоўны суд


Віктар Цярэшчанка
Віктар Цярэшчанка

1 верасьня Вярхоўны суд прызнаў абгрунтаванай і задаволіў скаргу Віктара Цярэшчанкі на рашэньне Цэнтральнай выбарчай камісіі аб адмове ў рэгістрацыі яго кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

29 жніўня ЦВК не задаволіў скаргу Віктара Цярэшчанкі, экс-кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2010 году, на адмову ў рэгістрацыі яго кандыдатам у дэпутаты па Шаркаўшчынскай выбарчай акрузе № 29. Прычынай адмовы сталі подпісы, прызнаныя акруговай камісіяй несапраўднымі.

Падчас пасяджэння Цярэшчанка паведаміў, што ў яго ёсць заявы выбаршчыкаў, якія пацьвярджаюць факт росьпісу ў яго падтрымку ў прысутнасці членаў ініцыятыўнай групы. Аднак, як заявіла кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына, Цэнтральная камісія, прымаючы рашэньне, павінна зыходзіць «з тых дакумэнтаў, якія здабывала акруговая камісія». «Мы бачым, што яна іх здабывала законна, не прымушаючы грамадзян», — падкрэсьліла Ярмошына, адзначыўшы, што пазьней выбаршчыкі маглі ўказаць у заявах факты, аб якіх папрасіў сам Цярэшчанка, бо яны ведалі яго.

Каментуючы БелаПАН рашэньне Вярхоўнага суду, Віктар Цярэшчанка адзначыў, што яго скарга разглядалася больш за тры гадзіны: «Я запатрабаваў дасканала вывучыць 24 тлумачэньні выбаршчыкаў, якія напісалі, што яны ставілі подпісы ў маю падтрымку ў прысутнасьці членаў маёй ініцыятыўнай групы».

Паводле слоў Цярэшчанкі, у ЦВК ужо ведаюць пра рашэньне Вярхоўнага суду, і ў панядзелак, 3 верасьня, ён зможа забраць пасведчаньне кандыдата ў дэпутаты. «Але я страціў дзесяць дзён агітацыі — гэта вельмі ўскладняе перадвыбарную кампанію», — дадаў кандыдат.

Скаргі на адмову ў рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты ЦВК разглядала з 28 па 30 жніўня ўключна. З 53 скаргаў задаволена ўсяго 11.

У Вярхоўны суд на гэты час паступіла восем скаргаў на рашэньне ЦВК. Зь пяці разгледжаных задаволена пакуль адна — Віктара Цярэшчанкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG