Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Карняенка: «Абсалютна непрафэсійная дзейнасьць акруговых камісіяў»


Віктар Карняенка

Віктар Карняенка

Цэнтравыбаркам разгледзеў скаргі вылучэнцаў на кандыдатаў у дэпутаты па Менску, якім было адмоўлена ў рэгістрацыі. У выніку ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі актывістку БХД Вольгу Кавалькову, былога міністра абароны Паўла Казлоўскага, актывістаў партыі «Справядлівы сьвет» Алега Квітка і партыі БНФ Сяргея Карповіча. Адначасна было адмоўлена ў рэгістрацыі палітычным актывістам Артуру Фінкевічу, Міхалу Пашкевічу, а таксама лідэру руху «За Свабоду» Аляксандру Мілінкевічу. Вынікі разгляду апэляцыйных заяў сябра ЦВК з правам дарадчага голасу Віктар Карняенка пракамэнтаваў так:

«Галоўнай высновай, якую я зрабіў паводле ўласнага досьведу трохдзённай працы ў ЦВК, гэта абсалютна непрафэсійная дзейнасьць акруговых камісіяў. Яны адчуваюць сябе нейкім фільтрам, заслонай і выкарыстоўваюць усе магчымасьці, каб не зарэгістраваць кандыдата. А калі паглядзець закон, то ён наадварот — абавязвае іх спрыяць рэгістрацыі кандыдатаў. А тут — у парушэньне закону — выкарыстоўваюць любую магчымасьць, каб паставіць перашкоду. Гэта ў абсалютнай большасьці выпадкаў, і толькі ў адзінкавых выпадках акруговыя камісіі працавалі сапраўды сумленна і прафэсійна. Напэўна, гэта ёсьць вынікам фармаваньня камісіяў: некаторыя старшыні камісіяў хваліліся, што ўсё было зацьверджана аднагалосна, як і ў ЦВК асаблівых разыходжаньняў у меркаваньнях не было. Таму пры такім падыходзе, вядома, рашэньні будуць палітычна матываваныя: і ў дачыненьні да Фінкевіча, і Пашкевіча, і іншых — я перакананы, што гэта так.

І яшчэ адна выснова — на кожную выбарчую кампанію ідэолягі вынаходзяць усё нейкія новыя інструмэнты, каб кантраляваць выбарчы працэс. Цяпер гэта — экспэртыза органамі ўнутраных спраў подпісаў і датаў — каб яны былі пастаўленыя адной рукой. Пры гэтым МУС заяўляе, што яны гэта ня могуць праверыць. Гэткім чынам знайшоўся інструмэнт блякаваньня пэўных кандыдатаў. Таксама ёсьць і пэўныя памылкі кандыдатаў, але пры справядлівым і пільным выкананьні сваіх абавязкаў акруговымі камісіямі ўсе гэтыя пытаньні можна было вырашыць у працоўным парадку і не даводзіць справы да ЦВК і тым больш да суду».
XS
SM
MD
LG