Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Усё, што вы пішаце, кажаце і глядзіце, можа быць як на далоні


Рэпрэсіўныя ўрады выкарыстоўваюць магутную шпіёнскую кампутарную праграму, вырабленую ў Брытаніі, піша сёньня амэрыканская газэта International Herald Tribune. Вытворца праграмы FinSpy, кампанія Gamma, гарантуе кліентам, што тая дазволіць ім мець доступ да чужой электроннай пошты, чатаў, перамоваў па скайпе, дубляваць запісы з вэб-камэраў і мікрафонаў, захоўваць ўсю інфармацыю з клявіятуры і пры гэтым абыходзіць 40 антывірусных сыстэмаў.

Сёлета ў траўні амэрыканскія кампутарныя дасьледчыкі Морган Маркіз-Буар і Біл Марчак вырашылі прааналізаваць падазроныя электронныя лісты, якія прыйшлі тром бахрэйнскім дэмакратычным актывістам. Яны пабачылі, што ў паведамленьнях утрымлівалася шпіёнская праграма, якая мелася перадаваць інфармацыю на адзін і той жа сэрвэр у Бахрэйне.

Пасьля публікацыі гэтай інфармацыі дасьледчыкі сталі атрымоўваць іншыя ўзоры шпіёнскіх праграмаў ад сваіх калегаў і ад інтэрнэт-актывістаў, якія падазравалі, што за імі сочаць. У некаторых выпадках, гэтыя праграмы меліся перадаваць інфармацыю на сайты, якія належаць кампаніі Gamma, а некаторыя вялі на сэрвэры, якія мелі дачыненьне да рэпрэсіўных урадаў. Маркіз-Буар кажа, што сэрвэр у Туркмэністане паказваў шэраг IP-адрасоў, якія належалі Міністэрству камунікацыяў. Гэта быў ясны доказ, што урад выкарыстоўвае шпіёнскую праграму на сваёй кампутарнай сыстэме.

Праваабарончая арганізацыя Human Right Watch нядаўна назвала Туркмэністан «адной з найбольш рэпрэсіўных краінаў сьвету», у якой дысыдэнты знаходзяцца пад няспыннай пагрозай урадавага перасьледу.

Летась у сакавіку удзельнікі пратэстаў у Эгіпце, захапіўшы будынак службы бясьпекі, знайшлі там дакумэнт, які сьведчыў, што кампанія Gamma прапаноўвала праграму FinSpy рэжыму Хосьні Мубарака за 287 тысяч эўра ці 353 тысячы даляраў. Невядома ці адбыўся продаж праграмы ў гэтым выпадку. Таксама невядома, ці куплялі гэтую праграму іншыя рэпрэсіўныя ўрады, у тым ліку беларускі.

Выканаўчы дырэктар кампаніі Gamma Марцін Мюнх кажа, што кампанія не называе сваіх кліентаў. У электронным лісьце для International Herald Tribune Мюнх напісаў, што Gamma прадае праграмнае забесьпячэньне ўрадам выключна для крымінальных расьсьледаваньняў, і яго найчасьцей выкарыстоўваюць «супраць пэдафілаў, тэрарыстаў, арганізаванай злачыннасьці, выкраданьняў людзей і гандлю людзьмі».

Ева Гальпэрын, актывістка базаванай ў Сан-Францыска групы за свабоду ў Інтэрнэце Electronic Frontier Foundation, кажа: «Калі вы прадаяце [такое праграмнае забесьпячэньне] краіне, дзе есьць вяршэнства закону, дык магчыма яго будуць выкарыстоўваць для аховы правапарадку. Калі вы прадаяце яго краіне, дзе зь вяршэнствам закону праблемы, дык яго скарыстаюць, каб сачыць за журналістамі і дысыдэнтамі».

Як заходнія тэхналёгіі дапамагаюць недэмакратычным рэжымам

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG