Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як заходнія тэхналёгіі дапамагаюць недэмакратычным рэжымам


Такую тэму змаганьня аўтарытарных рэжымаў з інфармацыйнымі тэхналёгіямі абмяркоўваюць у гэтыя дні судзельнікі 28-й сустрэчы «Chaos Communication Clubs» (CCC).

Сама сустрэча лічыцца прэстыжнай эўрапейскай падзеяй, а экспэрты CCC усё часьцей становяцца запатрабаванымі у якасьці кансультантаў заходнеэўрапейскімі ўрадамі ды парлямэнтамі ў сувязі зь небясьпекай кібэршпіянажу.

З уступным словам на адкрыцьці сёлетняй сустрэчы Chaos Communication Clubs выступіў навуковы супрацоўнік Стэнфардзкага ўнівэрсытэту (ЗША), аўтар кнігі «The Dark Side of Internet Freedom» («Сеткавыя ілюзіі: цёмны бок свабоды інтэрнэту») Яўген Марозаў.

Народжаны ў 1984 ў Салігорску, ён цяпер стала пражывае ў ЗША, лічыцца экспэртам у галіне палітычных і сацыяльных наступстваў інтэрнэту ў краінах з аўтарытарнымі рэжымамі. Тэксты гэтага, як падаецца ў англамоўных даведніках, амэрыканскага беларускага блогера, публікуюць выданьні «Wired», «The Economist», «Newsweek».

Яўген Марозаў лічыць «кібэрутапізмам» надзеі Захаду на дэмакратычныя зьмены ў аўтарытарных рэжымах праз рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі і заклікае заходнія кампаніі па вытворчасьці праграмнага забесьпячэньня да больш шчыльнага кантролю экспартных паставак уласных прадуктаў.

Падчас сваёй прамовы Марозаў спыніўся на прыкладах таго, як аўтарытарным рэжымам не без дапамогі заходніх кампаніяў удаецца кантраляваць сваіх апанэнтаў у Інтэрнэце. Нягледзячы ня ўсе магчымыя эканамічныя санкцыі.

Так сёлета ў апошнія месяцы італьянская фірма «Area SpA» атрымала званкі з Дамаску з просьбай у больш хуткія чым прадугледжвалася тэрміны інсталяваць адзін з праектаў па праграмным забесьпячэньні. Інжынэры фірмы пачалі ўсталёўваць сыстэмы ў Дамаску, пасьля таго, як у Сірыі пачаліся хваляваньні. Паводле экспэртаў Bloomberg, праграмы дапамаглі сірыйскім спэцслужбам адсочваць на вялікіх маніторах рух асобных праціўнікаў рэжыму празь іх мабільнікі ды інтэрнэт-дадзеныя.

Цікавы момант: італьянская кампанія сама выкарыстоўвае праграмнае забесьпячэньне ад пастаўшчыкоў з амэрыканскай кампаніі NetApp, якая з-за санкцыяў супраць рэжыму Асада нічога не пастаўляе ў Сірыю. Праз іншую італьянскую Ultimaco, чые прадстаўніцтва ў Франкфурце-на-Майне, у тую ж Сірыю трапляюць нямецкія сыстэмы. А праз дацкіх пастаўшчыкоў у Іран — праграмнае забесьпячэньне ізраільскай фірмы Allot. Гэта пры тым, што ізраільскім фірмам строга забаронена гандляваць зь Іранам.

Таксама кантракты на электронныя прылады па кантролі праз сеціва існавалі паміж эўрапейскімі пастаўшчыкамі і выведкай Мубарака ці рэжымамі у Кадафі.

Паводле Яўгена Марозава, для аўтарытарных рэжымаў інтэрнэт-маніторынг апошнім часам набывае ўсё большае значэньне. Марозаў мяркуе, што на Захадзе вельмі неахайна ставяцца да экспартнага кантролю праграмнага забесьпячэньня, калі такі ўвогуле існуе. Таму няцяжка ўявіць сабе, наколькі карысная для дыктатараў такая «дапамога», якую дасьледчык называе «шлюбам зь пеклам». Ён перакананы, што «для рэжымаў набыць амэрыканскае праграмнае забесьпячэньне для маніторынгу, значна прасьцей чым адкрыць рахунак у банку»

З гледзішча Марозава, паміж карыстальнікамі інтэрнэту і ўладамі аўтарытарных краін ідзе сапраўдная гонка ўзбраеньняў. Апазыцыянэры асвойваюць усё больш прасунутыя тэхналёгіі Web 2.0 для камунікацыі і агітацыі. Урады процідзейнічаюць ім, блякуючы непажаданыя сайты, распаўсюджваючы прапаганду і дэзінфармацыю, падкупляючы блогераў і зьдзяйсьняючы хакерскія напады на варожыя рэсурсы. У інтэрнэт-прасторы большасьці былых савецкіх рэспублік ужо дамінуюць клоны «Facebook» кшталту «Вконтакте». Наўрад ці гэтыя сайты стануць на абарону дэмакратычных дэманстрантаў. Гэта відавочна на прыкладзе той жа Беларусі, калі онлайнавыя групы падтрымкі асобных палітыкаў зьнікалі з сеткі, а апазыцыйныя арганізацыі такім чынам пазбаўляліся магчымасьці мабілізаваць сваіх прыхільнікаў.

Як адзначае Яўген Марозаў, замест эканамічнага эмбарга Захад мусіць абмежаваць попыт на тэхналёгіі маніторынгу з боку недэмакратычных краінаў. Бо першапачатковай мэтай падобных праграмаў быў унутраны рынак, аказаньне дапамогі ўласнай паліцыі ды спэцслужбам у барацьбе зь кібэр-злачынцамі ды тэрарыстамі.

Паводле экспэрта, заходнія кампаніі павінны прыняць ідэю адносна гарантыі поўнай бясьпекі ў інтэрнэце. Інакш яны будуць несьці поўную адказнасьць за ўзмацненьне рэпрэсій у недэмакратычных краінах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG