Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым абвінавачваюць Джаныша Бакіева?


Джаныш Бакіеў у Менску каля кавярні "Грунвальд"

Джаныш Бакіеў у Менску каля кавярні "Грунвальд"

На фота, зробленым у Менску каля кавярні «Грунвальд» актывістам руху «Гавары праўду» Міхалам Пашкевічам і апублікаваным у мэдыях, кіргіскія ўлады распазналі трох чалавек, абвешчаных імі ў міжнародны вышук.

Паводле МУС Кіргізстану, на менскіх здымках былі зафіксаваныя Джаныш Бакіеў, брат экс-прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева і былы старшыня Службы дзяржаўнай аховы; Тахір Рысаліеў, былы намесьнік Службы дзяржаўнай аховы; Рустам Сайдуеў, блізкі сябар Максіма Бакіева, брата Курманбека Бакіева.

Кіргіскія ўлады сьцьвярджаюць, што гэтыя тры асобы зьяўляюцца падазраванымі ў справе патройнага забойства ў Кіргізстане ў 2009 годзе: былога кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Кіргізстану Мэдэта Садыркулава, кіроўцы Кубата Сулайманава і дырэктара Міжнароднага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Сяргея Сьлепчанкі.

Целы Садыркулава, Сулайманава і Сьлепчанкі былі знойдзеныя 13 сакавіка 2009 году ў абгарэлай машыне маркі «Lexus».

Спачатку сьледзтва прыйшло да высновы, што гэтыя асобы загінулі ў выніку дарожна-транспартнага здарэньня. Кіроўца аўтамашыны, якая ўрэзалася ў «Lexus», быў затрыманы і асуджаны. Пасьля зьмены ўлады ў Кіргізстане ў красавіку 2010 году, гэты кіроўца быў забіты ў калёніі, дзе адбываў свой тэрмін.

Справа сьмерці Садыркулава, Сулайманава і Сьлепчанкі была скіраваная на дадатковае сьледзтва. Яе перакваліфікавалі з аўтааварыі на забойства, замаскаванае пад ДТЗ. Паводле сьледзтва, замоўнікам забойства і галоўным яго выканаўцам зьяўляецца Джаныш Бакіеў. Разам зь ім падазраюць яшчэ 17 чалавек — васьмёра зь іх знаходзяцца за кратамі ў Кіргізстане.

У гэтай справе ў якасьці пацярпелай бярэ ўдзел жонка Мэдэта Садыркулова, Айнагуль Садыркулова.

Садыркулов, які ў свой час унёс вялікі ўнёсак ва ўзмацненьне ўлады Курманбека Бакіева, быў зьняты з пасады кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта ў студзені 2009 году. Пасьля гэтага сталі пагаворваць пра тое, што ён адмовіўся ад прапанаванай яму пасады міністра замежных справаў ды пачаў аб’ядноўваць вакол сябе антыбакіеўскія апазыцыйныя сілы.

Паводле былога міністра ўнутраных справаў Кіргізстану Балатбэка Нагайбаева, калі Джаныш Бакіеў насамрэч знаходзіцца ў Менску, то яго можна экстрадаваць на аснове Менскай канвэнцыі краінаў СНД 1993 году:

«Згодна з гэтай Канвэнцыяй, калі чалавек, які зьдзейсьніў злачынства, затрыманы на тэрыторыі іншай краіны, то яго абавязаны экстрадаваць на Радзіму. Беларускія ўлады абавязаны на аснове гэтай Канвэнцыі выдаць яго Кіргізстану. Але ня варта забываць, што там знаходзіцца і Курманбек Бакіеў, які абвінавачваецца ў тым, што ён аддаў загад страляць па дэманстрантах. Да гэтага моманту яго і не зьбіраліся выдаваць» — сказаў нашаму радыё Нагайбаеў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG