Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Класкоўскі: Любыя фігуры на беларускай намэнклятурнай дошцы — пешкі


Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Адстаўку Сяргея Мартынава і прызначэньне міністрам замежных спраў кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімера Макея камэнтуе палітоляг Аляксандар Класкоўскі.

«Беларускі афіцыйны лідар мае ўсё ж такі на мэце пакрысе разблякоўваць заходні вэктар зь дзьвюх прычынаў. Першая — паколькі прэсінг Масквы пакуль што пераважна закулісны, але ўзмацняецца. І другая прычына — у кастрычніку Эўразьвяз мусіць пашырыць санкцыі, у выпадку, калі нейкія крокі насустрач ня будуць зробленыя. І паколькі фігура Мартынава ў пэўнай ступені ўжо дыскрэдытаваная цэлым шэрагам дыпляматычных войнаў і ўвогуле пэрманэнтнымі канфліктамі з Захадам, то адносна сьвежая (вельмі, канечне, адносна) фігура Макея можа фармальна даць падставу нейкія пытаньні абмяркоўваць з чыстага аркуша. Гэта вэрсія, якая ляжыць на паверхні.

Але любыя фігуры на беларускай намэнклятурнай дошцы — гэта, па вялікім рахунку, пешкі. Будзе сказана весьці жорсткую лінію — і той самы Макей будзе дэкляраваць жорсткія антызаходнія тэзы, як ён гэта не аднойчы дэманстраваў».
XS
SM
MD
LG