Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новым кіраўніком МЗС стаў неўязны ў Эўразьвяз


Сяргей Мартынаў (зьлева) і Ўладзімер Макей

Сяргей Мартынаў (зьлева) і Ўладзімер Макей

Аляксандар Лукашэнка вызваліў Сяргея Мартынава ад пасады міністра замежных спраў у сувязі зь пераходам на іншую працу.

Кіраўнік дзяржавы прызначыў міністрам замежных спраў Уладзімера Макея, вызваліўшы яго ад пасады кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Адпаведныя ўказы Аляксандр Лукашэнка падпісаў 20 жніўня.

У студзені 2011 году, пасьля разгону Плошчы і разгортваньня рэпрэсій супраць апазыцыі, Уладзімер Макей быў унесены Радай Эўразьвязу ў сьпіс асоб, у дачыненьні да якіх дзейнічаюць візавыя і маёмасныя санкцыі Эўразьвязу.

Раман Якаўлеўскі: «Прызначэньне Макея нічога ня дасьць для паляпшэньня адносін з Эўропай»

Прызначэньне міністрам чалавека, які лічыцца пэрсонай нон-грата ў Эўразьвязе і ЗША па меншай меры дзіўна, і гэта ня можа сьведчыць пра актывізацыю заходняга вэктара палітыкі.


Аляксандар Класкоўскі: «Любыя фігуры на беларускай намэнклятурнай дошцы — па вялікім рахунку, пешкі»

«Беларускі афіцыйны лідар мае ўсё ж такі на мэце пакрысе разблякоўваць заходні вэктар»


Анатоль Лябедзька: «Прыход Макея можа азначаць спробу наладзіць стасункі з Захадам»

«Сыход Макея таксама, відаць, не зьяўляецца сэнсацыяй, таму што ў апошні час мусіраваліся такія чуткі, што для яго падрыхтавана крэсла старшыні Палаты прадстаўнікоў».


Станіслаў Шушкевіч пра прызначэньне Макея: «Ніякіх зьменаў тут ня будзе»

«Макей — чалавек адукаваны, служыць ён так, што больш паслужлівага вы ня знойдзеце».


Андрэй Фёдараў: «Мартынаў хоча папрацаваць на цяжкай пасольскай ніве»

«Кіраўнік адміністрацыі — гэта вельмі ўплывовая асоба. А Міністэрства замежных спраў у нас нічога не вырашае».


Бародзіч-Смаліньскі: «Макей на Захадзе ўспрымаецца як асоба, адкрытая да дыялёгу»

«Я думаю, што для беларуска-эўрапейскіх адносінаў гэта вялікіх наступстваў мець ня будзе.».



Уладзімер Макей нарадзіўся 5 жніўня 1958 года на Гарадзеншчыне. Скончыў Менскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут замежных моў (1980), служыў у Савецкай арміі (1980—1992), палкоўнік запасу. Вучыўся ў Дыпляматычнай акадэміі МЗС Аўстрыі(1992—1993).

У 1993—2000 гадах знаходзіўся на дыпляматычнай службе. Займаў розныя пасады ў МЗС – ад сакратара упраўленьня інфармацыі да начальнікам упраўленьня агульнаэўрапейскага супрацоўніцтва. Быў прадстаўніком Беларусі пры Радзе Эўропы.

У 2000—2008 гадах працаваў памочнікам прэзыдэнта Беларусі. З 15 ліпеня 2008 года займаў пасаду кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

У 2009 г. пры Адміністрацыі была ўтвораная Грамадзкая кансультатыўная рада была, якую ўзначаліў У. Макей. Рада была задуманая як спроба дыялёгу ўлады з незалежным грамадзтвам, але зьбіралася яна рэдка. У лістападзе мінулага году Ўладзімер Макей прыпыніў дзейнасьць гэтага фармаваньня на нявызначаны час.

У лютым 2011 году Ўладзімер Макей быў уключаны ў сьпіс беларускіх урадоўцаў, якім быў забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу.

Паводле інфармацыі «Беларускага партызана» вайсковая служба У. Макея праходзіла ў вайсковай выведцы (ГРУ) – спачатку СССР, потым Рэспублікі Беларусь.


Сяргей Мартынаў нарадзіўся 22 лютага 1953 года ў Ленінакане. У 1975 годзе скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносінаў. Сярод прыступак яго дыпляматычнай кар'еры –праца ў беларускім МЗС, пасол Беларусі ў ЗША, пасол у Бэльгіі, пастаянны прадстаўнік пры Эўрапейскіх супольнасьцях.

Міністрам замежных спраў стаў да свайго пяцідзесяцігодзьдзя – у сакавіку 2003. Праводзячы лінію афіцыйнага Менску, быў яго дыпляматычным тварам там, дзе не жадалі кантактаў з Лукашэнкам, напрыклад у Брусэлі ці ААН. Як адзін з дыпляматычных прарываў беларускага МЗС ацэньвалася падрыхтоўка т.зв. «ядзернага мэмарандуму» Беларусі і ЗША, які падпісалі ў Астане ў 2010 годзе, напярэдадні выбараў Сяргей Мартынаў і Хілары Клінтан. Аднак пасьлявыбарчая сытуацыя палітычныя дывідэнды гэтага мэмарандуму зьвяла на нішто.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG