Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лаўроў абяцаў дапамагчы Лукашэнку з прызнаньнем выбараў


Візыт расейскага міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова ў Менск прымеркаваны да 20-годзьдзя ўсталяваньня дыпляматычных адносін паміж Беларусьсю і Расеяй.

«Расея будзе рабіць усё, каб ацэнкі парлямэнцкіх выбараў у Беларусі былі аб’ектыўнымі і непрадузятымі і не былі прадметам аднабаковых правілаў, якія спрабуюць навязаць ў АБСЭ насуперак нашым калектыўным шматразовым прапановам выпрацаваць агульнапрынятыя правілы назіраньня за выбарамі», — заявіў міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску.

Апошні ў сваю чаргу падкрэсьліў, што цяпер у беларуска-расейскіх адносінах няма напружанасьці ні па адным пытаньні. Лукашэнка таксама падтрымаў пазыцыю Расеі па сырыйскім пытаньні.

Лаўроў: Расея не адкажа санкцыямі Эўразьвязу

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў у Менску: «Гэта ня наш мэтад».

Лаўроў зазначыў, што Эўразьвяз «заразіўся палітыкай аднабаковых санкцый ад ЗША:

«Звычайна такімі вось аднабаковымі крокамі, якія парушаюць міжнароднае права і якія суправаджаюцца экстэрытарыяльнымі санкцыямі, славіліся Злучаныя Штаты Амэрыкі. Апошнім часам Эўразьвяз заразіўся гэтым прыкладам, на вялікі жаль ... Прэцэдэнты падобнага былі. Што характэрна, кожны раз пасьля такіх прэцэдэнтаў ЭЗ ўсьведамляў беспэрспэктыўнасьць аднабаковых санкцый, якія ніколі ніякіх праблем у сьвеце, любым рэгіёне, у дачыненьнi да любой краіны, не вырашалі ».

Пры гэтым, Сяргей Лаўроў таксама адзначыў, што Расея ня будзе рабіць такія ж крокі ў адказ на аднабаковыя дзеяньні ЕЗ:

«Гэта не наш мэтад. Дзейнічаць па прынцыпу „вока за вока“ ў такой сытуацыі азначае паступацца сваімі прынцыпамі. Нашы прынцыпы заключаюцца ў неабходнасьці любыя пытаньні вырашаць не праз прымус, а праз уцягваньне ўсіх ...»

Мартынаў: Расея нас абароніць ад Эўразьвязу

Міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў лічыць, што пасьпяховае супрацоўніцтва Беларусі з Расеяй, адносіны ў рамках Мытнага саюза, АЭП і АДКБ дапамогуць краіне выстаяць супраць ціску з боку Эўразьвязу.

«Формы падтрымкі з боку Расеі для нас відавочныя: перш за ўсё гэта нашы партнэрскія адносіны і адносіны ў рамках Мытнага саюзу і АЭП, гэта магчымасьць для Беларусі пасьпяхова забясьпечваць дзейнасьць сваёй эканомікі», — заявіў Мартынаў у сераду на брыфінгу ў Менску.

Ён падкрэсьліў, што праца Беларусі з Расіяй у фармаце АДКБ таксама зьяўляецца важным падтрымліваючым фактарам.

Кіраўнік беларускага МЗС падкрэсьліў, што тэма ціску на рэспубліку з боку Эўразьвязу закраналася падчас кансультацый з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым 14-15 жніўня ў Мінску.

Мартынаў нагадаў, што «Беларусь не прымае палітыкі пагроз, санкцый і шантажу», аднак выступае за канструктыўны дыялёг па ўсіх напрамках зьнешнепалітычнага супрацоўніцтва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG