Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні патрабавалі свабоду Бяляцкаму


6 жніўня літоўскія і беларускія грамадзкія актывісты пікетавалі амбасаду Беларусі ў Літве.

Удзельнікі акцыі перадалі амбасадару калектыўны зварот. У пэтыцыі, пад якой падпісаліся больш 200 чалавек, устрымліваецца зьмешчанае патрабаваньне безумоўна і неадкладна вызваліць Алеся Бяляцкага і ўсіх палітычных зьняволеных у Беларусі.

«Мы патрабуем ад уладаў Беларусі спыніць ціск і перасьлед прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці краіны і праваабаронцаў, а таксама прывесьці заканадаўства Беларусі ў адпаведнасьць зь міжнароднымі стандартамі ў галіне абароны правоў чалавека», — напісана ў пэтыцыі.

Акрамя беларусаў і літоўцаў, свае подпісы пад пэтыцыяй пакінулі грамадзяне Вялікай Брытаніі, Бэльгіі, Паўднёвай Карэі, Швэцыі, Партугаліі, ЗША, Пакістана, Італіі, Люксэмбурга — усяго падпісаліся прадстаўнікі 21 краіны, адзначае праваабарончы цэнтар «Вясна».


4 жніўня споўніўся год з моманту затрыманьня беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, віцэ-прэзыдэнта FIDH.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе летась. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.
XS
SM
MD
LG