Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьезд БНФ вылучыў 38 кандыдатаў і абяцаў іх зьняць 15 верасьня


4 жніўня ў Менску прайшоў пазачарговы зьезд Партыі БНФ, на якім было ўхваленае рашэньне аб вылучэньні кандыдатамі на выбарах Палаты прадстаўнікоў 38 сябраў партыі.

Другая сэсія зьезду прызначаная на 15 верасьня, за тыдзень да выбараў, на ёй заплянавана разгледзець пытаньне аб зьняцьці кандыдатаў на выбарах, калі да таго часу ня будуць вызваленыя палітвязьні.

У выступе перад зьездам старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў пра тое, што ўмовы выбараў у Беларусі не зьяўляюцца свабоднымі і дэмакратычнымі, і досьвед пачатку кампаніі гэта яшчэ раз пацьвярджае:

«Няма ніякіх падставаў спадзявацца на тое, што ўлада будзе праводзіць гэтыя выбары адкрыта, свабодна і справядліва».

Пры гэтым спадар Янукевіч прызнаў, што партыі трэба выкарыстаць «акно магчымасьцяў» для кантактаў зь людзьмі, якое адкрываецца пад час гэтай кампаніі:

«Мы зьбіраемся вылучаць нашых кандыдатаў, каб паказаць людзям, што ёсьць яшчэ апазыцыя, што яна працуе, што Партыя БНФ таксама працягвае дзейнічаць, бо ўлада імкнецца пераканаць людзей, што сёньня ўсе разьбегліся, што беларускіх дэмакратаў больш у Вільні, Варшаве, чым у Менску».



Дыскусію на зьезьдзе выклікала прапанова Сойму пацьвердзіць пазыцыю аб тым, што 15 верасьня вылучаныя БНФ кандыдаты будуць адкліканыя. Некаторыя дэлегаты даводзілі, што выбаршчыкі не зразумеюць такога кроку, што ня варта сьпяшацца з такім абяцаньнем. Такую думку ў прыватнасьці выказаў дэлегат са Слоніма Іван Шэга, патэнцыйны кандыдат на выбарах:

«Мы ж вылучылі ўмовы. Ну вось мы вылучылі ў акрузе 15 чалавек у камісіі, а раптам іх уключаць? Улада можа згуляць у такую гульню? Можа. А мы заявілі сёньня, што будзем здымацца. Трэба ж праяўляць палітычную гнуткасьць».

Такой лёгіцы запярэчыў дэлегат Зьміцер Дрыгайла:

«Амаральна ісьці ў дэпутаты, калі палітвязьні сядзяць у турмах. Так, мы ўдзельнічаем у кампаніі, але здымаем свае кандыдатуры за некалькі дзён да выбараў, калі сытуацыя ў краіне не памяняецца».

Дэлегат Леанід Аўтухоў з Гарадка перакананы, што ў БНФ павінна быць дакладная пазыцыя — здымацца з выбараў за 5 дзён да дня галасаваньня:

«Таму што ўдзел у выбарчай кампаніі да канца па сцэнару „Драздоў“ я лічу амаральным, калі людзі знаходзяцца за кратамі, а выбарчае заканадаўства не зьмянілася».

Рашэньне будзе ўхваленае на другой сэсіі зьезду БНФ 15 верасьня, заявіў «Свабодзе» старшыня партыі Аляксей Янукевіч, але якім яно будзе, ён сказаць пакуль ня можа:

«З улікам таго, як будзе праходзіць выбарчая кампанія, і будзе прынятае рашэньне, мы здымаем кандыдатаў ці не. Мы пацьвердзілі папярэдняе рашэньне Сойму БНФ пра абумоўленае вылучэньне, і будзем сачыць, ці будуць выкананыя нашыя ўмовы, а менавіта вызваленьне палітвязьняў і ўключэньне ўсіх нашых вылучэнцаў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі».

Зьезд БНФ вылучыў 38 кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў, а таксама ўхваліў Перадвыбарчую плятформу партыі , Стратэгію ўдзелу у парлямэнцкай кампаніі, Рэзалюцыю з палітычнай ацэнкай умоваў выбараў і Заяву «Свабоду Алесю Бяляцкаму! Свабоду палітвязьням!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG