Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як у пракуратуры змагацца з карупцыяй, калі няма свайго сьледзтва?»


Пракуратуру зноў нацэлілі на змаганьне з карупцыяй. Між тым адмыслоўцы кажуць пра неэфэктыўнасьць гэтай барацьбы бяз пэўных рэформаў у самой пракуратуры.

Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў дзейнасьць пракуратуры Беларусі ў барацьбе з карупцыяй. На нарадзе 2 жніўня ён наракаў на тое, што паміж сілавымі ведамствамі няма пэўнай каардынацыі, а Генэральная пракуратура «захапілася тэорыямі і заканадаўчымі пошукамі».

Былы сьледчы пракуратуры Алег Воўчак мяркуе, што крытыка слушная, але не прынясе плёну без рэфармаваньня самой пракуратуры. Паводле Алега Воўчака, барацьба з карупцыяй патрабуе ня толькі сьмеласьці і адказнасьці, але найперш самастойнасьці і шырокага арсэналу сродкаў. «Але калі ў пракуратуры адабралі самастойнае сьледзтва, пра такія якасьці варта забыць», — кажа Воўчак:

Алег Воўчак

Алег Воўчак

«З заснаваньнем Сьледчага камітэту ўвогуле зламалася каардынацыя паміж пракуратурай, МУС, КДБ і Сьледчым камітэтам. Карупцыя павялічылася, а пракуратура сама ёю не займаецца, толькі „каардынуе“. Я скептычна стаўлюся да таго, што пры такім падыходзе нешта зьменіцца. Нават калі прыйдуць маладыя, новыя пракуроры, наўрад ці яны зьменяць гэтую сыстэму. Трэба рэфармаваць кардынальна: пачынаць з падрыхтоўкі кадраў, у якіх была б самастойнасьць і сацыяльны пакет. Але галоўнае, каб генэральны пракурор прызначаўся не выканаўчай уладай, а сапраўдным парлямэнтам».

Праваабаронца Алег Воўчак заўважыў і тое, што апошнім часам пракуратура зусім перастала рэагаваць на заявы прадстаўнікоў грамадзкасьці аб парушэньні іхніх правоў. «Нашыя пракуроры ня хочуць сварыцца з выканаўчай уладай з-за правоў грамадзянаў. Тым больш яны ня стануць сварыцца з карумпаванымі чыноўнікамі».

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў — адзін з аўтараў праекту рэформы судовай сыстэмы, распрацаванай яшчэ ў канцы 1990-х гадоў. Рэформа Міхаіла Пастухова дагэтуль не знайшла падтрымкі ва ўладзе, але былы судзьдзя надалей працуе над праектам:

Міхаіл Пастухоў

Міхаіл Пастухоў

«Пракуратура павінна быць органам, які назірае за выкананьнем менавіта законаў і Канстытуцыі, а ня нейкіх іншых актаў, уключна з актамі прэзыдэнта. Другое, што нагляд з боку пракуратуры павінен быць не ўсеагульны, як зараз, а адрасны, кропкавы. Ён патрэбны там, дзе ёсьць скаргі на злачынствы, калі ідзе гаворка пра парушэньні правоў людзей, калі скардзяцца на перадузятасьць кантралёраў і гэтак далей. Інакш размываецца праца пракуратуры, яна ня можа ні на чым пэўна сканцэнтравацца. У той жа час пракуратура мусіць займацца і расьсьледаваньнем асобных катэгорыяў злачынстваў, у тым ліку карупцыйных».

Паводле Міхаіла Пастухова, Сьледчы камітэт трэба было арганізоўваць не пры прэзыдэнце, а як самастойную ўправу пры Пракуратуры:

«У гэтым выпадку сьледзтва ня будзе адарванае ад пракуратуры, што мы маем зараз. Таксама зараз пракуроры ня могуць назіраць за сьледчымі са Сьледчага камітэту, бо тыя падпарадкоўваюцца наўпрост прэзыдэнту».

У пракуратуры Беларусі «Свабодзе» паведамілі, што былы намесьнік генпракурора Віктар Конан, які курыраваў барацьбу з карупцыяй, звольніўся па ўласным жаданьні на пачатку ліпеня. На ягоным месцы ўжо працуе новы намесьнік, Аляксандар Архіпаў.

Прэсавы сакратар Генпракуратуры Пётар Кісялёў пацьвердзіў, што сьледчая ўправа па барацьбе з карупцыяй цалкам перайшла ў Сьледчы камітэт, але ў Пракуратуры застаўся аддзел, які займаецца каардынацыяй працы іншых органаў у барацьбе з карупцыяй:

«То бок каардынаваць іх працу, глядзець, дзе гэтыя моманты найбольш выяўляюцца. Мы і праверкі робім, працуем на апярэджаньне. Вось па Міністэрстве адукацыі правялі праверку, і адносна начальніка ўправы, якая лабіравала інтарэсы сваякоў, пракуратура ўнесла прапанову, і яе вызвалілі ад пасады. То бок працуем і на мяжы карупцыйнага злачынства, калі чалавек яе яшчэ не пераступіў, але падставы для рэагаваньня ўжо ёсьць».
XS
SM
MD
LG