Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: У актывісткі «Гавары праўду» арыштавалі аўто


Аксана Самуйлава

Аксана Самуйлава

На аўтамабіль актывісткі грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» з Магілёва Аксаны Самуйлавай наклалі арышт. Машына знаходзіцца на штрафстаянцы. Як паведамілі актывістцы супрацоўнікі дзяржаўтаінспэкцыі, нагодай для арышту сталася пастанова Кастрычніцкага суду Магілёва ад 18 чэрвеня 2012 году.

Самуйлава: «Мяне спынілі. Пачалі правяраць машыну праз рацыю, і высьветлілася, што на яе накладзены арышт з пастаноўкай на штрафстаянку. Абгрунтаваньне было пазначана ў адным радку: „Рашэньне суду Кастрычніцкага раёну ад 18.06.2012“. Супрацоўнікі ДАІ нічога не змаглі мне патлумачыць, што гэта азначае. Мне сказалі, што калі я не паеду зь імі, яны вымушаныя будуць выклікаць эвакуатар. На штрафстаянцы на мяне склалі два пратаколы: „Аб аглядзе затрыманай маёмасьці“ і „Аб адміністрацыйным затрыманьні транспартнага сродку“».

Аксана Самуйлава зьбіраецца балятавацца ў Палату прадстаўнікоў. На думку актывісткі, што гэтая акалічнасьць і стала падставай для арышту машыны:
Я плянавала дужа шмат часу праводзіць у паездках на асабістым аўтамабілі з Магілёва ў Бабруйск і назад.

«Я зьбіраюся вылучацца кандыдаткай у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у Бабруйску па тамтэйшай 79 выбарчай акрузе. Жыву я ў Магілёве. Я плянавала дужа шмат часу праводзіць у паездках на асабістым аўтамабілі з Магілёва ў Бабруйск і назад. Арышт машыны — гэта дзейсны спосаб прымусіць мяне пасядзець дома, ці прынамсі зрабіць маё жыцьцё не такім камфортным. Цяпер трэба езьдзіць альбо на маршрутках, альбо некага прасіць, каб мяне вазілі».

12 ліпеня Аксана Саймулава пойдзе ў суд, каб высьветліць, чаму ж яе машыну арыштавалі.

Гэты інцыдэнт з аўтамабілем Аксаны Самуйлавай — ня першы. Год таму ўзброеныя супрацоўнікі ДАІ спынялі актывістку з той прычыны, што яе машына «знаходзіцца ў вышуку». Незадоўга да гэтага міліцыя зь легкавіка спадарыні Самуйлавай канфіскавала вялікую партыю друкаванай прадукцыі «Гавары праўду».
XS
SM
MD
LG