Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: Актывістку «Гавары праўду» аштрафавалі


Аксана Самуйлава

Аксана Самуйлава

Рэгіянальнай каардынатарцы грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Аксане Самуйлаву суд Магілёўскага раёну прысудзіў штраф у памеры 25 базавых велічыняў (875 тысяч рублёў). Судзьдзя Ігар Іглікаў прызнаў актывістку вінаватай у распаўсюдзе друкаванай прадукцыі з парушэньнем заканадаўства.

Разгляд справы адбыўся 1 лістапада без Аксаны Самуйлавай. Пастанову суду яна забрала пасьля.

Самуйлава: «Самае цікавае ў пастанове — фармулёўка абвінавачаньня:

„3 верасьня Самуйлава ў сваёй машыне перавозіла, рухаючыся па аўтадарозе Магілёў-Бабруйск, без дакумэнтацыі з мэтаю распаўсюджваньня друкаваную прадукцыю пад назвай „Гавары праўду“ агульнай колькасьцю 38 тысяч асобнікаў і была спыненая супрацоўнікамі ДАІ каля вёскі Красьніца, і тым самым яна ўчыніла распаўсюджваньне прадукцыі“.

Я не разумею з гэтага нічога. Што да чаго? Гэта, калі шчыра, то поўнае трызьненьне. І за гэта я маю штраф.

Мне б нічога не пагражала, калі б перавозіла макулятуру ці туалетную паперу, а паколькі гэта прадукцыя апазыцыйнага характару, то й справу сфабрыкаваць можна. Цалкам стандартная для Беларусі палітычная справа і чаканы вырак у выглядзе немалога штрафу».

Усяго ў актывісткі канфіскавалі 3 верасьня, паводле пастановы суду, 38 тысяч 546 асобнікаў друкаванай прадукцыі кампаніі «Гавары праўду». Як кажа Аксана Самуйлава — гэта былі магілёўскія рэгіянальныя газэты, паштоўкі, улёткі. Сярод канфіскаванага была й прадукцыя, якую КДБ вярнуў акурат напярэдадні паўторнай канфіскацыі.

3 верасьня машыну актывісткі, у якой знаходзілася друкаваная прадукцыя, спынілі супрацоўнікі ДАІ на той падставе, што яна нібыта падобная да машыны, якой насьмерць зьбілі чалавека, і неабходна правесьці яе экспэртызу. Потым пад’ехалі й міліцыянты зь відэакамэрай.

Пасьля канфіскацыі прадукцыі, ужо ў Магілёве, позна ўвечары Самуйлаву зноў спынілі — гэтым разам узброеныя аўтаматамі міліцыянты. Яны паведамілі, што яе машына цягам сутак знаходзіцца ў вышуку і яе не пасьпелі зьняць з арыенціровак.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG