Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асад можа знайсьці прытулак у Беларусі?


Асад і Лукашэнка ў Менску 26 ліпеня 2010.

Асад і Лукашэнка ў Менску 26 ліпеня 2010.

Пра гэта паведаміла расейская газэта « Коммерсант --> http://kommersant.ru/doc/1973199 ». Яна цытуе супрацоўніка цэнтру міжнароднай бясьпекі Інстытуту сусьветнай эканомікі і міжнародных дачыненьняў РАН Уладзімера Сотнікава.

Паводле экспэрта, ня выключана, што «Масква правядзе перамовы з Беларусьсю і, каб лішні раз не раздражняць грамадзкую думку на Захадзе, угаворыць Менск прытуліць Асада — Лукашэнка да гэтага цалкам гатовы».

У інтэрвію нашаму радыё Ўладзімер Сотнікаў сказаў наконт агучанага ім варыянту наступнае:

Сотнікаў: «Гэта мая гіпотэза. Ніякіх канкрэтных фактаў у мяне няма. Але такой дамоўленасьці нельга выключаць, гэта было б, магчыма, зручна. Іншая справа, наколькі гэта задаволіць самога Асада. Ён на самой справе наўрад ці захоча ехаць некуды ў СНД. Ёсьць яшчэ адна краіна, якая магла б прапанаваць яму прытулак — гэта Іран, які зьяўляецца саюзьнікам Сырыі. Гэты варыянт больш рэальны, чым Беларусь».

РС: «Вы сказалі ў інтэрвію „Коммерсанту“, што Лукашэнка „цалкам гатовы“ на такі варыянт. А чаму? Ён можа разьлічваць у пэрспэктыве палепшыць адносіны з Захадам, а „баляст“ у выглядзе Асада ў Менску наўрад ці будзе спрыяць гэтаму».

Сотнікаў: «Вы мае рацыю. Сапраўды, Лукашэнка, магчыма, хацеў бы палепшыць адносіны з Захадам. Ён адсочвае сытуацыю і напэўна не ў яго інтарэсах канчаткова псаваць стасункі з Захадам. Тут ключавы момант тое, што ў адрозьненьне ад былых зрынутых лідэраў СНД, кшталту Бакіева, Башар Асад — гэта адыёзная постаць. Напэўна, у яго застаецца выбар толькі Іран. Магчыма, Вэнэсуэла. Калі яго не ліквідуюць да таго».

Паводле канфідэнцыйных крыніц «Коммерсанта» ў МЗС РФ, менавіта краіны Захаду пераконваюць Расею даць Асаду прытулак. Сам прэзыдэнт Асад ўпершыню даў зразумець, што не адпрэчвае варыянт добраахвотнага сыходу са сваёй пасады. Аднак Масква пакуль на такі варыянт не згаджаецца.

Выданьне нагадвае, што пасьля жэнэўскай міжнароднай канфэрэнцыі па Сырыі, якая адбылася на мінулым тыдні дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан і кіраўнік МЗС Францыі Ляран Фабіюс ў адзін голас заявілі, што «Асаду давядзецца сысьці». На гэта крыніца «Коммерсанту» ў дэлегацыі РФ параіла ім прачытаць прыняты ў Жэнэве выніковы дакумэнт, дзе падобных тэзаў няма: Масква дамаглася таго, каб імя Асада ня згадвалася ў жэнэўскай дэклярацыі, там толькі зафіксавана, што будучыню краіны павінны вызначыць самі сырыйцы.

Аднак ЗША трактуюць гэта як ускосную згоду Масквы на сыход Асада. «Расейцы маюць рацыю, калі кажуць, што Асад ў дакумэнце ня згадваецца. Але выніковы дакумэнт складзены так, што рашэньні будуць прымаць сырыйцы, і няма ніякіх шанцаў, што яны дазволяць Асаду заставацца ва ўладзе», — заявіла прэсавы сакратар дзярждэпартамэнту ЗША Вікторыя Нуланд.

Задачу палегчыў сам прэзыдэнт Сырыі. У апублікаваным ўчора інтэрвію турэцкай газэце Cumhuriyet ён упершыню ясна заявіў аб тым, што гатовы сысьці са сваёй пасады, калі пераканаецца, што гэты крок прывядзе да ўрэгуляваньня канфлікту.

У свой час у Расеі знайшлі прытулак многія замежныя лідэры, якія былі адхіленыя ад улады: былы генсек кампартыі ГДР Эрых Хонекер, былы прэзыдэнт Азэрбайджану Аяз Муталібаў, былы кіраўнік Аджарыі Аслан Абашыдзэ, былы прэзыдэнт Кіргізстану Аскар Акаеў. У Беларусі атабарыўся яшчэ адзін былы кіргіскі кіраўнік, пераемнік Акаева Курманбек Бакіеў.

У свой час Аляксандар Лукашэнка рабіў намёкі на магчымасьць прытулку ў Беларусі для Слабадана Мілошавіча, Садама Гусэйна і Муамара Кадафі.
XS
SM
MD
LG