Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь падпісала дамову аб выкарыстаньні крэдыту на будаўніцтва АЭС


Міністэрства фінансаў і міністэрства энэргетыкі Беларусі, Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі і «Банк БелВЭБ» падпісалі дамову ў справе выкарыстаньня і пагашэньня дзяржаўнага экспартнага крэдыту, які дае ўрад Расіі на будаўніцтва беларускай АЭС. Пра гэта агенцтву Delfi паведамілі ў «Банку БелВЭБ».

Як адзначылі ў банку, дамова вызначае парадак узаемадзеяньня і абавязацельствы беларускага і расійскага бакоў пры рэалізацыі міжурадавага крэдытнага пагадненьня на суму да 10 мільярдаў даляраў для фінансаваньня да 90% кошту кантрактаў паміж расійскім «Атамбудэкспартам» і беларускай Дырэкцыяй будаўніцтва атамнай электрастанцыі .

Гэтая дамова дасьць магчымасьць Беларусі пачаць выкарыстоўваць расейскі крэдыт адразу пасьля таго, як мінфін Расеі зацьвердзіць рашэньне аб прыняцьці кантрактаў да фінансаваньня.

Дзяржкарпарацыя «Банк развіцця і знешнеэканамічнай дзейнасці (Знешэканомбанк)» і «Банк БелВЭБ» зьяўляюцца банкамі-агентамі па абслугоўваньні дзяржаўнага экспартнага крэдыту Расіі.

Як заявіў першы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка, Беларусь і Расія ў ліпені падпішуць генэральны кантракт на будаўніцтва беларускай атамнай электрастанцыі. На Астравецкай пляцоўцы ўжо прыступілі да распрацоўкі катлавана пад першы энэргаблёк беларускай АЭС.

Намер пабудаваць АЭС выклікаў неадназначную рэакцыю ў грамадзтве, шэраг экалягічных арганізацыяў скрытыкавалі гэты праект. Шмат якія актывісты, якія ладзілі акцыі пратэсту, падвяргаліся перасьледу.
XS
SM
MD
LG