Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Аун Сан Су Чжы ў Лёндане, у Варшаве — футбол, а ў Менску — дажджы


Ужо сёньня 21 чэрвеня
Ужо сёньня 21 чэрвеня

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі — 21 чэрвеня

НАДВОР’Е:

Па большай частцы тэрыторыі Беларусі прагназуюць дажджы, месцамі магчымыя навальніцы. Толькі ў некаторых усходніх раёнах без ападкаў. Тэмпэратура ад +18 да +23, на Берасьцейшчыне да +30.

У БЕЛАРУСІ І Ў СЬВЕЦЕ

У судзе Першамайскага раёну Менску адбудзецца чарговае паседжаньне па справе былога палітвязьня Андрэя Бандарэнкі, які абвінавачвае Белтэлерадыёкампанію ў зьнявазе гонару і годнасьці. Пачатак ў 10.00.

У Берасьці пачнецца міжнародны фэстываль гістарычнай рэканструкцыі падзеяў 1941 году. Галоўная імпрэза пачнецца 22 чэрвеня ў 5.30.

У Лёндане м’янмская дысыдэнтка Аун Сан Су Чжы выступіць перад брытанскім парлямэнтам.

У Маскве міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прэзэнтуе справаздачу «Заганнае кола несправядлівасьці: спэцапэрацыі і парушэньні правоў чалавека ў Інгушэціі».

На Эўра-2012 пройдзе першы чвэрцьфінальны матч — у Варшаве Чэхія згуляе супраць Партугаліі.

У вечаровым эфіры Свабоды — падарожжа Зьмітра Бартосіка ў вёску Карабы на Глыбоччыне, у перадачы «Вашы дзеці» Свабода ў гасьцях у сям’і Наўродзкіх-Вашчанкаў, Валянцін Жданко аглядае лісты слухачоў, а ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды» пра дзьве кнігі пад агульнай назвай «Беларуская Атлянтыда» гутарка зь іх аўтарам Вячаславам Ракіцкім.

Паважаныя слухачы! Дапамажыце больш поўна прадставіць беларускі дзень — дашліце інфармацыю пра плянаваныя падзеі, якія будуць цікавыя нашым чытачам, на адрас svaboda@rferl.org.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


У 1741 годзе нарадзіўся Жан Жылібэр — французскі натураліст, хірург, стваральнік і кіраўнік Гарадзенскай мэдычнай акадэміі. У Горадні ён таксама заснаваў акушэрскую і вэтэрынарную школы, клінічны шпіталь і батанічны сад.

У 1937 годзе загінуў Мікалай Галадзед, старшыня Саўнаркаму БССР (7 траўня 1927–30 траўня 1937). Яго арыштавалі ў Маскве 14 чэрвеня 1937 году і скіравалі ў Менск, дзе ў час допыту ён выкінуўся з вакна 5-га паверху.

У 1941 годзе нарадзіўся Арнольд Макмiлiн, брытанскі філёляг-славіст, прафэсар, папулярызатар беларускай літаратуры.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«Я хацеў бы жыць у ХVІІІ стагодзьдзі з умовай, калі б было шмат грошай. Гэта век прыгажосьці, мастацтва, музыкі, і наогул, здаецца, вельмі добры, элегантны век: Моцарт, Гайдн, мастакі Гейнзбар, Стабз. Гэта вялікі век для нябедных, хоць большасьць людзей у той час былі напалову граматнымі. Але вяршкі грамадзтва жылі лепш, чым у ХІХ ці ХХ стагодзьдзях. У ХVІІІ стагодзьдзі я жыў бы ў сваім замку ў Англіі і нічога ня ведаў бы пра Беларусь. Калі б не якія-небудзь выпадковыя знаёмствы з Радзівіламі…»
Арнольд Макмiлiн

ГОД ТАМУ Ў ЗАГАЛОЎКАХ НА САЙЦЕ «СВАБОДЫ»:

Ні валюты, ні Пракаповіча…

Судовыя выканаўцы наведалі кватэру Пачобутаў

Каго Эўразьвяз дадаў да «чорнага сьпісу»

МЗС Расеі — супраць санкцыяў Эўразьвязу

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG