Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьце плынь нелегальных мігрантаў з Беларусі ў Эўразьвяз


Ад пачатку года на ўчастку Берасьцейская памежнай групы колькасьць нелегалаў павысілася ў два разы.

Берасьцейскія памежнікі затрымалі 71 парушальніка мяжы, або на 30 чалавек больш чым за аналягічны пэрыяд мінулага году. Нелегальных мігрантаў у іх ліку аказалася 36 чалавек, інфармуе агенцтва БелТА са спасылкай на начальніка прэс-службы Берасьцейскай памежнай Аляксандра Кіслова.

Па словах Аляксандра Кіслова, традыцыйна нелегальным спосабам спрабуюць трапіць у Эўразьвяз выхадцы з краін афра-азіяцкага рэгіёну. Аднак у апошні час адзначаецца рост колькасьці нелегальных мігрантаў — выхадцаў з краін СНД. З 36 чалавек, затрыманых на ўчастку Берасьцейскай памежнай групы ў 2012 годзе, гэта кожны трэці — пераважна выхадцы з каўказскага рэгіёну і Сярэдняй Азіі.

Як паведаміў Аляксандр Кіслоў, усе затрыманыя нелегалы праходзяць дбайную праверку на дачыненьне да супрацьпраўных дзеяньняў. Цяперашнія затрыманыя былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці, а затым адпушчаныя з дэпартацыяй або без. Свае дзеяньні нелегалы ў асноўным тлумачаць пошукам лепшага жыцьця, жаданьнем знайсьці працу.

Пытаньне аховы беларускай мяжы з Эўразьвязам ў апошнія месяцы набыло палітычную афарбоўку. У красавіку ў прэсу трапіла інфармацыя з Дзяржаўнагага памежнага камітэта пра тое, што ва ўмовах санкцый Беларусь перагледзіць падыходы да арганізацыі аховы мяжы з краінамі ЭЗ.

Гэта пацьвердзіў і кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас рабочага візыту у Магілёўскую вобласьць 26 красавіка, заўважыўшы «як толькі мы ледзь-ледзь аслабілі (кантроль на выезд у краіны ЭЗ), яны там атрымалі цэлую хвалю нелегалаў з Аўганістану, Пакістану і Азіі».
XS
SM
MD
LG