Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У адказ на санкцыі — адкрытая мяжа для мігрантаў

абноўлена

Ва ўмовах санкцый з боку Эўрапейскага Зьвязу Беларусь пераглядае свае падыходы да арганізацыі аховы мяжы з краінамі ЭЗ. Як паведаміла агенцтву БелаПАН крыніца ў Дзяржаўным памежным камітэце, улічваючы сытуацыю, якая склалася, і зыходзячы з сваіх магчымасьцяў, беларускае памежнае ведамства пераходзіць да ажыцьцяўленьня аховы мяжы (кантрабанда, нелегальная міграцыя і г. д.) паводле такога самага прынцыпу, якім кіруюцца краіны-суседзі.

Гаворка ідзе пра тое, што прыярытэт будзе аддадзены кантролю за ўездам у Беларусь, тады як раней намаганьні па забесьпячэньні памежнай бясьпекі на ўезд і выезд былі разьмеркаваны раўнамерна.

Ужо цяпер вядома, што для ўзмацненьня аховы ўчастку мяжы з Украінай, у мэтах прадухіленьня кантрабанды і напярэдадні футбольнага чэмпіянату «Эўра-2012» туды перакідваецца частка сіл і сродкаў органаў памежнай службы з заходняга і паўночна-заходняга ўчасткаў мяжы.

Такую рэч, як мяжа, палітызаваць небясьпечна, але цяпер нас паставілі ў такія ўмовы
.

«Такую рэч, як мяжа, палітызаваць небясьпечна, але цяпер нас паставілі ў такія ўмовы. Любыя санкцыі ў першую чаргу адбіваюцца на мяжы. Раней мы вельмі шмат працы рабілі за нашых заходніх калегаў, якія дазваляюць сабе страйкаваць. Часьцяком яны толькі атрымлівалі ад нас інфармацыю аб тым, што мы кагосьці не прапусьцілі, прадухілілі ўвоз на іх тэрыторыю чагосьці З санкцыямі яны трапілі ў сваю ж пастку Таму што цяпер пытаньні бясьпекі мяжы давядзецца пераглядаць з улікам нашых рэальных магчымасьцяў і працаваць, як працуюць яны — на ўезд Пры гэтым, натуральна, свае пытаньні бясьпекі на мяжы на выезд з краіны памежнае ведамства будзе забясьпечваць ў поўным аб’ёме», — заявіла крыніца ў памежным ведамстве Беларусі.

Акрамя таго, ён зьвярнуў увагу на тэхнічныя аспэкты аховы польскага ўчастку мяжы. Сыстэма, якая дзейнічае там з савецкіх часоў, даўно вычарпала свае рэсурсы і патрабуе замены на больш сучасную, адзначыў суразмоўца. Толькі на яе ўтрыманьне за год выдаткоўваецца 3 млрд. рублёў. Пры гэтым камплектуючыя да такой сыстэмы даўно не вырабляюцца. Хоць, па словах суразмоўцы агенцтва, польскі бок гэтая шматпрофільная эшалянаваная сыстэма вельмі задавальняе. Сама ж Польшча на мяжы зь Беларусьсю мае толькі «лёгкую» сыстэму аховы.

Мілінкевіч: У 21 стагодзьдзі ня так будуюцца стасункі

Лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч назваў уведзеныя афіцыйным Менскам зьмены аховы мяжы з краінамі Эўразьвязу «дзіцячай рэакцыяй на санкцыі».

«Беларусь абсалютна сьвядома і разумна брала на сябе абавязкі перад ЭЗ па супрацьстаяньні нелегальнай міграцыі. Ну, а сёньня, паколькі ЭЗ справядліва рэагуе на наяўнасьць палітвязьняў, то вось мы вам пакажам кукіш у кішэні, ня будзем бараніць вашыя межы. Гэта такі комплекс краіны, якая не адбылася як самастойная. То мы пераацэньваем сваё стратэгічнае значэньне, бо мы транзытная краіна. То мы пачынаем палохаць тым, што мігранты пойдуць. То нагадваем,што кожны трэці беларус загінуў, таму вы нам абавязаныя. У 21 стагодзьдзі ня так будуюцца стасункі. І мне проста так сумна, што беларускія ўлады ідуць на такія крокі».


Цішчанка: Чаму такая паніка па гэтым фармаце?


Начальнік прэсавага цэнтру Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Аляксандар Цішчанка паведаміў карэспандэнту Свабоды, што беларускія памежнікі затрымалі ў мінулым годзе каля 300 нелегальных мігрантаў. А патэнцыяльных нелегальных мігрантаў атрымліваецца прыкладна паўтары дзесятка тысяч.

Эканоміка, якая падлягае санкцыям, ці можа яна несьці дадатковыя нагрузкі? Як будзе мяняцца эканоміка, так будзе мяняцца і ўсё астатняе. Мы нічога такога асаблівага ня робім
Начальнік прэсавага цэнтру Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Аляксандар Цішчанка

Камэнтуючы новы фармат аховы мяжы з краінамі ЭЗ Цішчанка адзначыў: «Эканоміка, якая падлягае санкцыям, ці можа яна несьці дадатковыя нагрузкі? Як будзе мяняцца эканоміка, так будзе мяняцца і ўсё астатняе. Мы нічога такога асаблівага ня робім. Ці Якая-небудзь краіна не аддае прыярытэт ахове мяжы на ўезд? Мы ж тут нічога не звычайнага не разглядаем. Тым больш, што пытаньні аховы мяжы дынамічныя. Будзем цікавіцца найперш тыми, хто ўяжджае. Так робяць і суседзі, і Нямеччына. Так робяць усе.

Ці будзе нямецкі ці польскі памежнік глядзець хто куды выяжджае? Ён будзе глядзець хто куды ўяжджае. Ніякіх парушэньняў дамоўленасьцяў тут няма. Калі мы забясьпечвалі такі ж максымум увагі на выезд, то гэта было больш ініцыятыўна. Калі ў Польшчы не хапае сродкаў утрымліваць сілы, яны скарачаюць іх. У сувязі з фарматам эканоміі, бюджэтам ці яшчэ што. Чаму такая паніка па гэтым фармаце?»

Адносна ўзмацненьня аховы ўчастку мяжы з Украінай напярэдадні футбольнага чэмпіянату «Эўра-2012», куды перакідваецца частка сіл і сродкаў органаў памежнай службы з заходняга і паўночна-заходняга ўчасткаў мяжы, Цішчанка сказаў: «У гэтым выпадку я ня бачу ніякіх праблем, каб забясьпечыць павышаны ўзровень бясьпекі ва ўмовах правядзеньня чэмпіянату Эўропы. Няўжо гэта дрэнна? Тым больш, што на гэтым участку будуць ісьці транзытам вялікія пасажырскія і транспартныя патокі. Гэта што супярэчыць пытаньням памежнай бясьпекі? Не.

Тым больш, вопыт украінскіх калегаў па гэтым пытаньні, які яны атрымаюць, падчас „Эўра — 2012“ будзе карысны для нас на будучыню, на чэмпіянат сьвету па хакеі 2014 года».


Алесін: Паслабленьне выязнога рэжыму можа моцна ўдарыць па інтарэсах Заходняй Эўропы


Аглядальнік газэты «Беларусы і рынак» Аляксандар Алесін адзначае, што афіцыйны Менск раней намякаў,што адкажа асімэтрычна на нарошчваньня санкцый:

«Паслабленьне выязнога рэжыму можа моцна ўдарыць па інтарэсах Заходняй Эўропы. І напярэдадні абмеркаваньня беларускага пытаньня, гэта свайго роду дэмарш, засьцярога. Пра тое, што ціск не прывядзе да выніку заявіў і Макей.

Я думаю, Лукашэнка крыху пакрыўджаны, ён не чакаў, што замест такой добразычлівай рэакцыі будзе ўзмацненьне ціску, каб ён вызваліў астатніх. І таму, трэба ведаць гэтага чалавека, ён будзе дзейнічаць супраць лёгікі. Тут будуць меры, якія будуць абвастраць стасункі. Гэта рэальная пагроза, якую тэхнічна можна лёгка прывесьці ў дзеяньне.

У Беларусь за год зьвяртаецца ад некалькіх дзесяткаў да соцень тысяч людзей, якія разглядаюць яе ў якасьці транзытнай тэрыторыі для выезду ў ЭЗ. Існуе служба актыўных апэрацый памежнага камітэту, якая адсочвае рух гэтых людзей, кантралюе і стрымлівае гэты паток на прымальным узроўні. Гарантаваць, што усе 100% гэтых транзытэраў-мігрантаў будуць затрыманыя нельга. Таму ў гэтым пляне зрабіць непрыемнасьці Эўропе вельмі лёгка. Дастаткова гэты кантроль паслабіць за гэтымі людзьмі.

Плыня непажаданых мігрантаў у Эўропу павялічыцца. Калі кантроль будзе хаця б крыху паслаблены, то адзінкавыя выпадкі стануць сыстэматычнымі. Там таксама памежная служба не гатова, калі адбудзецца рэзкае павелічэньне выяжджаючых. Гэта запатрабуе ўмацаваньня памежных структур, і фінансава і тэхнічна. І зойме пэўны час. І таму ў гэты прамежак часу мода прасачыцца значная колькасьць непажаданых мігрантаў у Эўропу. Я думаю, што і па гэты і па той бок мяжы ўсьведамляюць рэальнасьць гэтай пагрозы. І Менск заўсёды можа спаслацца на тое, што ў яго не хапае грошай. Гэта такая лукавая тактыка. Гэта сур’ёзны аргумэнт для Эўропы за тое, каб не абвастраць стасункі зь Менскам».




Даведка БелаПАН: За апошнія 10 гадоў Эўракамісія на ажыцьцяўленьне праектаў у сфэры кіраваньня межамі ў Беларусі выдаткавала больш за 50 мільёнаў эўра. У бліжэйшыя гады на гэтыя мэты плянуецца выдаткаваць яшчэ каля 40 мільёнаў эўра.

Прыкладна 20 млн эўра ЭЗ плянуе ўкласьці ў рэканструкцыю чатырох пунктаў перасячэньня мяжы ў рамках дзьвюх праграм памежнага супрацоўніцтва ў 2012–2013 гадах.

Эўракамісія ўзяла на сябе 90% фінансаваньня рэканструкцыі пункту пропуску «Пясчатка» на беларуска-польскай мяжы, выдзеліўшы на гэтыя мэты 10,9 млн эўра.

Апошнім буйным праектам, які рэалізавала ў Беларусі Эўракамісія ў сфэры ўладкаваньня межаў, стаў «Бомбел-3» у міжнародным пункце пропуску «Рудоўка — Лясная» (Гродзенская вобласьць). ЭЗ уклаў у «Бомбел-3» 7 млн эўра.

Яшчэ 2,6 млн эўра ЭК укладзе ў рэалізацыю беларуска-ўкраінскага праекту па павышэньні эфэктыўнасьці кантролю на мяжы паміж дзьвюма краінамі і эфэктыўнасьці кіраваньня мяжой.

Асноўнай мэтай двухгадовага праекту тэхнічнай дапамогі Беларусі было стварэньне сучаснай сеткі камунікацыяў па ўсёй даўжыні беларуска-польскай мяжы. Такая інфраструктура дазваляе ўжываць сучасныя сродкі біямэтрычнага кантролю і праграмнае забесьпячэньне для электронных мытных дэклярацыяў, забясьпечвае доступ да міжнародных базаў дадзеных на пунктах перасячэньня мяжы. Сеткай будуць карыстацца беларускія памежныя і мытныя службы.

На закрыцьці праекту ў лістападзе мінулага году кіраўніца прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі Майра Мора заявіла: «Дапамагаючы Дзяржаўнаму пагранкамітэту Беларусі нарошчваць свой патэнцыял, мы дапамагаем скарачаць час транзыту, спрыяем разьвіцьцю турызму і бізнэсу ў Беларусі, разьвіцьцю законнага гандлю паміж краінамі, а таксама пашырэньню кантактаў паміж людзьмі».

«Бомбел-3» стаў самым буйным праектам стварэньня аб’ектаў тэлекамунікацыйнай інфраструктуры ў Беларусі, рэалізаваным за грошы Эўрапейскага Зьвязу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG