Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былому сьледчаму Андрэю Пыжыку пагражае экстрадыцыя з Польшчы


Андрэй Пыжык. Фота: Белсат

Андрэй Пыжык. Фота: Белсат

Андрэя Пыжыка, які жыве ў мястэчку Брвінуў (Brwinów) пад Варшавай, у аўторак запрасіў да сябе мясцовы участковы Лукаш Сырэк на размову ў справе статусу ўцекача — спадар Пыжык ніяк ня можа гэты статус атрымаць.

11.00 У офісе Нацыянальнага бюро Інтэрполу ў Беларусі на запыт Радыё Свабода, чаму Пыжыка абвесьцілі ў міжнародны вышук, заявілі: такая інфармацыя зьяўляецца канфыдэнцыйнай і для прэсы не разгалошваецца.

Паводле словаў жонкі былога сьледчага, у пастарунку яго затрымалі, а ёй паведамілі, што мужа «цягам некалькіх дзён» дэпартуюць у Беларусь, бо гэтага праз Інтэрпол патрабуе афіцыйны Менск.

Аднак паводле польскага заканадаўства рашэньне пра выдачу той ці іншай асобы ў краіну, якая гэтай выдачы дамагаецца, прымае суд. Судовае паседжаньне ў справе спадара Пыжыка павінна адбыцца ў бліжэйшы час.

На момант падрыхтоўкі тэксту дадзеных пра вышук Андрэя Пыжыка на афіцыйнай старонцы Інтэрполу не было.

Пыжык выступіў сёлета ў якасьці экспэрта ў дакумэнтальным фільме тэлеканалу «Белсат» «Страх у краіне спакою», што прысьвечаны выбухам у менскім мэтро.

Жонка Андрэя Пыжыка Юлія паведаміла «Белсату», што муж «пасьпеў перадаць цыдулку, у якой зьвязвае сваё затрыманьне з тым, што выказваўся ў фільме «Страх у краіне спакою».



Былы сьледчы з Жодзіна Андрэй Пыжык зьехаў зь Беларусі ў 2007 годзе, калі адмовіўся, як ён цьвердзіць, распачаць крымінальную справу супраць былога «аўганца» Аляксандра Камароўскага падчас мясцовых выбараў. Пыжык адкрыта распавёў, як у Беларусі фабрыкуюць «палітычныя справы» ды зьвярнуўся ў Польшчы па палітычны прытулак, але рашэньне ў ягонай справе увесь час адкладаецца.

24 траўня прадстаўнікі беларускіх арганізацыяў заклікалі польскія ўлады прысьпешыць разгляд справаў дзьвюх беларускіх уцекачоў, у тым ліку і Андрэя Пыжыка. У лісьце ад імя Маладога фронту, Партыі БХД, Эўрапейскай Беларусі ды іншых арганізацыяў утрымліваецца просьба аб сустрэчы з кіраўніком Управы ў справе замежнікаў спадаром Рафалам Рагялям і кіраўніком аддзелу ў справе ўцекачоў Анджэем Карпякам, у часе якой актывісты маюць намер «прадставіць сапраўдны фактычны стан рэчаў» у справах Андрэя Пыжыка і іншага ўцекача Валера Грыцука.
XS
SM
MD
LG