Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі прэзэнтавалі беларускамоўную рэкляму


З0 траўня ў Гомелі ладзілася прэзэнтацыя Трэцяга фэсту беларускамоўнай рэклямы і камунікацыі AD.NAK!.

Яе арганізатарам выступіў аргкамітэт, створаны нацыянальнай культурніцкай кампаніяй «Будзьма беларусамі!». Партнэрам ў гэтай справе стаў спэцыялізаваны інтэрнэт-рэсурс Маrketing.by, а дапамогу ў Гомелі аказала моладзевая краяўнаўчая суполка «Талака».

Прэсавы сакратар кампаніі «Будзьма беларусамі!» Алесь Плотка: «Мы рабілі сэрыю прэзэнтацый нашага фэсту ўвосень — былі ў Магілеве, Гародні й Берасьці. Вось зараз дабраліся да Гомеля. Мэта нашага візыту — заахвоціць рэклямістаў Гомельшчыны актыўней падавацца на фэст, выяўляць лепшыя прыклады беларускай рэклямы, створаныя за апошнія 2-3 гады».

Рэклямісты рэгіёну бачаць, што трэба неяк вылучыцца з расейскамоўнага асяродку і запачаткоўваць сваю «беларускамоўную разынку». Пра гэта сьведчаць прыклады постараў і наагул вонкавай рэклямы на беларускай мове.
Толькі дзякуючы роднай мове можна вылучыць свой прадукт сярод іншых і такім чынам перамагаць.

Старшыня гомельскай краязнаўчай суполкі «Талака» Яўген Меркіс вылучае беларускамоўную рэкляму «Трастбанку» ў тралейбусах , бігборд кандыбарскай фабрыкі «Спартак». На думку грамадзкага актывіста, «беларускамоўная рэкляма ў Гомелі будзе пераважаць тады, калі грамадзтва, прадстаўнікі розных фірмаў зразумеюць, што толькі дзякуючы роднай мове можна вылучыць свой прадукт сярод іншых і такім чынам перамагаць».

На прэзэнтацыі фэсту AD.NAK! прагледзелі працы пераможцаў папярэдніх беларускіх і найвядомейшых сусьветных фэстаў, зладзілі майстар-клясу па сучасных трэндах і тэхналёгіях будовы камунікацыі ў рэкляме й маркэтынгу.

Арганізатары сёлетняга фэсту разьлічваюць, што ён дасьць новы штуршок ў разьвіцьці рэклямна-камунікацыйнага рынку Беларусі.
XS
SM
MD
LG