Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Улады ігнаруюць подпісы жыхароў Сьветлагорску


Сябры ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў жыхароў Сьветлагорску супраць будаўніцтва ў горадзе заводу беленай цэлюлёзы сталі атрымліваць першыя адказы на свае звароты ў адміністрацыю прэзыдэнта, урад і амбасаду Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі.

У прыватнасьці, лісты з Саўміну атрымалі Тацяна Куган і Аляксандар Міронаў. Допісы падобныя: «Ваш зварот, які паступіў у апарат Савету Міністраў з Адміністрацыі Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь 16 траўня 2012 году, накіраваны для разгляду ў канцэрн „Беллеспаперапрам“ з просьбай паведаміць Вам пра вынікі». Падпісаны ліст намесьніцай начальніка аддзелу пісьмаў і прыёму грамадзянаў апарату Саўміну Л. Астроўскай.

Міронаў: «Я думаю, што наша праблема, наша здароўе і прэзыдэнту, і ўраду надзвычай далёкія. Бачна, што яны не разглядалі зварот па сутнасьці. Відаць, для іх 10 тысяч подпісаў — пусты гук».

Спадар Міронаў згадвае, што калі яны зьбіралі подпісы, склалася ўражаньне, што 98 адсоткаў сьветлагорцаў супраць будоўлі на ўскрайку гораду яшчэ аднаго заводу хімічнай вытворчасьці — на дадатак да цяперашніх ВА «Хімвалакно» і цэлюлёзна-кардоннага камбінату.

На адзін подпіс у зьбіральнікаў ішло ў сярэднім 4 хвіліны. Гэта сьведчыць пра тое, наколькі балючая тэма будаўніцтва новай хімічнай вытворчасьці для жыхароў 70-тысячнага Сьветлагорску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG