Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сьветлагорску мясцовы райвыканкам і райсавет адмовіліся стварыць грамадзкую камісію дзеля вывучэньня экалягічных наступстваў завода па вытворчасьці сульфатнай беленай цэлюлёзы, які зьбіраюцца будаваць у горадзе. Многія гараджане абураныя гэтым рашэньнем. Сярэдняя працягласьць жыцьця ў Сьветлагорску і без гэтага завода — 49 гадоў.

Афіцыйная адмова выкладзена ў лісьце за подпісамі старшыняў выканкаму й райсавету Сяргея Максіменкі й Галіны Філіповіч. Пры гэтым мясцовыя чыноўнікі спасылаюцца на Орхускую канвэнцыю, у якой стварэньне грамадзкай камісіі альбо кансультатыўнай рады наагул не прадугледжана.

Былы настаўнік са Сьветлагорску Тэльман Масьлюкоў, адзін з 12 гараджанаў, якога грамада вылучыла каардынатарам грамадзкай камісіі, лічыць, што цэнтралізаваная «вэртыкаль» й падкантрольныя ёй саветы ня здольныя вырашаць мясцовыя пытаньні ў згодзе з думкаю мясцовага насельніцтва:

Тэльман Масьлюкоў

Тэльман Масьлюкоў

«Паколькі ў нас органы мясцовага кіраваньня — частка дзяржаўнай улады, а не самастойная ступень, як у краінах Эўропы, то ім даводзіцца выконваць тыя ўказаньні, якія паступаюць ад ураду. І, відаць, яны атрымалі ўжо ўказаньне спрыяць будаўніцтву гэтага прадпрыемства ў горадзе. І таму стварэньне грамадзкай камісіі не стасуецца з гэтымі плянамі».

Прапанова мець грамадзкую камісію агучана была сёлета ў студзені на сходзе ў гарадзкім цэнтры культуры. Акурат тады й абмяркоўвалася справаздача рэспубліканскага навукова-дасьледчага прадпрыемства «БелНДЦ «Экалёгія» наконт будаўніцтва заводу беленай цэлюлёзы.

Многія ўдзельнікі сходу прапаноўвалі адмовіцца ад будоўлі яшчэ аднаго хімічнага прадпрыемства ў горадзе, бо экалягічная сытуацыя й без таго складаная. Аднак вядоўцы сходу зь ліку чыноўнікаў райвыканкаму працівіліся галасаваньню й ня сталі нават абіраць грамадзкую камісію. Яе стварылі самі гараджане, прапанаваўшы выканкаму ўвесьці ў яе склад сваіх прадстаўнікоў і афіцыйна зацьвердзіць. Выканкам гэтага рабіць ня стаў. Спаслаўся на тое, што, маўляў, камісія ўжо існуе — у складзе прадстаўнікоў улады, экалягічнай інспэкцыі, цэнтру гігіены й цэлюлёзна-кардоннага камбінату.

Гараджанін спадар Юрый: «Будаваць такі завод, атрымліваць валюту, зарабляць грошы, ахвяруючы жыцьцямі людзей, — я лічу, гэта няправільна».

Новае хімічнае прадпрыемства ў Сьветлагорску, на дадатак да аб’яднаньня «Хімвалакно», цэлюлёзна-кардоннага камбінату, ЦЭЦ, улады мяркуюць «пасадзіць» паміж гарадзкімі кварталамі й вёскай Якімава Слабада.

Аднак ужо цяпер, як вынікае з інфармацыі навукова-дасьледчага цэнтру «Экалёгія», мяжа дапушчальнай канцэнтрацыі серавадароду на ўскрайку вёскі Якімава Слабада перавышана ў 2,4 раза, серавугляроду — у 4,9 раза. Па іншых групах шкодных рэчываў — аміяку, фармальдэгідзе, дыяксідзе серы, дыніле — супольнае перавышэньне ў 2,8 раза. Сярэдняя ж працягласьць жыцьця ў Сьветлагорску — усяго 49 гадоў.

Гаворыць спадарыня Іна: «Любы рух наперад, любое разьвіцьцё грунтуецца на дыялёгу паміж уладай і грамадзтвам. У нашым горадзе недастаткова гэтага сацыяльнага капіталу».

Яшчэ больш катэгарычную думку выказвае наконт намеру ўладаў збудаваць побач з горадам вытворчасьць сульфатнай беленай цэлюлёзы спадар Анатоль:

«Адпачатку ўжо закладаюць пад горад міну замаруджанага дзеяньня — пад здароўе людзей. Арганізаваная групоўка зьбіраецца ўчыніць акт экалягічнага тэрарызму супраць жыхароў гораду, калі ўжо загадзя вядома, што канцэнтрацыі шкодных выкідаў ужо цяпер вышэйшыя, чым дапушчальныя».

Сьветлагорцы рыхтуюць пратэстны ліст у аблвыканкам. Адначасова сябры грамадзкай камісіі мяркуюць праз адмысловы зварот паінфармаваць гараджанаў, якую пагрозу нясе для здароўя людзей будаўніцтва новай хімічнай вытворчасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG