Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік «Крэдэксбанк» абвяргае абвінавачваньні Мінфіну ЗША


Кіраўніцтва беларускага камэрцыйнага банку «Крэдэксбанк» працягвае адмаўляць падазрэньні ў адмываньні грошай, якія ўзьніклі ў Мінфіну ЗША і прывялі да зьмяшчэньня банку ў сьпіс нядобранадзейных.

Гендырэктар «Крэдэксбанку» Аляксандар Аксяновіч заявіў, што робяцца спробы ўсталяваць кантакты зь Мінфінам ЗША, «каб дамагчыся абвяржэньня гэтай, мякка кажучы, непраўдападобнай інфармацыі».

Карэспандэнт: «Вы працягваеце адмаўляць усе абвінавачаньні?»

Аляксандар Аксяневіч: «Вядома. Мы спрабуем супрацоўнічаць зь Мінфінам ЗША, прадставіць ім усю інфармацыю, каб яны пераканаліся ў нашай добранадзейнасьці».

Тым часам сталі вядомыя некаторыя дэталі падазрэньняў Мінфіну ЗША. Пра іх паведаміў у сваёй заяве Дэвід Коэн, намесьнік міністра ЗША ў справах тэрарызму і фінансавай выведкі, камэнтуючы абнародаваны сьпіс падазроных банкаў:

«У 2010 годзе на працягу аднаго-двух месяцаў „Крэдэкс“ перавёў суму, эквівалентную прынамсі мільярду даляраў, на рахункі сотняў замежных „фасадных кампаніяў“, зарэгістраваных у афшорных зонах. Правядзеньне гэтых апэрацыяў — тыповае для ўхіленьня ад кантролю. Значная іх частка ня ўказвае сапраўднага атрымальніка плацяжоў».

Беларускія праваахоўныя органы не заяўляюць пра прэтэнзіі да «Крэдэксбанку». Ці магчыма, каб зьвесткамі пра нібыта падазроныя апэрацыі банку зацікавіліся ў ЗША, калі ў самой Беларусі на гэты конт — цішыня?

Незалежны журналіст Сяргей Сацук некалькі гадоў таму ў складзе групы візытэраў ЗША адмыслова знаёміўся з сыстэмай кантролю за замежнымі банкамі, якая існуе ў гэтай краіне. Паводле Сяргея Сацука, калі банк мае карэспандэнцкі рахунак у ЗША і празь яго праводзіць пэўныя апэрацыі, зьвесткі пра іх адсочваюцца, і пры пэўных абставінах сапраўды могуць узьнікнуць падазрэньні ў добранадзейнасьці гэтых грошай. З досьведу, які прывёз Сяргей Сацук з ЗША, вынікае, што адмываньнем грошай могуць займацца любыя банкі, у тым ліку і амэрыканскія:
У Беларусі, паводле дадзеных ЗША, найбольш адмываюць грошы праз будаўнічыя падрады.

«У саміх ЗША ў асноўным адмываюць грошы праз казіно, бо там вялікі абарот наяўных грошай. А ў Беларусі, паводле дадзеных ЗША, найбольш адмываюць грошы праз будаўнічыя падрады. Гэтаксама, як і ў Расеі».

Апрача «Крэдэксбанку», з 2004 году Вашынгтон увёў абмежавальныя захады супраць «Трастбанку» (які тады называўся «Інфабанк»). Амэрыканцы западозрылі «Трастбанк» у адмываньні грошай Садама Хусэйна. У 2011 годзе назва банку трапіла яшчэ ў адзін карупцыйны скандал у сувязі з арыштам кіраўніка назіральнай рады банку Віктара Шаўцова, якога падазраюць у асабліва буйным крадзяжы. Таксама Віктар Шаўцоў да арышту кіраваў радай дырэктараў закрытага акцыянэрнага таварыства «Белзамежбуд». Паводле афіцыйных крыніц, таварыства выконвала шэраг будаўнічых заказаў у Вэнэсуэле. Аляксандар Лукашэнка, выступаючы на прэсавай канфэрэнцыі ў канцы 2011 году, казаў, што калі Шаўцоў аддасьць удвая больш, чым накраў, то яго памілуюць. Паводле афіцыйных крыніц, Віктара Шаўцова дагэтуль трымаюць у СІЗА КДБ.

Эканаміст Леанід Злотнікаў мяркуе, што ў Беларусі адмываньню бізнэсмэнамі несумленна заробленых грошай часта дапамагаюць карумпаваныя дзяржаўныя чыноўнікі:

«Ёсьць падазрэньні, што тыя ж прадпрымальнікі ня ўсю сваю выручку паказваюць, каб зьменшыць падаткі. Калі такія грошы ў банках назапашваюцца, іх трэба „адмыць“, зрабіць іх законнымі. Гэта значыць, кудысьці перавесьці на рахунак. Бывае, што гэта робіцца і праз урадавыя структуры».

Прэзыдэнт «Крэдэксбанку» ў Беларусі — армянскі бізнэсовец Саркіс Сімаваран, ажыцьцяўляе ў Беларусі шэраг буйных бізнэс-праектаў. Адзін з найбуйнейшых — будаўніцтва мультыфункцыянальнага гандлёвага цэнтру ў Магілёве. У адным з сваіх інтэрвію Сімаваран заяўляў, што апрача армянскай і расейскай мовы карыстаецца дома беларускай, а яго адзіная дачка ходзіць у беларускую школу.
XS
SM
MD
LG