Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзі, якія адмаўляюцца ад насычанага сьняданку, скардзяцца на дрэнны настрой, страту памяці і сілаў. Яны таксама схільныя набіраць вагу, бо «дабіраюць» значна больш ежы цягам дня. Але дасьледаваньні выявілі ў такіх людзей і рызыку дыябэту 2-га тыпу.

Як піша New York Times, у дасьледаваньні, апублікаваным у апошнім нумары часопісу Clinical Nutrition, дасьледчыкі прыводзяць высновы назіраньня на працягу 16 гадоў за 29 тысячамі мужчынаў. Вывучаліся іх дыеты, заняткі фізычнымі практыкаваньнямі, хранічныя і звычайныя захворваньні.

Тыя, хто рэгулярна прапускаў сьняданак, мелі на 21 працэнт большую рызыку захворваньня дыябэтам, чым тыя, хто гэтага не рабіў. Пакуль дакладна не зразумела, чым гэта можна патлумачыць. Некаторыя навукоўцы бачаць прычыну ў тым, што ранішні прыём ежы дапамагае стабілізаваць узровень цукру ў крыві цягам усяго дня.

Акрамя таго, паводле апошніх дасьледаваньняў, на ўзровень цукру ў крыві ўплывае і тое, наколькі рэгулярна чалавек спажывае пітную ваду. Паводле Амэрыканскай асацыяцыі дыябэту, вынікі францускіх дасьледчыкаў дазваляюць меркаваць, што тыя, хто цягам дня спажывае больш вады, маюць рызыку дыябэту 2-га тыпу на 30 працэнтаў меншую, чым тыя, хто п’е няшмат. Аднак для вывучэньня прычынаў такой залежнасьці неабходныя дадатковыя дасьледаваньні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG