Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвінакомплекс пад Менскам: адкідаў будзе, як ад 500-тысячнага гораду


У Валожынскім раёне на Меншчыне распачынаецца будоўля новага сьвінакомплексу на 110 тысяч галоў.

Паводле дадзеных Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня, гэта будзе найбуйнейшае ў краіне спэцыялізаванае прадпрыемства па вытворчасьці бэкону. Мясцовае насельніцтва занепакоена: сьвінакомплекс пагражае экалёгіі рэгіёну.

Пра пачатак новай будоўлі ў Валожынскім раёне распавёў «Свабодзе» гаспадар тутэйшай аграсядзібы, беларускамоўны музыка Алесь Лось.

«Перадусім незразумела, чаму тут вырашылі будаваць не на глеістых грунтах, а на пясчаніках. На глеістых, як вядома, у межах 10–12 кілямэтраў забруджваюцца рэкі й крыніцы, а на пясках — да 30 кілямэтраў. Гэта значыць, што ўсе рэкі й крыніцы, якія побач, будуць забруджаныя ўжо празь пяць гадоў...»

Афіцыйна паведамляецца, што пад будоўлю сьвінакомплексу адведзена 2,5 тысячы гектараў ворнай зямлі на тэрыторыі сельскагаспадарчага каапэратыву «Пяршай». Акрамя таго, будоўля часткова ці цалкам закранае восем вёсак, у прыватнасьці — Даўгулёўшчыну, Лайкаўшчыну, Пугачы, Сугвозды, а таксама турыстычныя аб’екты і аграсядзібы.

Алесь Лось тлумачыць, што інвэстыцыі з Даніі на будоўлю комплексу атрымаў Юры Чыж — беларускі алігарх, набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі.

Для простых людзей —адзін закон, а для набліжаных да ўлады закону няма ...

«У Беларусі зараз розныя законы для розных людзей. Для простых людзей —адзін закон, а для набліжаных да ўлады закону няма. І хто тут імкнуўся зьвяртацца з пратэстамі ў райвыканкам, іх тут жа «супакоілі»: маўляў, што вы лезеце, калі тут «праект зроблены прафэсійна й дакладна!»

Многія мясцовыя жыхары занепакоены небясьпечнай новабудоўляй.

Спадарыня Ніна, жыхарка вёскі Пяршаі:

«Тут жа калі вецер павее, а як гэнай жыжы яшчэ бліжэй падвязуць, дык з хаты ня выйдзеш... смуродам задушыць...»

Ня мае энтузіязму і маладая маці Ірына Філіповіч:

«Гэтае паветра павінна быць ачышчана. Я так думаю. Пахаў тут непажаданых не павінна быць...»

Супакоіць пратэсты насельніцтва спрабуюць мясцовыя чыноўнікі, у прыватнасьці — супрацоўнік службы землеўпарадкаваньня Зьміцер Протас:

«Усе праблемы абмеркаваныя з замежным інвэстарам. Беларуская ўлада вырашыла, што сьвінакомплексу тут быць. І тэрміны інвэстыцыйнай дамовы даволі жорсткія, сьціслыя й прапісаныя ў самой дамове».

Прадпрыемства па вытворчасьці бэкону будуецца на Валожыншчыне ля вытоку ракі Яршоўкі. Непадалёк — шматлікія сажалкі й крыніцы, дзе любяць адпачываць як мясцовыя жыхары, так і турысты. Але, як кажа гаспадар тутэйшай аграсядзібы Алесь Белы, мясцовыя ўлады зь людзьмі ня раіліся:

«Ведаеце, тут будзе адкідаў як ад 500-тысячнага гораду. Прыкладна як ад Гомелю. Я вельмі моцна сумняваюся, ці праводзілі мясцовыя ўлады грамадзкія слуханьні, як гэта належыць паводле беларускага заканадаўства».
XS
SM
MD
LG