Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі актывіст паскардзіўся на Лукашэнку бяз каскі


Аляксей Паўлоўскі

Аляксей Паўлоўскі

Дэпартамэнт дзяржаўнай інспэкцыі працы Беларусі ня выявіў фактаў парушэньня закону «Аб ахове працы» з боку брыгадзіра і прараба, якія дапусьцілі на будаўнічую пляцоўку 22 красавіка Аляксандра Лукашэнку, ягонага непаўналетняга сына, а таксама спартоўку Дар’ю Домрачаву. Пра гэта паведамляецца ў адказе, які атрымаў з інспэкцыі магілёўскі будаўнік Аляксей Паўлоўскі.



Нагодай для звароту будаўніка ў Дэпартамэнт дзяржаўнай інспэкцыі працы стаўся тэлевізійны сюжэт на канале ОНТ, прысьвечаны ўдзелу кіраўніка дзяржавы ў суботніку на будоўлі аквапарку. Аляксей Паўлоўскі даводзіў, што Аляксандар Лукашэнка знаходзіўся на будоўлі бяз каскі — у бэйсболцы, яму дапамагала жанчына (біятляністка Дар’я Домрачава), а побач быў непаўналетні сын Лукашэнкі.



— Паводле існуючых нормаў на будаўнічыя пляцоўкі дапускаюцца асобы мужчынскага полу, не маладзейшыя за 18 гадоў, якія прайшлі мэдагляд, навучаныя бясьпечным мэтадам працы, прайшлі стажыроўку і праверку ведаў у пытаньнях аховы працы — адзначае Паўлоўскі. — Не дапускаюцца да выкананьня каменных прац жанчыны. Муляры павінны мець каску, спэцвопратку і абутак. Допуск на будоўлю малалетніх дзяцей забаронены.

У адказе з дэпартамэнту зазначаецца, што асобы, якія згадваюцца Паўлоўскім у ягоным звароце, ні працоўных, ні грамадзянска-прававых адносін з арганізацыяй, якая будуе аквапарк, ня маюць. Таму адсутнічаюць падставы для пакараньня адказных за допуск спэцыялістаў.

Дырэктар дэпартамэнту Аляксандар Садоўнічы таксама паведаміў Аляксею Паўлоўскаму, што пытаньнямі бясьпекі кіраўніка дзяржавы займаецца служба бясьпекі прэзыдэнта.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG