Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кавалёвы: Чаму дзяржава не выдае сваякам целы пакараных сьмерцю?


Любоў і Тацяна Кавалёвы

Любоў і Тацяна Кавалёвы

Адказу на гэтае пытаньне патрабуюць маці і сястра Ўладзіслава Кавалёва, абвінавачанага ў тэрарызьме і расстралянага паводле выраку Вярхоўнага суду.

Любоў і Тацяна Кавалёвы даслалі лісты ў Адміністрацыю прэзыдэнта, у Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага Сходу, а таксама зьвярнуліся да начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС.

Яны пішуць, што хочуць ведаць канкрэтныя падставы: на чым грунтуецца адмова выдаваць сваякам целы расстраляных і нават паведамляць пра месца іх пахаваньня?

Кавалёвы падкрэсьліваюць, што хацелі б атрымаць пераканаўчае абгрунтаваньне, калі яно ёсьць у дадзеным выпадку. А не фармальны адказ са спасылкай на 175 артыкул Крымінальна-выканаўчага кодэксу — накшталт тых, што атрымлівалі з прэзыдэнцкай адміністрацыі ды іншых установаў, калі прасілі выдаць цела расстралянага сына і брата, якога лічаць несправядліва асуджаным і бязьвінна пакараным.

Маці і сястра расстралянага Ўладзіслава Кавалёва лічаць, што цяперашняе заканадаўства дае падставы для дадатковых маральных пакутаў і што гэта — зьдзек са сваякоў пакараных, якія ня могуць нават «забраць цела і пахаваць у адпаведнасьці са сваімі рэлігійнымі поглядамі».

Любоў і Тацяна Кавалёвы патрабуюць, ім патлумачылі, у чым неабходнасьць не выдаваць целы і чаму засакрэчанае месца пахаваньня расстраляных, бо яны гэткай неабходнасьці ня бачаць.

7 траўня Любоў і Тацяна Кавалёвы даслалі пісьмовую прапанову на імя Аляксандра Лукашэнкі, каб той выдаў адмысловы ўказ — пра неабходнасьць паведамляць сваякам пра месцы пахаваньня пакараных праз расстрэл і магчымасьць забраць цела для пахаваньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG