Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Родныя расстралянага за тэрарызм прапануюць Лукашэнку зьмяніць заканадаўства


Маці і сястра Ўладзіслава Кавалёва
Маці і сястра Ўладзіслава Кавалёва
Маці і сястра Ўладзіслава Кавалёва, асуджанага і расстралянага за тэракт у менскім мэтро, зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з прапановай выдаць указ, каб целы расстраляных усё ж выдаваліся сваякам. А таксама каб была рассакрэчана інфармацыя пра пахаваньні тых, каго ўжо расстралялі паводле судовага выраку.

«Лічым практыку абыходжаньня зь целам пакаранага на падставе пункту 5 артыкула 175 Крымінальна-выканаўчага кодэксу жорсткім і бесчалавечным стаўленьнем да сваякоў. Няма ніякага разумнага абгрунтаваньня для нявыдачы цела пакаранага сваякам або ўтойваньня ад іх месца яго пахаваньня. Лічым, што Вы як Прэзыдэнт можаце вырашыць пытаньне аб прадстаўленьні нам зьвестак аб месцы пахаваньня пакаранага Ўладзіслава Кавалёва — калі будзе выдадзены адпаведны ўказ або дэкрэт», — гаворыцца ў лісьце на адрас прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Любоў Кавалёва, маці аднаго з расстраляных за тэрарызм Уладзіслава Кавалёва, 22 сакавіка гэтага году ўжо зьвярталася да Аляксандра Лукашэнкі, каб ёй выдалі цела сына. Яна лічыць, што вышэйшую меру пакараньня яму прысудзілі несправядліва, абвяргае датычнасьць сына да выбуху ў менскім мэтро 11 красавіка мінулага году.

Якраз 11 красавіка, у гадавіну выбуху, яна атрымала адказ за подпісам начальніка галоўнага ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб адміністрацыі прэзыдэнта С.І. Буко, дзе паведамлялася: «Інфармуем Вас, што ў кампэтэнцыю Адміністрацыі Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь разгляд закранутага Вамі пытаньня не ўваходзіць. Адначасова тлумачым, што ў адпаведнасьці з часткай пятай артыкула 175 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь аб месцы пахаваньня асобы, асуджанай да выключнай меры пакараньня, калі прысуд выкананы, не паведамляецца».

Родныя Ўладзіслава Кавалёва прапануюць унесьці зьмены ў заканадаўства, бо лічаць утойваньне ўсяго, што адбываецца зь целам пасьля выкананьня сьмяротнага прысуду, негуманным у дачыненьні да сваякоў пакараных. І ня бачаць падставаў для гэткага ўтойваньня.

Абвінавачаных у тэрарызьме Ўладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава расстралялі пасьля таго, як 14 сакавіка было абвешчана, што Аляксандар Лукашэнка прыняў рашэньне: абодва асуджаныя ня будуць памілаваныя. Перад гэтым Уладзіслаў Кавалёў пісаў на імя Лукашэнкі прашэньне, дзе прасіў адмяніць яму вышэйшую меру пакараньня, пры гэтым не прызнаючы сябе вінаватым у арганізацыі леташняга тэракту.

Паводле пасьведчаньня аб сьмерці, выдадзенага сваякам Уладзіслава Кавалёва, сьмяротны прысуд быў прыведзены ў выкананьне 15 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG