Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паспрыяе вяртаньне паслоў вызваленьню палітвязьняў?


Амбасадары на плошчы Перамогі, 9 траўня 2011 году. Архіўнае фота
Амбасадары на плошчы Перамогі, 9 траўня 2011 году. Архіўнае фота

Кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Майра Мора аднавіла сваю працу ў Менску. Таксама ў Беларусь вярнуліся амбасадары Вугоршчыны, Літвы, Польшчы, Францыі і Швэцыі. Цягам сёньняшняга дня чакаецца прыезд амбасадараў Нямеччыны і Італіі.

Паводле прэс-сакратара МЗС Латвіі Яніса Сіліса, вяртаньне амбасадараў краін Эўразьвязу — гэта агульнае рашэньне.

«Яно каардынуецца службай ЭЗ па зьнешніх справах, і гэты працэс ужо паступова пачаўся. Ужо некаторыя паслы краін ЭЗ і прадстаўніца ЭЗ вярнуліся. Што да вяртаньня амбасадара Латвіі, то ягоны прыезд плянуецца бліжэйшым часам. Пакуль я не магу назваць канкрэтную дату. Гэта было агульнае рашэньне, але, канечне, кожная краіна і кожны амбасадар маюць свае графікі і справы. Гэтае рашэньне кожная дзяржава прымае асобна».

Пакуль яшчэ ня ўсе палітвязьні вызваленыя з турмаў, аднак амбасадары вяртаюцца. Гэта спадар Сіліс пракамэнтаваў так:

«Былі некаторыя крокі ў правільным кірунку. І мы спадзяемся, што вяртаньне амбасадараў дапаможа гэтаму пазытыўнаму пытаньню і далей».

Сёньня ж вызваленыя палітвязьні Андрэй Саньнікаў і Зьміцер Бандарэнка сустрэліся з амбасадарам Швэцыі Стэфанам Эрыксанам. Бандарэнка распавёў падрабязнасьці:

«Гэта быў невялічкі прыём у адной зь беларускіх кавярняў з нагоды ад’езду аднаго з польскіх дыпляматаў. Туды прыйшоў спадар Эрыксан. Там было шмат людзей з грамадзкіх арганізацыяў, палітычных партыяў, дыпляматаў. Гэта была звычайная размова, на прыёме. Пару словаў».

Як ставіцца Зьміцер Бандарэнка да вяртаньня амбасадараў эўрапейскіх краін у Беларусь?
Мяне ў першую чаргу цікавіць, ці будуць вызваленыя мае таварышы за кратамі.
Зьміцер Бандарэнка

«Вельмі прагматычна. Калі пасьля прыезду амбасадараў будуць вызваленыя беларускія палітвязьні, то буду ставіцца да гэтага пазытыўна. Калі ня будуць вызваленыя — буду ставіцца нэгатыўна, мабыць. Мяне ў першую чаргу цікавіць, ці будуць вызваленыя мае таварышы за кратамі».

Кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Майра Мора «прыступіла да выкананьня сваіх абавязкаў, уваходзіць у курс справаў», паведамілі ў прадстаўніцтве.

Сёньня чакаецца вяртаньне амбасадараў Італіі і Нямеччыны. Амбасадар Вугоршчыны Фэрэнц Контра сказаў па вяртаньні карэспандэнту «Свабоды» толькі тое, што «кансультацыі скончыліся».

Паслы Вугоршчыны, Італіі і Вялікабрытаніі ад’ехалі зь Беларусі разам са сваімі сем’ямі. Сям’я літоўскага амбасадара ў гэты час заставалася ў Менску.

Былы палітвязень Аляксандар Казулін адзначае, што без амбасадараў працаваць усё ж цяжка. Але трэба, каб была пасьлядоўная палітыка:

«Трэба нешта рабіць, і нейкае выйсьце павінна быць. Проста пытаньне такое — ці будзе нешта такое, што можа вырашыць пытаньні, якія існуюць. І самае галоўнае, каб не наступіць на тыя ж… — вы ведаеце што».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG