Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цяперашняе пакаленьне, якое нарадзілася пасьля паразы ўнівэрсытэцкіх катэдраў навуковага камунізму і пры поўнай і канчатковай – як думае ўлада, якая яго заснавала – перамозе курсу дзяржаўнай ідэалёгіі, ужо ня ведае, што такое лічыльнікі. Гэта такая драўляная рамка, унутры якой на мэталічных прутках катаюцца двухкаляровыя – часьцей за ўсё карычневыя і чорныя – кругляшы-косткі. І цяжка сабе ўявіць, што гэта – найбліжэйшы продак сучаснага кампутара.

Але лічыць можна. Калі навык ёсьць – то нават вельмі хутка лічыш. А ў часы маёй студэнцкай маладосьці на такіх драўляных кампутарах майстры бугальтарскага мастацтва прымудраліся нават беспамылкова разьлічваць прэміі для падразьдзяленьняў буйных прадпрыемстваў і бюджэтных арганізацыяў.

Праўда, асвоіць кампутар у іх ужо не атрымлівалася.

Вось наступнай у сьпісе асобаў, чыя прысутнасьць непажаданая на тэрыторыі Эўрапейскага Зьвязу, апынулася галоўная лічыльніца галасоў беларускіх выбаршчыкаў – старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па правядзеньні выбараў і рэфэрэндумаў Лідзія Ярмошына. Яна ня проста апынулася ў «чорным сьпісе» неўязных – сваю «чорную метку» яна атрымала ў адзін дзень з палкоўнікам Юрыем Падабедам.

Маякоўскі пісаў, што хоча, каб да багнэта прыраўнялі пяро. Прыладу працы Лідзіі Міхайлаўны прыраўнялі не да багнэта, а да дубінкі. І вось чаму.

Пасьля граху забойства чалавека самы страшны грэх у вачах сярэднестатыстычнага эўрапейца – забойства працэдуры. Бо працэдура – і ёсьць дэмакратыя.

Лідзія Ярмошына, юрыстка з цалкам правінцыйнага Бабруйска, воляю Аляксандра Лукашэнкі, які меў патрэбу ў 1996 годзе ў адзіным – адданасьці і гатоўнасьці выканаць любую яго волю, – якая стала старшынёй Цэнтрвыбаркаму, у вачах Эўропы і стала забойцам беларускай дэмакратыі. Таму што на пасадзе ўвасабляла электаральны працэс як такі.

Восем гадоў Эўропа не прызнавала ніводных выбараў і ніводнага рэфэрэндуму, праведзеных ЦВК пад кіраўніцтвам Ярмошынай, адпаведнымі прынятым на кантынэнце стандартам дэмакратыі. Але пад пэрсанальныя санкцыі яна трапіла толькі ў 2004 годзе. Пасьля рэфэрэндуму, які адкрывае Аляксандру Лукашэнку дарогу да пажыцьцёвага панаваньня.

Чаму толькі ў 2004 годзе? Таму што старыя дэмакратыі хварэюць на ідэалізм. Для іх Беларусь – падобная да Славакіі. Так, бываюць народы зь незразумелай і не дашчэнту вынішчанай цягай да харызматычных аўтарытарных палітыкаў. Але і ў палітыка-харызматыка тэрмін праўленьня не бясконцы. Увогуле, само рассмокчацца.

У 2004 годзе, правёўшы пасьля словаў Лукашэнкі пра «крышталёвы сасуд», які ён баіцца выпусьціць з рук, рэфэрэндум аб зьмене Канстытуцыі, Лідзія Ярмошына прадэманстравала: само – не рассмокчацца. Праўленьне будзе атрымліваць легітымацыі столькі, колькі яна – чалавек прэзыдэнта, як яна неаднаразова выказвалася – будзе стаяць на сваім пасту. Хай у яе ў руках не дубінка, як у падначаленых палкоўніка Падабеда, але і яна ўплывае на сытуацыю ў краіне.

Я ня веру ў тое, што той рэфэрэндум Аляксандар Лукашэнка выйграў. І вось чаму. У акрузе, дзе Аляксандар Фядута жыве і на адным з участкаў якой ён быў назіральнікам, адначасова – як і па ўсёй краіне – ішлі парлямэнцкія выбары. На нашым участку – і, як высьветлілася, на ўсіх участках нашае акругі – павінен быў адбыцца другі тур. Але – не адбыўся. Таму што Лідзія Міхайлаўна выступіла і заявіла: выбары адбыліся, дэпутаты абраныя. У тым ліку – у маёй акрузе.

Мы сядзелі – назіральнікі – у сядзібе БНФ. Тым самым офісе, яшчэ на вуліцы Варвашэні / Машэрава. У кожнага ў руках былі завераныя копіі пратаколаў са сваіх участкаў. Нашым кандыдатам была Валянціна Сьвяцкая. Мы здалі копіі, але пракуратура іх не прыняла. Падавала дакумэнты ў пракуратуру нябожчыца цяпер Галіна Сямдзянава...

Але справа была ня толькі ў гэтым.

Міжнародным назіральнікам у нашай акрузе быў вядомы вучоны, прафэсар-літаратуразнаўца зь Вялікабрытаніі, які шыкоўна валодае расейскай мовай. Мы пазнаёміліся зь ім у ягонай краіне – тады, калі ён яшчэ не плянаваў нават прыехаць у Беларусь назіральнікам. І ў дзень напярэдадні яго ад'езду мы зь ім сустрэліся.

Аляксандар Іосіфавіч, – ледзь не ў камізэльку мне плакаў пажылы джэнтльмэн. – Як жа так можна?! Акруговая камісія хавалася ад мяне па ўсіх кабінэтах, пакуль, урэшце, не пакінула разьбірацца са мной адзінага члена свайго, камуніста-калякінца!

Гэта значыць, таго, у чыёй канчатковай ляяльнасьці не магла быць упэўненая сама!

І пратаколы абмяркоўваліся камісіяй і падпісваліся ў той час, пакуль той камуніст-калякінец стрымліваў старога брытанскага прафэсара, сябра і перакладчыка Аляксандра Салжаніцына!

Калісьці я ў артыкуле «Мона Ліда», апублікаваным у часопісе нябожчыка Ігара Герменчука «Кур'ер», сказаў, што Ярмошына заўсёды зможа заявіць:
Але ня я ж асабіста лічу!

І гэта будзе яе алібі.

Сёньня Эўрапейскі Зьвяз унёс у гэты мой пункт гледжаньня карэктывы.

Так, не Ярмошына асабіста! Але яна, як старшыня Цэнтрвыбаркаму, вызначае рамачныя ўмовы, у якіх ажыцьцяўляецца падлік галасоў.

Як?! Ізноў – не яна адна?!

І вось, як у вір, усьлед за Лідзіяй Ярмошынай апынуліся ўцягнутымі ў сьпіс асобаў, якія атрымалі сваю «чорную метку», усе члены Цэнтральнай выбарчай камісіі. А за імі – і кіраўнікі абласных і менскай гарадзкой выбарчых камісій.

Пакуль гэтым і абмежавалася.

Хоць лягічна выказаць здагадку пра далейшае пашырэньне гэтай часткі сьпісу. І вось чаму.

Калі чытаеш сьпісы сяброў выбарчых камісій – а яны ўсе публікуюцца ў друку згодна з законам, ад участковых камісій і да акруговых і абласных, – міжволі зьвяртаеш увагу на тое, што сяброўства ў камісіі ператварылася ў своеасаблівую форму сацыяльнага ліфта.

Вось ты – сакратар або старшыня ўчастковай выбарчай камісіі. Ты – чалавек маленькі. Ад цябе мала што залежыць: адзін участак – гэта ж не краіна, урэшце.

Але выбары ў Беларусі праходзяць часта. Раз на чатыры гады – мясцовыя, з такой жа пэрыядычнасьцю – парлямэнцкія. Раз на пяць гадоў – прэзыдэнцкія. Ёсьць магчымасьць прыгледзецца да шрубкоў электаральнай машыны.

І вось, праз адну-дзьве электаральныя кампаніі ты ўжо – сябра акруговай або абласной выбарчай камісіі. Праўда, і статус твой зьмяніўся – ня толькі ў камісіі, але і на працы. Ты ўжо не майстар, скажам, а намесьнік галоўнага інжынэра ці начальнік цэха. Ты ўжо не начальнік аддзела выканкаму, а намесьнік старшыні. Нарэшце, ты ня сьціплы школьны настаўнік, а дырэктар школы.

Як гэта зьвязана з выбарамі? Ніяк. Фармальна – ніяк.

Але рэч у тым, што вір зацягвае. І яшчэ празь дзьве электаральныя кампаніі ты не дырэктар школы, а начальнік раённага аддзела адукацыі ці намесьнік старшыні. Ад начальніка цэха ты пасьпеў прайсьці шлях да намесьніка дырэктара роднага завода. І аддзячылі табе ўжо дэпутацкім мандатам – ты стаў дэпутатам абласнога савета. А то і сэнатарам: старшыня той самай акруговай камісіі, якая бегала ад майго шаноўнага брытанскага калегі па ўсіх паверхах выканкаму са спрытам, не ўласьцівым жанчыне яе ўзросту і становішча, потым стала акурат сябрам верхняй палаты парлямэнту.

І ўсё гэта вельмі лёгка выявіць. Таму што калі былы старшыня раённай выбарчай камісіі зьнік бязь сьледу з адпаведных сьпісаў будучай электаральнай кампаніі, значыць, у яго ляяльнасьці ўлада аказалася не зусім упэўненай.

А ўлада – у дадзеным выпадку ці ня ёсьць яна Лідзіяй Ярмошынай?

Нельга сказаць, што Ярмошына адчувае сябе цалкам утульна. Памятаецца, адразу пасьля атрыманьня сваёй «чорнай меткі» яна нэрвова адрэагавала, заявіўшы, што гэта зьяўляецца праявай падвойных стандартаў (любімая лаянка ў вуснах беларускіх «мечаных»), і наогул, маўляў, яна не разумее, чаму яна павінна грэцца ў Турцыі або Эгіпце, калі ёй хочацца азнаёміцца з выдатнымі мясьцінамі Вэнэцыі і Барсэлоны. Але потым – нічога, звыкліся.

І астатнія «мечаныя» – не шрубкі, а косткі электаральнай падліковай машынкі – супакоіліся. Маўляў, калі яна ня скардзіцца – то нам і зусім па барабане.

Але аказалася – і ёй не па барабане!

У часе кампаніі 2010 году Ярмошынай – і ўсім, хто апынуўся карпаратыўна ўцягнуты ў «чорны сьпіс ЭЗ» – раптам усьміхнулася надзея. Самыя празрыстыя, самыя дэмакратычныя, самыя-самыя-самыя выбары павінны былі раз і назаўсёды рэабілітаваць нашу машынку для падліку галасоў у вачах гэтых вар'ятаў, падвойнастандартных эўрапейцаў, якія сьлепяць вочы за дысплэямі. І – пасьля гэтага – можна было б сысьці на заслужаны адпачынак. Таму што прызнаньне гэтых выбараў адпаведнымі ўсім міжнародным стандартам азначала, што санкцыі ў дачыненьні да кіраўнікоў выбарчых камісій і ўсяго складу ЦВК непазьбежна павінны быць скасаваныя.

Ярмошына сапраўды гэтага хацела! Гэта было заўважна. Яна аддала б вельмі шмат за тое, каб ёй удалося выйсьці з «чорнага сьпісу».

Але трапіць проста. Выйсьці цяжка. Кажуць, што мёртвы хапае жывога. Я б сказаў, што мёртвы хапае таго, хто спрабуе застацца з жывымі.

Ёй даравалі б нават рэгістрацыю ўсіх тых, хто не сабраў подпісы. Не зразумела ж – ці толькі зрабіла выгляд, што не зразумела – прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце, пра што ёй сказаў яе беларускі калега:

Зарэгіструем ўсіх!

Гэта значыць:

Я аддаў загад, каб зарэгістравалі ўсіх! Нават тых, хто не сабраў подпісы!

Так і зарэгістравалі. Толькі ў «зялёнага» палітыка Юрыя Глушакова хапіла мужнасьці прызнацца, што ён подпісаў – не сабраў.

А то б Ярмошына і яго зарэгістравала! Бо калі ўлада бессаромная і апазыцыя бессаромная, чаго саромецца Цэнтрвыбаркаму?

І далей Лідзія Міхайлаўна дазваляла – усё!

Ёй бы так дазваляць у мінулыя выбарчыя кампаніі – глядзіш, і ў сьпісы неўязных ня трапіла б.

А цяпер дазваляла. Аж да моманту, калі хтосьці даў ёй каманду выправадзіць назіральнікаў, якія дзяжурылі па начах у памяшканьнях са скрынямі для папярэдняга галасаваньня. І яна – санкцыянавала выправаджэньне.

Калі хтосьці спрабуе зразумець, у які момант было прынятае рашэньне спыніць гульню ў дэмакратыю, то – менавіта ў гэты.

Але Лідзія Міхайлаўна яшчэ спадзявалася. Яна верыла, што ўскрыцьцё – ужо цяпер дык напэўна! – пакажа, што Лукашэнка перамог зусім сумленна. І ўсе ўсё прызнаюць. І санкцыі будуць зьнятыя. І яна зможа сысьці на пэнсію, вымыўшы рукі, на якіх ужо ня будзе нязмыўнае чорнае меткі.

І толькі на перадачы «Выбар», калі яна даведалася аб зьбіцьці Ўладзімера Някляева, яна зразумела, што – не атрымалася.

Таму яна і пайшла з праграмы, а не таму, што ёй задалі нязручнае пытаньне. Ёй столькі задавалі нязручных пытаньняў, што яна прызвычаілася. Памятаеце, у Булгакава ёсьць у рамане сакратарка з перакошанымі ад вечнае хлусьні вачыма? Лідзіі Міхайлаўне гэтага ня трэба. У яе атрафаваныя ў скуры тыя нэрвовыя канчаткі, якія адказваюць за пачырваненьне ў хвіліны сораму. Знайшла б, што адказаць на любое пытаньне.

Але зашыты ў пальчатку пераапранутага ў цывільнае мянта кастэт ударыў ня толькі па Някляеву. Ён ударыў па мары аб прызнаньні. Аб зьняцьці санкцый.

Тут яна зразумела, што саскочыць не атрымаецца.

І сышла са студыі. Каб застацца на пасадзе. І чакаць наступнай магчымасьці саскочыць, якой, мяркуючы па ўсім, ужо ня будзе.

А калі санкцыі ня будуць зьнятыя зь людзей, якія ўвасабляюць у сабе наш электаральны мэханізм, – зь Ярмошынай і сакратара ЦВК Лазавіка – на што спадзявацца астатнім?
Ярмошына і Лазавік

Ярмошына і Лазавік


І справа ня ў тым, што эўрапейцы злыя. Проста лічаць у нас не абыякава – на кампутары, а нэрвова пастукваючы косткамі на дапатопных бугальтарскіх лічыльніках. А ў выпадку неабходнасьці, якая ўзьнікае кожную электаральную кампанію, гэтымі ж драўлянымі лічыльнікамі і стукаюць па галовах.

Хацелі, каб вас прыраўнялі да дубінкі – гэта значыць, каб вы былі такой жа апорай рэжыму, як людзі з дубінкамі ў руках? Атрымаеце!

Праўда, лёгіка абвяшчае: вось у гэтым кірунку сьпіс будзе яшчэ пашырацца. І нешта мне падказвае: так. Будзе.

Мы яшчэ ўбачым імёны новых старшыняў выбарчых камісій усіх узроўняў у сьпісе неўязных.

І гэта правільна.

Чым лепш тыя, хто адбірае ў народа свабоду выбару, за тых, хто б'е яго дубінкай па галаве?


Папярэднія публікацыі сэрыі «Партрэт на фоне мяжы»:

Чалавек з дубінкай і бяз твару

Неўязныя: карпаратыўны партрэт

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG