Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ва ўсім сьвеце — тым самым, цывілізаваным, за якім нас ужо столькі гадоў не вядуць, — імёны людзей з дубінкамі ў руках становяцца вядомыя ў двух выпадках.

Неўязныя: карпаратыўны партрэт

Альбо калі яны зьдзяйсьняюць сапраўды геройскі ўчынак, альбо тады, калі яны зьдзяйсьняюць злачынства. У астатніх выпадках грамадзкай думцы наогул ніякай справы да іх няма.

Санкцыі супраць прадстаўнікоў беларускага рэжыму пачыналіся, уласна кажучы, ня столькі з санкцый супраць чыноўнікаў, колькі супраць сілавікоў. Была да гэтага падзея — скандал вакол спыненьня дзейнасьці ў Менску Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ на чале з паслом Вікам, калі практычна ўсе замежныя супрацоўнікі КНГ былі выгнаны зь Беларусі. Але тады скандал хутка быў вычарпаны: бакі прыйшлі да кампрамісу, і КНГ адрадзілася, як фэнікс з попелу. І санкцыі доўжыліся ўсяго нічога — з лістапада 2002 па красавік 2003 года. Дробязь, даруй Госпадзе.

А вось сур’ёзныя санкцыі — так, з сілавікоў пачаліся. Зь верасьня 2004 года дзейнічаюць яны супраць былога дзяржсакратара Савету бясьпекі Віктара Шэймана, былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Сівакова, былога начальніка Службы бясьпекі прэзыдэнта Ўладзімера Навумава і былога камандзіра брыгады спэцназа МУС Дзьмітрыя Паўлічэнкі. Падставай сталі падазрэньні ў датычнасьці гэтых службоўцаў (тады, хоць Шэйман, Навумаў і Сівакоў працавалі ўжо на новых пасадах) да зьнікненьняў у 1999 годзе палітычных апанэнтаў беларускага рэжыму — Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і бізнэсмэна Анатоля Красоўскага.


Віктар Шэйман

Эмоцыі адчувальных эўрапейцаў зразумець можна. Зь семідзясятых гадоў мінулага стагодзьдзя, калі ў Італіі выкралі ўплывовага палітыка Альда Мора, нішто так не казыча ноздры, не прымушае напружвацца палітычную эліту, як словы аб выкраданьні. Гэта не дуэль, калі стаіш тварам да твару. Ня бойка, калі сьценка на сьценку. Нават не бандыцкі міжсабойчык, калі і страляюць, і выбухаюць, і трылёгію пра «хроснага бацьку» здымаюць. Невядомасьць сытуацыі і бездапаможнасьць ахвяры і яе блізкіх адчуваюцца нашмат мацней. Тут нават выкупу не патрабуюць. Проста — маўчаць. І чакаюць.

Чаго — чакаюць?

Часьцей за ўсё — весткі аб сьмерці.

А тут і весткі ніякае не было. Проста — сьледзтва закрытае. Потым зноў адкрытае. Потым зноў закрытае. І апаратура для дасьледаваньня парэшткаў — то патрэбна — і яе просяць у Расеі, то — не патрэбна.


Юры Сівакоў

Ды яшчэ і словы кіраўніка дзяржавы цытуюць: маўляў, вы што — хочаце, каб апазыцыя зь іх трупамі па горадзе хадзіла? Не патрэбныя нам гэтыя трупы! Шукайце Дзіму Завадзкага.

Праўда, і Дзіму Завадзкага, апэратара расейскага тэлеканала ОРТ, які адправіўся ў аэрапорт Менск-2 сустракаць Паўла Шарамета, не знайшлі. Прапаў — як у ваду ўпаў.

І толькі імёны беларускіх сілавікоў ўсплывалі з той вады, як ўсплёск, як цёмная страшная рыба, выглянула на імгненьне — і схавалася...

На чацьвярых зьніклых — чатыры асобы, якіх закранулі санкцыі. Баш на баш, лёс на лёс. Супадзеньне? Наўрад ці.

Закрытасьць улады спарадзіла прэзумпцыю вінаватасьці чалавека са зброяй і дубінкай. Хто іх кантралюе? Прэзыдэнт. А хто гэта — прэзыдэнт? Ёсьць такі чалавек. Адзін чалавек. Усяго адзін. Значыць, яны служаць ўсяго аднаму чалавеку?


Уладзімер Навумаў

Пра зьніклага Захаранку казалі, што ў бытнасьць сваю міністрам унутраных справаў ён адмовіўся «эвакуяваць» галадоўнікаў на знак пратэсту супраць бессэнсоўна ганебнага рэфэрэндуму 1995 года. Яго пераемнік, Валянцін Агалец, кажуць, паабяцаў выканаць любы загад Вярхоўнага галоўнакамандуючага. Дзе цяпер той Агалец? Хто пра яго памятае? Аднак — жывы.

А Захаранка, мяркуючы па ўсім, — не.

Эўропа сказала тады: мы лічым, што гэтыя людзі маюць дачыненьне да палітычных забойстваў. Мы ня можам весьці дасьледаваньне, паколькі гэта — грамадзяне сувэрэннай Рэспублікі Беларусь. Мы ня можам падмяніць сабой беларускае сьледзтва і беларускі суд. Разьбярыцеся. Зрабіце гэта адкрыта, галосна, публічна. Як і належыць у цывілізаваным сьвеце...

Не тады было сказана, што нас за цывілізаваным сьветам не павядуць?

Не, не тады ... Здаецца, нашмат раней.

Але сьледзтва да канца даведзена не было. Вынікі галоснасьці — менавіта таму, што да канца даведзена не было, верагодна, — не здраджваліся. Ні лыжачкі срэбныя не знайшліся, ні асадак ня растварыўся. Застаўся асадак ...

Міністры — фігуры палітычныя, а ўжо дзяржсакратар Савету бясьпекі — тым больш. Але рэпутацыя камбрыга спэцназа Дзьмітрыя Паўлічэнкі — рэпутацыя салдата.


Дзьмітрый Паўлічэнка

Прасьцей за ўсё было б апраўдацца. Але ніхто ня стаў апраўдвацца. Як і не паклапаціўся пра рэпутацыю камбрыга. Яго паказвалі на тэлеэкране: вось ён у малінавым бераце не з паслом іспанскім, як пісаў Пушкін, а зь нейкім сьвятаром пра нешта размаўляе: вось ён з пырскамі, як морж, вынырвае з ледзяной палонкі; вось ён пасьвячае ў спэцназаўцы малодшых па званьні.

Не дапамагло.

Дапамагчы магло толькі адно: аповед аб тым, што ў ноч з 27 на 28 лістапада 2000 года, калі Паўлічэнку затрымлівалі, па чутках, ледзь ня ўсім КДБ, і толькі сам старшыня КДБ змог яго арыштаваць. І пра тое, пра што гаварыў ён з прэзыдэнтам краіны, пасьля чаго яго выпусьцілі, асобаў, якія давалі санкцыі на яго арышт, адправілі ў адстаўку, а сам Паўлічэнка вярнуўся ў брыгаду.

Справа не ў злачынстве, якое ён зьдзейсьніў — калі сапраўды зьдзейсьніў і сапраўды ён. Справа ў тым, што ніхто нічога да гэтага часу ня ведае. Акрамя тых, каму забаронены ўезд у Эўрапейскі Зьвяз.

А далей — яно як вір. У страшны вір справы аб «эскадронах сьмерці» ўцягнуты апынуўся і сам кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён, вядома, трапіў у сьпісы неўязных, што называецца, па сукупнасьці заслуг. Але пачалося менавіта з гэтага. Ніхто ня мог прад’явіць Аляксандру Лукашэнку плёнак з запісамі яго голасу, як было ў выпадку з Леанідам Кучмам, ніхто ня змог знайсьці і прыдаць зямлі прах Дзьмітрыя Завадзкага — хоць прах Георгія Гангадзэ зямлі прыдадзены быў... Але менавіта ён, Аляксандар Лукашэнка, уласнымі рукамі завязаў тады , у ноч з 27 на 28 лістапада, вузел, які цяпер урос у плоць найноўшай беларускай гісторыі так моцна, што — толькі расьсячы...

І абарона ўлады ператварылася ў абарону змрочнай таямніцы, пра якую існуюць толькі падазрэньні. Ва ўсіх.

Але абарона насіла цалкам канкрэтны характар. Ах, вы кажаце аб зьнікненьнях? Добра, зьнікненьняў ня будзе. Будзе ўсё галосна, відавочна, ва ўсіх на вачах.

Так у вір зацягнула Юрыя Падабеда, камандзіра менскага спэцназу.


Юры Падабед

У 46 гадоў палкоўнік Падабед будзе вымушаны пайсьці на пэнсію. Чаму? Залаты ўзрост для пэрспэктыўнага афіцэра.

Але спачатку яго «перакінулі» са спэцназу. Куды? На ложак у шпіталі. А потым ён сышоў назусім.

Падабед нідзе і ніколі не агучваў прычынаў свайго звальненьня. Але яго прозьвішча ў «чорным сьпісе» Эўрапейскага Зьвязу прадэманстравала: яго лічаць афіцэрам, «які страціў твар». Дзевяць гадоў на пасадзе — і сапраўды ўдарам дубінкі выгналі яго з працоўнага месца.

Хоць самога Юрыя Мікалаевіча дубінкай ня білі.

Памятаеце знакаміты кадр: сівабароды капітан другога рангу, экс-дэпутат Вярхоўнага Савету Валеры Шчукін ляжыць на бруку, а яго б’юць? Валеры Аляксеевіч распавядаў мне: б’юць яго дубінкамі спэцназаўцы, што называецца, у гаўно, і прыгаворваюць — прабачце, маўляў, нас, таварыш Шчукін, мы не вінаватыя, нас начальства на плёнку здымае. Гэта было, як я разумею, у часы камандаваньня Падабеда.



Я ня ведаю, ці праглядаў асабіста Юры Падабед той зьняты матэрыял, каб пераканацца ў пэрсанальнай запэцканасьці кожнага з падначаленых у юшку, што лілася з апазыцыйных насоў. Але зразумела, што добраму афіцэру такое відовішча доўга па нутры быць ня можа.

Я не пра юшку. Да гэтага яны звыклыя. Я пра відовішча, калі афіцэры, падпарадкаваныя табе, б’юць старога дубінкамі ў гаўно.

Ды яшчэ і старога афіцэра. Падпалкоўніка. Чалавека амаль у адным званьні з табой.

Вось і старая Эўропа гэтага відовішча вытрымаць не змагла.

І хоць палкоўнік Падабед сышоў у адстаўку, з ганебнага сьпісу яго ня выкрасьлілі. Таму што аказваецца, што толькі трапляеш туды ты па пасадзе, а застаесься ў тым сьпісе ўжо як чалавек. Ад дасканалай пад тваім кіраўніцтвам карпаратыўнай подласьці ў адстаўку сысьці цяжка.

У яго пераемнікаў нават такога пытаньня не было. Яны ўжо ведалі, куды і на што ідуць. Кожны афіцэр спэцназу ведае цьвёрда, што ўдзелу ў разгонах апазыцыйных мітынгаў — разгонах неапраўдана жорсткіх, бессэнсоўных, з заламваньнем рук дзяўчынкам, са зьбіцьцём дзецюкоў, прыдатных ім у малодшыя браты, з магчымым ударам дубінкай па старым ці жанчыне — не пазьбегнуць. І яны на гэта згодныя.

Менавіта таму яны так адкрыта ненавідзяць фотажурналістаў і апэратараў незалежнага ад уладаў тэлебачаньня.



Цікава, што прымушала палкоўніка Ігара Яўсеева ўласнымі нагамі штурхаць журналіста Грыдзіна, які ўпаў на брук? У такім самавітым чыне, на самавітай пасадзе? Але ж вось як — у часы Падабеда дастаткова было толькі камандаваць. А ў часы Яўсеева трэба ўжо асабіста саўдзельнічаць. Ці — па загадзе сэрца нагой штурхнуў? Інстынктыўна, так бы мовіць, ад нелюбові да чалавека з фотаапаратам?

Што горш?

У «амэрыканцы» ўсё было проста: адкрыты ў чалавека твар — ён і паводзіць сябе па-чалавечы, нацягнутая чорная шапачка-маска — і прэ зь яго зьвярынае. Але ў выпадку з тымі сілавікамі, хто трапляў у кадры фотаапарата, чые імёны ўспыхвалі на старонках газэт і сайтаў — і ўвекавечвалі ў чорным сьпісе Эўразьвязу... Зь імі — як быць? Без масак жа.

Я ўспамінаю, як сыходзіў з ПЭН-цэнтру пасьля прысуджэньня прэміі Маладога Фронту «Люблю Беларусь!». У двары стаяў варанок, на выезьдзе — аўтазак. Паміж імі стаялі чацьвёра ў чорным. Адзін — Яўсееў.



Сьмешна рабіць выгляд, што мы не пазналі адзін аднаго па фатаграфіях.

— Чаго стаіце? Я сыходжу, масавых беспарадкаў ня будзе ... — нахабна сказаў я Яўсееву, па камандзе якога (верагодна) раней павезьлі ў варанку Івана Шылу, ня даўшы яму ўвайсьці ў офіс.

Яўсееў адрэагаваў на іншае:

— За паджопнік — рэспэкт, — спакойна ўсьміхаючыся, адказаў ён.

Спакой быў падобны да чорнай маскі. Яна здымала ўсе пытаньні. Каго пытацца? І пра што пытацца?

І мне стала сорамна.

Таму што мяне пахваліў чалавек, чыё імя ў сьпісе.

Але спакой ягоны мне зразумелы. Які сэнс нэрвавацца, калі цябе ўжо ўцягнула у вір? Сам ня вынырнеш. І руку табе ніхто не працягвае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG