Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада ЗША вітае пашырэньне санкцый ЭЗ адносна Беларусі


ЗША падтрымліваюць узмацненьне санкцый Эўразьвязу супраць Беларусі і заклікаюць Міжнародную фэдэрацыю хакею «прыпыніць плян правядзеньня Чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году ў Менску».

Пра гэта заявілі БелаПАН у амбасадзе Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі.

«Мы вітаем рашэньне Эўразьвязу ад 23 сакавіка па пашырэньні санкцый. Злучаныя Штаты салідарныя з партнэрамі з ЭЗ і падтрымліваюць іх заклік да Беларусі спыніць рэпрэсіі ў дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі», — адзначылі ў амбасадзе ЗША.

«Першым крокам у гэтым напрамку павінна стаць неадкладнае вызваленьне і рэабілітацыя ўсіх палітычных зьняволеных, і мы цесна каардынуем нашы дзеяньні ў адказ на перасьледы, якія працягваюцца».

Амбасада ЗША адзначае, што «санкцыі накіраваныя ня супраць народа Беларусі, а супраць тых, хто нясе адказнасьць за працяг падаўленьня асноўных свабодаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў 2010 годзе».

Таксама адзначаецца, што «і ЗША, і ЭЗ павялічылі падтрымку беларускага народа ў яго імкненьні пабудаваць сучаснае, дэмакратычнае і квітнеючае грамадзтва».

У дыппрадстаўніцтве нагадваюць, што Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, прыняты кангрэсам ЗША ў сьнежні 2011 году і падпісаны прэзыдэнтам Баракам Абамам у студзені 2012 году, «заклікае Міжнародную фэдэрацыю хакею прыпыніць плян правядзеньня Чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году ў Менску да таго часу, пакуль урад Беларусі ня вызваліць усіх палітвязьняў».

У той жа час «амбасада лічыць за лепшае не рабіць здагадак» адносна магчымасьці байкоту зборнай ЗША чэмпіянату сьвету 2014 году, калі ён пройдзе ў Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG