Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік ФПБ Леанід Козік распаўсюдзіў заяву, у якой называе санкцыі Эўразьвязу адносна шэрагу чыноўнікаў і бізнэсоўцаў абсурднымі і недальнабачнымі. У сваю чаргу БТ паведаміла аб пратэстных сходах працоўных на прадпрыемствах Наваполацку і Мазыра. Аднак у працоўных калектывах ня ведаюць пра такія сходы.

Беларускае тэлебачаньне паведаміла, што на Наваполацкім прадпрыемстве «Нафтан» і Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе адбыліся сходы працоўных, якія асудзілі палітыку Эўразьвязу і беларускую апазыцыю ў зьвязку з санкцыямі супраць высокапастаўленых чыноўнікаў і буйных бізнэсоўцаў. Незалежны прафсаюз працоўных «Нафтану» складаюць 346 чалавек, аднак пра такі сход у сваім калектыве ніхто зь іх ня чуў, кажа кіраўнік незалежнага прафсаюзу і працаўнік «Нафтану» Іван Цьвятоха:

«Такой інфармацыяй, што тут нешта адбываецца, я не валодаю ўвогуле. Магчыма, і сабралі яны сваіх актывістаў з галіновага прафсаюзу — такое магчыма. Але каб праходзілі нейкія сходы — такога я ня чуў. Толькі прачытаў у інтэрнэце, і ўсё».

У заяве, распаўсюджанай празь дзяржаўныя мэдыі, старшыня ФПБ Леанід Козік сьцьвярджае, што беларусы не падтрымліваюць санкцыі Эўразьвязу, бо бачаць, што краіна «паціху выходзіць з крызісу, пакрысе пачынаюць расьці заробкі, зьяўляюцца дадатковыя сацыяльныя гарантыі».

Лідэр прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч кажа, што ФПБ пакідае працоўных сам-насам са сваімі праблемамі, а санкцыі Эўразьвязу ня маюць ніякага дачыненьня да патрэбаў простых людзей:
Прыйдзіце на любы завод і запытайцеся, што для яго зрабіла ФПБ — і чалавек толькі скажа, што складкі здае, нібыта падаткі, і ўсё.

«ФПБ зараз амаль нічога ня робіць для працоўнага чалавека. Прыйдзіце на любы завод і запытайцеся, што для яго зрабіла ФПБ — і чалавек толькі скажа, што складкі здае, нібыта падаткі, і ўсё. А да нас толькі ўчора прыходзілі працоўныя мэтрапалітэну, якія казалі, што гатовыя звальняцца з-за нізкіх заробкаў — вось дзе праца фэдэрацыі. І запытайцеся на прахадной, як санкцыі Эўразьвязу паўплывалі на іх заробак — ды ніяк не паўплывалі. І які просты люд будзе змагацца супраць нейкіх там санкцыяў? Народ зараз разумны, і гэтымі зомбі-скрынямі іх ужо ня возьмеш. Яны добра ўжо ведаюць, хто іх абараняе і якім чынам».

Пазыцыя ФПБ у справе асуджэньня санкцыяў Эўразьвязу — частка дзяржаўнай антыэўрапейскай і антыапазыцыйнай прапаганды. Гэтак пракамэнтаваў актывізацыю прадзяржаўнай прафсаюзнай арганізацыі і яе кіраўніка палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

«Тут дзьве мэты ў гэтых заявах па прафсаюзнай лініі: па-першае, нацкаваць „рабацяг“ на апазыцыю, паказаць, маўляў, — вось вашы ворагі. І другое — сьпісаць правалы сваёй эканамічнай палітыкі, што, маўляў, гэта Эўропа і „пятая калёна“ вінаватыя ў тым, што вам цяпер дрэнна жывецца. Гэткім чынам, перакласьці праблему з хворай галавы на здаровую — на тых людзей, якіх лічаць сваімі ворагамі».
XS
SM
MD
LG