Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаны: Хто такі судзьдзя, каб меў права пазбаўляць жыцьця?


Алег Гаршкоў
Алег Гаршкоў

Як у месцах зьняволеньня ставяцца да сьмяротных прысудаў? Ці трэба разглядаць пад адным вуглом усіх забойцаў, якія трапляюць на зону? Чаму за падобныя па сваёй сутнасьці злачынствы асуджаныя атрымліваюць розныя тэрміны? Разважае магілёўскі прадпрымальнік Алег Гаршкоў, які за 3,5 года ў СІЗА-4 Магілёва і 10 месяцаў у калёніі «Віцьба-3» праштудзіраваў некалькі дзясяткаў крымінальных спраў сукамэрнікаў. У 2007-м яго пакаралі 6 гадамі турмы за «ўтойваньне прыбыткаў», пры канцы мінулага году перавялі на рэжым абмежаваньня волі.

— У беларускіх праваахоўных органах кажуць, што за паўтара дзясятка гадоў у Беларусі расстраляна больш за 100 асуджаных. Разам з тым міжнародныя праваабарончыя арганізацыі сьцьвярджаюць: ад пачатку 1990-х па сьмяротных прысудах расстраляна каля 400 чалавек. Як у месцах пазбаўленьня волі ставяцца да вышэйшай меры? Ці лічаць патрэбным гуманізаваць заканадаўства?

— Што такое зона? Там такія ж людзі, як і тут. Учора там быў я, а заўтра (тфу-тфу) туды можа трапіць любы іншы. То бок, зона — гэта тое ж грамадзтва, і стаўленьне да сьмяротнага пакараньня там такое ж, як і на волі… Ну што казаць? Па-рознаму ставяцца. Хтосьці лічыць, што забіваць пэдафілаў, гвалтаўнікоў трэба адразу, расстрэльваць бязь лішніх слоў і асабліва ня браць да галавы. Нехта лічыць інакш: а хто такі судзьдзя, каб яму было дадзенае права пазбаўляць жыцьця іншага чалавека? Тым больш у многіх дагэтуль яшчэ на слыху віцебская справа, усе астатнія, калі выпраўляць судовыя памылкі ўжо было позна. Тое ж тычыцца і справы Канавалава-Кавалёва — ня ўсё да канца зразумела, каб так хутка паставіць кропку.

— Чаму такі разнабой у тэрмінах зьняволеньня, калі выносяць прысуды па асабліва цяжкіх злачынствах?

— Сапраўды, за адно і тое ж злачынства могуць асудзіць па-рознаму Узяць той жа артыкул «забойства». Дык забойствы бываюць наўмысныя, ненаўмысныя, у стане афэкту, зь меркаваньняў самаабароны. То бок за сьмерць чалавека — а як ні назаві, гэта ўсё роўна забойства — існуе артыкулаў, напэўна, штук пяць. Зноў жа, глядзеў, чытаў прысуд: даюць чалавеку 10 гадоў. Высьвятляецца, што забіў з рэўнасьці, было бачна, што ён моцна перажываў і, на мой погляд, зрабіў гэта сапраўды ў стане афэкту. Магчыма, недапрацоўка адвакатаў, яшчэ чыясьці, але каб было прызнана, што ён учыніў забойства ў стане афэкту (а гэта адчувалася і зь яго аповедаў, і з тых фактаў, якія былі адлюстраваныя ў прысудзе), яму б далі гады чатыры (артыкул 144). А калі проста забойства (артыкул 139), то ён і атрымаў 10 гадоў. Зноў жа, самаабарона. Здолееш ты даказаць, што абараняўся, што адабраў нож і іншага варыянту не заставалася, спрацуюць адвакаты, выслухае цябе судзьдзя, — значыць, ёсьць шанец атрымаць па мінімуме.

— То бок мяжа пры вызначэньні характару злачынства надзвычай тонкая?

— Ёсьць артыкул «забойства», а ёсьць «нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, якія выклікалі сьмерць». А дзе мяжа? Дапусьцім, мы пабіліся, я біў некага рукамі, палкай, ён паваліўся і праз гадзіну памёр ад разрыву лёгкага, пячонкі ці яшчэ чагосьці. У адным выпадку гэта прызнаецца як забойства, а ў іншым — як нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў са сьмяротным вынікам. Найперш, розны тэрмін пакараньня, хоць там нават сутнасьць ня ў тэрміне, а ў тым, што забойства ў любым выпадку лічыцца больш цяжкім артыкулам і па тым жа 139-м, частцы 2-й нават амністыі няма. Тады як па 147-й — нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў — па амністыі нават могуць зьняць год ці два.

— Стаўленьне да цяжкіх злачынстваў, мяркуючы па ўсім, таксама неадназначнае?

— Трэба ж усьведамляць, што забойства забойству ня роўнае, гвалт гвалту таксама ня роўны. Хтосьці сядзіць за тое, што пэрыядычна біў сваю жонку. Але бывае і такое, што муж сядзіць за згвалтаваньне жонкі. Жонка яму не дала, ён узяў яе сілай. А яна напісала заяву ў міліцыю, ну і панеслася. І тэрміны немалыя, бо закон для ўсіх адзін і той жа. Дапусьцім, старт за згвалтаваньне — ад 6 гадоў. І судзьдзя ня робіць ніякай розьніцы — атрымліваеш тыя ж 6 гадоў, нягледзячы на тое, што гэта твая жонка. На зоне з такога чалавека будуць папросту пасьмейвацца, гумарыць. Але калі ты кагосьці згвалціў у цёмным лесе — дык нічога сабе! Стаўленьне адпаведнае: ты ж мог і маю жонку згвалціць, і маю дачку. За што мне цябе паважаць? Абсалютна няма за што.

— Апошнім часам за эканамічныя злачынствы тэрмін можна атрымаць яшчэ большы, чым за забойства. Гэта апраўдана?

— Згвалціў, забіў — так, я разумею, чалавек рэальна небясьпечны для грамадзтва, яго трэба ізаляваць. Каб мы спакойна хадзілі па вуліцах, каб дзеці нашы спакойна хадзілі ў школу; каб мы не хваляваліся, што ўначы на жонку ці на дачку хтосьці нападзе, забярэ сумачку, ударыць па галаве цаглінай. Але сапраўды, гэтак жа могуць ізаляваць чалавека, які набыў для гаспадаркі ўстаноўку не за 30 мільёнаў рублёў, а за 40. І ён 3 гады атрымаў.

Рэальны прыклад: са мной сядзеў спэцыяліст з гаспадаркі «Александрыя» пад Шкловам, з радзімы прэзыдэнта. Ня памятаю ўжо прозьвішча, бо гэта было ў 2008-м, але яму інкрымінавалі службовае злачынства. Асуджаны за тое, што патрацілі 40 мільёнаў на нейкую даільную ўстаноўку, якую можна было набыць за 35 мільёнаў. Пасадзілі за тое, што купіў даражэй, чым можна было. Я цікавіўся: чаму набылі даражэй? Ён аргумэнтаваў, што ў такім выпадку была гарантыя на 2 гады і сэрвіснае абслугоўваньне. Яму падалося, што гэтая фірма лепшая за тую, якая прадавала за 35 мільёнаў. Нібыта ніякіх карысьлівых плянаў, бо не даказана, што ён гэтыя грошы сабе паклаў у кішэню ці што меў месца нейкі адкат. І тым ня меней — злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі: мог купіць за 35, а купіў за 40. Аўтаматычна лічыцца, што ён гэты лішак атрымаў адкатам ці неяк інакш. Ну, дык гэта злачынства ці не, калі не зэканоміў дзяржаўныя грошы? Гэта добра, калі ён выплаціць пазоў і пойдзе на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне (спадзяюся, што ён ужо дома). Але ў любым выпадку — гэта вельмі вялікія тэрміны.

— Ці можна дапускаць, што многія прысуды даюцца з «запасам» на пару гадоў?
Cудзьдзя задавала тыя пытаньні, якія павінен задаваць пракурор.

— Гэта сьведчыць пра тое, што многія прысуды матываваныя самімі судзьдзямі, хоць функцыі абвінавачаньня — органаў сьледзтва і пракуратуры — прапісаныя абсалютна зразумела. Спачатку цябе вядзе сьледзтва, потым забірае пракуратура, і ўжо на судзе пракурор выконвае абвінаваўчую функцыю. Адвакаты цябе абараняюць, а судзьдзя ўвогуле павінен быць абсалютна староньняй, незаангажаванай фігурай. Проста павінен кіраваць працэсам: ваша слова — абарона, ваша слова — абвінавачаньне. Што вы можаце патлумачыць па гэтым пытаньні, што можаце ўдакладніць па гэтым эпізодзе? Што хоча сказаць па дадзеным факце абвінавачаны? Толькі запытваць, і ўсё.

Магу сказаць, што ў маім выпадку (а ў мяне былі два суды) і першы, і асабліва другі раз судзьдзя задавала тыя пытаньні, якія павінен задаваць пракурор. Судзьдзя выконвала функцыі і абвінаваўцы, і абароны, ёй было ўсё роўна. А інстытуту адвакатуры, лічу, у нас увогуле няма. Можа, і ёсьць людзі кшталту Гары Паганяйлы, але гэта адзінкі, якія сапраўды незалежныя, могуць выступіць і выказаць сваю думку; не баяцца, што ў іх заўтра забяруць ордэр ці яшчэ што. А ўсе астатнія павязаныя-завязаныя, ня ведаю, чым і як, але калі інстытуту адвакатуры няма, то судзьдзя — гэта чалавек, які цябе і абвінавачвае, і ўсё вырашае. І пры гэтым думае, каб ня трапіць у непрыемнае становішча. Заўсёды, мне здаецца, у значных справах — як падчас палітычных працэсаў, супраць Бяляцкага — нічога падчас паседжаньня не вырашалася. Судзьдзі проста сказалі: мінімум 4 гады. Бо таму ж Бяляцкаму максымум па артыкуле — 7 гадоў — ніхто, канечне, даваць не зьбіраўся. Але адназначна: судзьдзя ня вырашыў гэта на судовым працэсе, усё было вырашана загадзя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG