Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаны за нясплату падаткаў: Бяляцкага пасадзілі за супраціў рэжыму


Алег Гаршкоў
Алег Гаршкоў
Магілёўскі прадпрымальнік Алег Гаршкоў у 2007 годзе быў асуджаны па тым жа артыкуле, што летась праваабаронца Алесь Бяляцкі. І калі для заснавальніка праваабарончага цэнтру «Вясна» турэмнае выпрабаваньне толькі пачынаецца, спадар Гаршкоў свой маратон паступова завяршае: пры канцы мінулага году, пасьля 3,5 гадоў у СІЗА-4 Магілёва і 10 месяцаў у калёніі «Віцьба-3», ён пераведзены на рэжым абмежаваньня волі. Адпачатку абвінавачаньне патрабавала для «злоснага неплацельца падаткаў» максымальны тэрмін — 7 гадоў пазбаўленьня волі. Суд год «скасьціў», яшчэ год «зьела» амністыя. Алег Гаршкоў — пра будні зоны, пра стаўленьне зэкаў да «палітычных» і «эканамічных», пра сумнеўную «бязгрэшнасьць» судовай сыстэмы.

— Алег, апошнім часам інтарэс да турэмнай тэматыкі стабільна высокі. За краты кідаюць у літаральным сэнсе, не зважаючы на чыны і званьні. Звыклы склад сядзельцаў пашыраецца дзякуючы палітычным і эканамічным «злачынцам». Ужо асуджаных — як у выпадку з палітвязьнямі Статкевічам і Аўтуховічам — пераводзяць з калёніі ў турмы. Адкуль столькі ворагаў?

Алег Гаршкоў нарадзіўся 8 красавіка 1969 году ў Магілёве. Скончыў з срэбным мэдалём сярэднюю школу, пасьпяхова скончыў факультэт журналістыкі БДУ, атрымаў дыплём журналіста. Напачатку 1990-х працаваў у рэспубліканскай газэце «Звязда» і магілёўскім тыднёвіку «Талака». З 1997 да 2007 году займаўся бізнэсам.
— Сёньня Крымінальны кодэкс настолькі недасканалы, што дзіву даесься. Зноў жа, мой артыкул — ад нуля да сямі гадоў. Па ім, дарэчы, праходзіць і Алесь Бяляцкі. Дык вось, што дазваляў максымум, тое і просяць. 7 гадоў ёсьць па артыкуле, пракурор столькі і просіць. Нягледзячы на тое, што я інвалід, што выхоўваю дваіх малых дзяцей. Бяляцкаму маглі даць 3, 2, нават 1 год «хіміі». Чаму далі 4,5 году пазбаўленьня волі — я не разумею. Таму што так трэба было ўладам, відаць. Трэба было сказаць, што Бяляцкі пайшоў супраць сыстэмы, ён ня мае рацыі і атрымае рэальны тэрмін. Замова, больш нічога. Што такое некалькі сотняў мільёнаў рублёў? Заробак якога-небудзь чыноўніка, які дарма праседжвае сваё крэсла, за год адбірае ў дзяржавы больш грошай. І на гэта ўлада не зьвяртае ўвагі. А Бяляцкі, што быццам не заплаціў са свайго прыбытку падаткі, атрымаў вялізны тэрмін. Абсурд! У Швэйцарыі ўвогуле няма такога злачынства, як ухіленьне ад сплаты падаткаў, там увогуле за гэта ня судзяць. Я лічу, што гэта вельмі вялікі тэрмін і чалавек гэтага не заслугоўвае. Магу ўсё дапусьціць: што ён дзесьці ад гэтых грошай і сабе штосьці «адкусіў», можа, купіў нават сабе кватэру. Але ў дзяржавы ж ён нічога ня скраў! І ў беларусаў нічога ня скраў! Людзі добраахвотна далі яму грошы. А што, ён мусіць гэтым займацца, абсалютна нічога за працу не атрымліваючы? Гэта такая ж дзейнасьць, як і любая іншая, яму таксама трэба за нешта жыць. І нават калі ён дзесьці штосьці сабе «прыкішэніў», трэба за гэта даваць 4,5 году? Ганьба такому суду!

— Чаму такія жорсткія пакараньні? І ці сапраўды настолькі небясьпечныя вязьні — не забойцы, не гвалтаўнікі — што для іх мала нават калёніі, трэба яшчэ зачыніць у турму?

— Перавесьці з папраўчай калёніі ў турму («крытку») могуць як забойцу, так і хулігана. Калі дрэнна сябе паводзіш у калёніі: не ўстаеш своечасова, цягам дня не выконваеш рэжым, пакурыў у неўсталяваным месцы — табе свеціць турма. Але тут узьнікае яшчэ іншы бок: мала таго, што цябе пазбавілі волі, дык цябе яшчэ, як скаціну, там утрымліваюць, цябе яшчэ прыніжаюць, ставяць у нейкія рамкі. Прыкладам, хадзіць строем, выцягвацца ў лінейку перад адміністрацыяй, апранацца ва ўсё казённае, аднолькавае, зашпільвацца на ўсе гузікі, як вайскоўцы. Навошта? Я не разумею, чаму трэба хадзіць строем? Можа, яшчэ скажуць песьні сьпяваць і каб барабаны дроб адстуквалі? Нашто гэта аднастайнасьць? Я чуў, што ў Польшчы ў турме, у СІЗА, дзе людзі сядзяць пад сьледзтвам, ім каву даюць з булачкамі. І калі булачка ня сьвежая, ты можаш падняць шум, да цябе прыйдзе начальнік і будзе выбачацца — за булачку ці за тое, што падалі каву недастаткова гарачую. А ў нас у парадку рэчаў даць халодны суп без аніводнага каліва гародніны, а прагорклую капусту (зэкі зьдзекліва называюць яе «бігусам») 9 месяцаў у год падаюць на абед і вячэру. Яе ядуць, як правіла, толькі старыя зэкі і тыя, хто на волі харчаваўся абы як. А калі пасьля такога абеду нават не прыляжаш на шконку — барані бог! — а проста, седзячы, прыхілісься да сьцяны, то рызыкуеш быць выведзены ў калідор і пабіты гумовай дубінай. Ну, ці не катаваньне гэта, ці не парушэньне правоў чалавека? Дарэчы, гэта адбываецца ва ўсіх сьледчых ізалятарах, хоць там утрымліваюцца людзі ў статусе падазраваных альбо абвінавачаных у злачынстве. То бок, на іх яшчэ няма прысуду, які можа быць і апраўдальным, ды і сьледчы (хоць вельмі рэдка, але такое здараецца) можа зьняць абвінавачваньне і ня даць ходу справе. Падкрэсьліваю: там можа апынуцца любы грамадзянін і празь нейкі тэрмін адчуць гэта на сваёй скуры.
Падкрэсьліваю: там можа апынуцца любы грамадзянін.

— За эканамічныя злачынствы наколькі шмат людзей сядзіць?

— Зараз шмат. Пэўна не магу сказаць у працэнтных адносінах, але, магчыма, 15-20%. Дый з нашым «правасудзьдзем» незразумела, што браць за эканамічныя злачынствы. У нас так судзяць, што за злачынства па сваім аб’ектыўным складзе як эканамічнае могуць памылкова засудзіць па артыкуле 209 «махлярства». Зыходжу найперш са сваёй крымінальнай справы, у якой адпачатку было абвінавачваньне ў абнаяўніваньні грашовых сродкаў з разьліковых рахункаў фірмаў (артыкул 233 ч.3 Крымінальнага кодэксу) і толькі праз паўгоду абласная пракуратура вырашыла, што да мяне лепш падыходзіць артыкул 243 КК. Магу гаварыць і за іншых, бо, правёўшы ў камэры для асуджаных амаль год, прачытаў дзясятак-другі чужых прысудаў. І я бачыў: справа цягне на шараговае рабаўніцтва, а чалавека асуджваюць па больш жорсткім артыкуле 207 «разбой». Ці, прыкладам, відавочнае ўтойваньне даходаў ад прадпрымальніцкай дзейнасьці ды нейкія спрэчкі з кампаньёнам на глебе падзелу гэтых даходаў — дык не: судзьдзя прыклеіў небараку махлярства, крадзёж ды яшчэ нейкі артыкул КК. Я дык не разумею: як гэта прыватнік можа сам сябе абкрасьці і атрымаць за гэта тэрмін? А у нас бывае! На мой погляд, судзьдзі кваліфікуюць злачынства вельмі суб’ектыўна, я б нават сказаў, на «вока». Вось мы кажам пра эканамічныя злачынствы. Бывалыя ужо зэкі, якія таксама сядзелі і 10 гадоў таму, і нават 15, казалі, што калі раней нейкі дырэктар трапляў у камэру, у СІЗА, то гэта была рэдкасьць надзвычайная. А цяпер убачыць у турме ці ў калёніі дырэктара, бухгалтара, эканаміста, інжынэра, юрыста ня рэдкасьць зусім. Тое ж можна сказаць і пра сілавікоў, палкоўнікі КДБ, МУС, мытнікі — сёньня гэта амаль норма. І тэрміны пры гэтым вялізныя — 7, 9, 10, 12 гадоў.

Алег Гаршкоў — пра рэаліі беларускай зоны
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:43 0:00
Наўпроставы лінк


— Прытым, што ў шэрагу выпадкаў можна было абмежавацца штрафам ці ўмоўным пакараньнем?

— На мой погляд, у нас у дзяржаве столькі міліцыі на душу насельніцтва (і ўсе яны атрымліваюць немалыя заробкі), што калі яны ня будуць даваць на-гара крымінальныя справы — то зь іх запытаюць: а што вы робіце, штаны праседжваеце? А калі вы ні чорта ня робіце, дык будзем скарачаць ваш аддзел, прыбяром прынамсі лішніх людзей. Міліцыянтаў настолькі шмат, што яны з-за боязі скарачэньня нараджаюць і нараджаюць гэтыя справы. Запоўненыя турмы, запоўненыя калёніі менавіта таму, што сілавым структурам неабходна адпрацоўваць свой заробак. Стаць за станок, сесьці на камбайн ім ня хочацца, бо лягчэй запалохваць зэкаў, вадзіць іх у сталоўку строем ці ў клюб на бязглуздыя лекцыі, кіно ім круціць па выходных і г. д.

— Летась турмы запоўніліся і палітычнымі вязьнямі. Гэта нават не эканамічныя асуджаныя, не крымінальнікі. Сярод іх нямала выпадковых людзей, якім, аднак, давалі па 3-4 гады ўзмоцненага рэжыму. Якое стаўленьне да іх?
Трапляючы, як кажуць, па той бок, усе зэкі аднолькавыя.

— Усё залежыць ад канкрэтнага чалавека, як ён сябе паводзіць, як сябе зарэкамэндуе. Трапляючы, як кажуць, па той бок, усе зэкі аднолькавыя: палітычны ты, эканамічны ці крымінальнік, дырэктар ты ці ты прыбіральшчык — там ўсе гэтыя рамкі значна сьціраюцца. У цябе там няма дырэктарскага партфэлю і ў цябе няма, як у палітыка, нейкіх атрыбутаў — ня ведаю, бел-чырвона-белага сьцяга. Так, пра цябе найперш даведаюцца што ты, дапусьцім, не блакітны, пра твае зносіны зь міліцыянтамі і лад жыцьця, пацікавяцца, як жыў, дзе працаваў і г. д. Адназначна дрэнна ставяцца там да педафілаў, да гвалтаўнікоў. Да забойцаў — так, але, гледзячы да якіх. Калі ты забіў жонку з рэўнасьці — гэта адно, але калі забіў няшчасную старую за 5 тысяч, то, натуральна, дрэнна адносяцца. Калі забіў чалавека, абараняючы свае гонар і годнасьць — гэта адно, але калі ты ў бытавой бойцы па п’янцы некага зарэзаў, то ты проста алкаш, якая да цябе павага? І да палітычных адносіны гэткія ж. Калі ты чалавек годны і паводзіш сябе па-людзку, прытрымліваесься традыцый, што там існуюць, з павагай адносішся да іншых сядзельцаў, то і да цябе будзе нармальнае стаўленьне. А калі што ня так — прабач, можна ня толькі вакуўм вакол сябе ўтварыць, але і фізычна пацярпець.

— Але адна справа, калі ёсьць элемент гвалту, нават можна пагадзіцца з эканамічнымі пакараньнямі. А тут выйшаў чалавек на плошчу, выказаў пазыцыю і атрымаў некалькі гадоў калёніі. Асуджаюць на зоне тых, хто выносіў такія прысуды?

— Увогуле з боку бальшыні асуджаных стаўленьне і да міліцыі, і да пракуратуры, і да судзьдзяў адно: праўды няма, бо наш суд нельга назваць правасудзьдзем. І гэта тычыцца ня толькі палітычна абумоўленых, рэзанансных спраў, але і соцень шараговых, за якімі тысячы простых зэкаў. Вось зараз узгадаліся два рэцыдывісты, зь якімі давялося сядзець у СІЗА-4. Разам пілі гарбату, дзялілі сала і цыбулю на ўсіх пароўну, жартавалі. У абодвух — 205-я, «народная» («крадзёж»), у абодвух прыкладна аднолькавыя сумы пазову — да 700 тысяч рублёў. Дык вось, адзін «прывёз з суду ў «хату» паўгода арышту, а яго знаёмец — ажно 3 гады пазбаўленьня волі! Сакрэт «шчасьліўца» быў просты: ён ва ўсім пагаджаўся з судзьдзёй і пракурорам, нават вінаватую міну трымаў на твары. Другі злодзей быў маладзейшы і ў нейкіх там дробязях, хоць віну сваю і не адмаўляў, імкнуўся спрачацца. Высновы рабіце самі. Натуральна, што судовыя памылкі ніхто ня можа выключыць, людзям уласьціва памыляцца, і гэта нармальна. І судзьдзя таксама чалавек, ён таксама можа памыліцца. І сьледчы можа памыліцца, і пракурор. Калі б у нас існаваў падзел гэтых інстанцый, то ўсё было б добра. Але атрымліваецца, што ў нас усе перасьледуюць адну і тую ж мэту: калі цябе закрылі, пасадзілі ў сьледчы ізалятар і за табой зачыніліся жалезныя дзьверы — «тармазы», — то лічы, што ты ўжо атрымаеш абвінаваўчы прысуд. То бок, працэнтаў на 95 твой прысуд будзе абвінаваўчы. Пытаньне толькі ў тым, па якім артыкуле цябе асудзяць і колькі табе дадуць. Але калі цябе зачынілі ў турму, то ты ўжо практычна асуджаны. Калі сьледчы завёў справу і перадаў абвінаваўчае заключэньне ў суд, то суд наўрад ці цябе апраўдае.
Калі цябе закрылі, пасадзілі ў сьледчы ізалятар і за табой зачыніліся жалезныя дзьверы — «тармазы», — то лічы, што ты ўжо атрымаеш абвінаваўчы прысуд.

У нас апраўдальных прысудаў на тысячу чалавек — ня больш за дзясятак. Але наша судовая сыстэма выстаўляе гэта як посьпех. Гавораць, што сьледзтва, значыць, працуе якасна — што так мала апраўдальных прысудаў. Хоць дзе-небудзь у Галяндыі ці, дакладней, у Заходняй Эўропе — бо гэта залежыць ад канкрэтнай краіны, там таксама па-рознаму — да 30% апраўдальных прысудаў лічыцца нормай. То бок, 300 чалавек з тысячы могуць быць апраўданыя. І ніхто нікога за гэта не звальняе з працы, не пазбаўляе волі. А ў нас на тысячу — 0,3%. Ну, гэта ненармальна, бо ўвогуле азначае, што ў нас працуюць нейкія ідэальныя сьледчыя, ідэальныя пракуроры, якіх ні ў чым нельга паправіць. Ну і навошта нам такая «бездакорная» сыстэма і такі «бесстароньні», «аб’ектыўны» суд, які з 1937 году толькі абвінавачвае? Гэта ня суд, а тэатар зь вядомымі лялькаводамі ва ўтульных кабінэтах. Калі так —то можна абмежавацца сьледчым камітэтам і пракуратурай, а непатрэбную дэкарацыю ў выглядзе цяперашніх судоў скасаваць. Усё роўна плюем на ўсялякіх там «казлоў» з Эўропы. Затое колькі грошай заашчадзіцца!

— Такое адчуваньне, што мала дапамагаюць і касацыйныя скаргі?

— Так, людзі пішуць касацыйныя і наглядныя скаргі, прычым, трэба сказаць, іх пішуць амаль усе. Але разгляд іх, як правіла, фармальны. Зрэдку здараюцца нават адмены, але, зноў жа, лепей бы яны гэта не рабілі, таму што адмена прысуду зусім не азначае, што цябе апраўдаюць. Табе, хутчэй за ўсё, дадуць той жа тэрмін, толькі пры гэтым ты яшчэ будзеш пакутаваць ад невядомасьці, заставацца ў СІЗА, сядзець у камэры замест таго, каб паехаць у калёнію са сваім ужо агучаным тэрмінам, звыкнуцца зь ім, спакойна ведаючы, што калі да цябе няма зыску, праз палову тэрміну ў цябе можа быць умоўна-датэрміновае вызваленьне, у цябе будзе замена рэжыму і г. д.

— Знаходжаньне па той бок калючага дроту, нават калі яно цягнулася усяго некалькі месяцаў, накладае адбітак на ўсё астатняе жыцьцё?

— Год-два, праведзеныя там, ужо цябе адкідвае ў разьвіцьці як мінімум на тыя ж два гады, плюс яшчэ год, за які ты мусіш дагнаць сваіх аднагодкаў, аднавіць сацыяльныя сувязі, якія парваліся. Дый людзі ставяцца да тых, хто трапіў туды, з насьцярожанасьцю. Ага, пабыў там, значыць, трэба трымацца на адлегласьці, бо турма — гэта як кляймо. І няважна, за што ты туды трапіў насамрэч. Быў у турме, значыць, ты ўжо іншы, нават тэлеперадача такая ёсьць — «Іншыя». Якія «іншыя»? Гэта такія ж самыя людзі! А з улікам таго, што саджаюць туды зараз усіх, ёсьць над чым падумаць. Бывае, саджаюць за такія рэчы, што, здавалася б, навошта яго тут трымаюць увогуле? Хтосьці скраў скрыню шклатары ці са склепу два слоікі з закаткамі, альбо быў выпадак, калі судзілі за скрадзеныя 5 кіляграмаў сала — і чалавек атрымаў 2 гады абмежаваньня волі. Абсурд проста!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG