Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераможца «Залатой літары» — Сяргей Харэўскі


Сяргей Харэўскі

Сяргей Харэўскі

«Залатая Літара» — штогадовая суб’ектыўная літаратурная прэмія, якую ўручае пісьменьнік і выдавец Адам Глобус за найлепшую кнігу году.

Прэмія заснаваная ў 2004 годзе. У розныя гады ёю ўзнагароджваліся Аксана Бязьлепкіна, Уладзімер Арлоў, Севярын Квяткоўскі, Сяргей Харэўскі, Андрэй Федарэнка, Леанід Галубовіч і іншыя.

На «Залатую літару — 2011», паводле сьпісу Глобуса, прэтэндавалі 10 кніг:
  1. Ян Максімюк. «Словы ў голым полі» (эсэ).
  2. Сяргей Календа. «Іржавы пакой зь белымі шпалерамі» (проза).
  3. Лявон Вольскі. «Міларусь» (проза).
  4. Марыя Мартысевіч. «Амбасада» (паэзія).
  5. Артур Клінаў і Вольга Архіпава. «Беларускі авангард 80-х» (альбом).
  6. Сяргей Харэўскі. «Сто твораў ХХ стагодзьдзя» (нарысы).
  7. Павал Касьцюкевіч. «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (проза).
  8. Алесь Бяляцкі. «Літаратура і нацыя» (артыкулы).
  9. Арнольд Макмілін. «Пісьменства ў халодным клімаце» (артыкулы).
  10. Уладзімір Лобач. ULASLOVY (вершы).

У фінал выйшлі:
  1. Лявон Вольскі. «Міларусь» — 13%;
  2. Алесь Бяляцкі. «Літаратура і нацыя» — 20%;
  3. Сяргей Харэўскі. «Сто твораў ХХ стагодзьдзя» — 67%.


Адам Глобус

Адам Глобус

Адам Глобус такім чынам пракамэнтаваў вынікі інтэрнэт-галасаваньня:

«Я згодны з вынікамі. Прычым, два разы я ставіў галасаваньне, і два разы яно паказвала Сяргея Харэўскага — „Сто твораў ХХ стагодзьдзя. Нарысы па гісторыі мастацтва і архітэктуры Беларусі найноўшага часу“. Прычым, перамога чаканая. Некалькі гадоў таму я даваў прэмію таксама яму, але ён яе падзяліў зь Севярынам Квяткоўскім. І Сяргею дасталася толькі палова. Я палічыў, што калі чалавеку дастаецца палова, то нічога страшнага, калі я вылучу яго другі раз. І працяг кніжкі, якая атрымала ўжо палову, і дададак да яе атрымаюць другую палову».

Навіна пра перамогу засьпела Сяргея Харэўскага ў Вільні:

«Гэта кніга ня толькі пра мастацтва і ня толькі пра мастакоў, колькі пра лёс нашай радзімы, пра лёс людзей. Тут цэлы ружанец лёсаў самых розных людзей, розных нацыянальнасьцяў, які склаўся ў 20-м стагодзьдзі зь імі. Там нямала гістарычнай фактуры, там нямала сьведчаньняў людзей, якіх я яшчэ засьпеў, зь якімі я пасьпеў пагаварыць. Ну і, канечне, гэтая кніга разьлічаная на тых, хто шануе мастакоў, любіць мастацтва, на тых, хто творыць сам».

Традыцыйна прэмія «Залатая літара» ўручаецца 25 сакавіка. Цырымонія адбываецца ў адной зь менскіх кавярняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG