Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сучасных нацыянальных культурах даўно сталі папулярнай зьявай каталёгі накшталт «100 замкаў Чэхіі» ці «100 пісьменьнікаў Францыі» ці «500 шэдэўраў сусьветнага жывапісу». Такія кнігі ня толькі сыстэматызуюць веды, але і ўдала пашыраюць іх сярод публікі.

Новая кніга Сяргея Харэўскага «Сто твораў ХХ стагодзьдзя: нарысы па гiсторыi мастацтва i архiтэктуры Беларусi найноўшага часу» ў беларускую культуру такі жанр прыводзіць упершыню. Прынамсі, з гэткім шырокім ахопам і на такім грунтоўным узроўні. У пятніцу перад самай прэзэнтацыяй у сталічнай кнігарні «логвінаЎ» Сяргей Харэўскі быў госьцем нашага радыё.

Соўсь: Сяргей, хто прыйшоў да вас на прэзэнтацыю новай кнігі?

Харэўскі: Прыйшлі мае калегі, мастацтвазнаўцы, журналісты Алеся Раманюк, Віктар Марціновіч, Максім Жбанкоў, ну і канечне ж мастакі, чые творы, у тым ліку, прадстаўленыя ў гэтай кнізе – Уладзімер Сьцяпан, Адам Глёбус, Аляксандар Грышкевіч, пісьменьнікі, натуральна, Уладзімер Арлоў, наш знаны філёзаф Валянцін Акудовіч, так што кампанія атрымалася цёплай і прыемнай.



Соўсь: Ці цяжка было знайсьці цэлых сто твораў для вашай кнігі?

Харэўскі: Якраз знайсьці іх няцяжка. І я думаю, што іх магло быць і 200, і 300. Проста гэта ня поўная выбарка. Я не прэтэндаваў на поўную. Знайсьці ня цяжка, цяжка апісаць. Я імкнуўся распавесьці не пра ўсё-ўсё, што падабаецца мне, а пра тыя творы, якія пазначаюць зьявы, важныя для эвалюцыі нашай мастацкай культуры, нашай архітэктуры, нашай фатаграфіі. Гэта творы заходнебеларускага мастацтва, творы эпохі сталінізму, найноўшыя творы, творы, прысьвечаныя Чарнобылю і шмат чаго іншага. Калісьці я браўся за напісаньне гэтай сэрыі для газэты "Наша Ніва" ў 1997 годзе, якая рабілася ў Вільні, а зараз мне застаецца падзякаваць Эўрапейскаму гуманітарнаму ўнівэрсытэту, які знайшоў магчымасьці, знайшоў сродкі, даверыўся мне, і ў выдавецтве ЭГУ зноў жа ў Вільні выйшла мая ўжо чацьвёртая па ліку кніга.

Соўсь: Кажуць, што ў беларускай культуры ваша кніга – прэцэдэнт. Ці дагэтуль нічога такога не было?

Харэўскі: Было шмат кніг пра мастацтва. Але менавіта ў такім ключы каталёга з такой ерархіяй і сыстэмай пакуль не было. Прычынай таму ёсьць, сярод іншага, палітычны аспэкт. У Беларусі амаль немагчыма выдацца ў дзяржаўных выдавецтвах, тут шмат значыць, член саюза – ня член саюза, наш – ня наш, лаяльны да гэтай улады або нейкі радыкал. І гэта вельмі замінае ў наш час спакойнаму ўважліваму разгляду твораў. Напрыклад, выдатнага фотамастака Зянона Пазьняка або выдатнага мастака Алеся Пушкіна. Сытуацыя вельмі замінае спакойнаму разгляду ўсяго нашага даробку за мінулае стагодзьдзе.

Соўсь: Ці нешта засталося па-за гэтым выданьнем?

Харэўскі: Вядома. Гэтае выданьне – гэта толькі маленькая вяршыня айсбэрга, і я ні ў якой ступені не прэтэндую на паўнату ды ісьціну ў апошняй інстанцыі. Я толькі пазначыў некаторыя рэчы альбо забытыя, альбо невядомыя. Я заахвочваю паглядзець шырэй. І толькі.

Соўсь: Дзе будзе прадавацца кніга?

Харэўскі: У кнігарні «логвінаЎ» і дзесьці яшчэ. Я думаю, ахвочыя – знойдуць.

Цалкам гутарку можна слухаць тут:

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG