Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марэк Мігальскі: Палітыка Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі дасягнула дна


Poland - Marek Migalski, European MP, undated

Poland - Marek Migalski, European MP, undated

Эўрадэпутат Марэк Мігальскі зрабіў заяву ў сувязі з пакараньнем сьмерцю Ўладзіслава Кавалёва.

Прыводзім поўны тэкст заявы.

«Учора Ўладзіслаў Кавалёў быў пакараны сьмерцю. Гэта асабістая трагедыя для яго і для яго сям’і. Нам варта перадаць спачуваньні яго блізкім і памаліцца за яго душу.

Але гэта таксама палітычная трагедыя. Палітыка Эўрапейскага Зьвязу ў дачыненьні да Беларусі дасягнула дна. Шматгадовая непаслядоўная палітыка прывяла да сытуацыі, калі беларусы засталіся адны ў сваёй барацьбе з рэжымам Лукашэнкі. Падзеі апошніх дзён гэта пацьвярджаюць.

Пазаўчора павінна была быць прынятая рэзалюцыя Эўрапейскага Парлямэнту, якая вінаваціць рэжым Лукашэнкі і заклікае да таго, каб адабраць у яго магчымасьць правядзеньня Чэмпіянату сьвету па хакеі. На жаль, у выніку няяснай для мяне палітычнай гульні прыняцьце рэзалюцыі было адкладзена. У зале пасяджэьняў я пераконваў, што на мове палітыкі, у прыватнасьці, на мове Лукашэнкі гэтае рашэнне будзе ўспрынята як вынік слабасьці. Тым больш што днём раней Лукашэнка адмовіў у памілаваньні Ўладзіславу Кавалёву і Дзьмітрыю Канавалаву.

Пазаўчора я напісаў Марціну Шульцу просьбу апэляваць да Лукашэнкі не выкарыстоўваць сьмяротнае пакараньне да Кавалёва і Канавалава. Старшыня Эўрапейскага Парлямэнту адрэагаваў на гэта вельмі хутка і апублікаваў адпаведную заяву. На жаль, было ўжо занадта позна. Мы павінны задумацца над тым, наколькі пакуты беларусаў зьвязаныя зь непасьлядоўнасьцю палітыкі ЭЗ.

Я перакананы, што мы ў вялікай ступені адказныя за тое, што рэжым Лукашэнкі працягвае існаваць, як адказныя і за сьмерць Уладзіслава Кавалёва. Мы абавязаны памятаць пра гэта!»
XS
SM
MD
LG