Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кавалёва і Канавалава расстралялі

абноўлена

Любоў Кавалёва: Я думала, што Лукашэнка імі будзе гандляваць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:18 0:00
Наўпроставы лінк

Любоў Кавалёва. Першыя хвіліны пасьля таго, як яна даведалася пра тое, што сына растралялі

Агульнанацыянальнае тэлебачаньне Беларусі ў вечаровым выніковым выпуску навінаў паведаміла аб выкананьні сьмяротнага прысуду ў дачыненьні да абодвух меркаваных выканаўцаў выбуху ў менскім мэтро – Дзьмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва.


21.45 Ля ўваходу ў падзямельны пераход на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» паставілі партрэт Уладзіслава Кавалёва.

«Расеская служба навінаў» паведамляе, што партрэт паставілі побач з помнай дошкай ахвярам тэракту. Партрэт прастаяў каля 5 хвілінаў. Пасьля гэтага яго зьнёс чалавек у цывільным. Яшчэ двое пераапранутых супрацоўнікаў сьпецслужбаў дзяжураць ля помніка.




21.00 Міліцыя затрымала чалавека, які шоў з кветкамі да кватэры Кавалёвых.

Супрацоўнікі МУС дзяжураць ля пад’езду.

Тут таксама знаходзяцца дзьве машыны з танаваным шклом.

Ля ўваходу ў пад’езд, а таксама ля дзьвярэй кватэры ляжаць кветкі. Нехта запаліў сьвечку.





Бэрлін шкадуе, што Лукашэнка праігнараваў усе міжнародныя заклікі

У Віцебску ўшанавалі памяць Уладзіслава Кавалёва

Эштан: расстралялі без належнага суду

Сьпікер Эўрапарлямэнту дасылае спачуваньні сям’і Кавалёва


Наўпроставы лінк


Сьвятлана Чорная: Як мне далей жыць у гэтай краіне?

Інвалід Сьвятлана Чорная да працэсу па справе тэрарыстаў была чалавекам цалкам апалітычным, жыла ў сваім ўнутраным сьвеце. А цяпер у яе зусім іншы погляд на тое, што адбываецца вакол. Пасьля абвяшчэньня прысуду яна абвясьціла галадоўку і пісала зварот да кіраўніка краіны:

«Я проста зараз ня ведаю, як жыць далей... Як мне не баяцца за свайго сына, як мне далей жыць у гэтай краіне пад кіраўніцтвам гэтага прэзыдэнта? Я яшчэ ўчора зьбіралася пісаць зварот у сувязі з адмовай у памілаваньні, і вось сёньня такая навіна! Што да маёй галадоўкі, то мне абсалютна ня хочацца есьці. У мяне ў галаве іншае: як жыць далей?»


Марэк Мігальскі: Палітыка Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі дасягнула дна

Шматгадовая непаслядоўная палітыка прывяла да сытуацыі, калі беларусы засталіся адны ў сваёй барацьбе з рэжымам Лукашэнкі. Падзеі апошніх дзён гэта пацьвярджаюць.


Марылюіза Бэк: «Расстрэл Кавалёва — сталінізм вяртаецца ў Эўропу»

«Гэта быў паказальны працэс у традыцыях сталінскіх часоў, мэтай якога было ня выявіць сапраўдных вінаватых ды пакараць іх, а схаваць доказы злачыннасьці рэжыму, у цэнтры якога сам Лукашэнка. Яго рашэньне дэманструе, што сталінізм вяртаецца ў Эўропу».


15:40 Tut.by без спасылкі на крыніцы піша, што Дзьмітрыя Канавалава таксама расстралялі.


Уладзімер Лабковіч: Улады праігнаравалі рашэньне Камітэту па правах чалавека ААН

«Увогуле, такі від пакараньня, як сьмяротная кара, абсалютна абуральны, сярэднявечны, недапушчальны ў сёньняшнім сучасным грамадзтве. Гэта абсалютна нялюдзкі, нечалавечы ўчынак з боку беларускіх уладаў.

Зноўку афыцыйныя ўлады праігнаравалі пазыцыю міжнароднай супольнасьці, заклікі замежных палітыкаў, дэпутатаў Эўрапарлямэнту, і самае галоўнае — праігнаравалі рашэньне Камітэту па правах чалавека ААН, які ў рамках афіцыйнай працэдуры заклікаў да разгляду скаргі ў КПЧ прыпыніць выкананьне прысуду.

Усе сумневы і ўсе выказваньні пра тое, што былі расстраляныя ня тыя, хто насамрэч зьдзейсьніў тэракт, будуць мець моц, таму што такім хуткім выкананьнем улады цалкам дэвальвавалі свой прысуд».


Дэпутат з камісіі па памілаваньні: «Без камэнтароў»


Сьвятлана Калінкіна: «Гэта ўрок жорсткасьці, урок нялітасьці, урок самадурства»

«Няма словаў… Шчыра кажучы, проста няма словаў. Гэта ня тое што абуральна, гэта нейкая хвароба. Нейкія звар’яцелыя людзі выносяць нейкія вар’яцкія прысуды і потым прыводзяць іх у выкананьне. Ня выканалі нават юрыдычную працэдуру, ня гледзячы ні на што. Гэта хвароба, на мой погляд, і нішто іншае. Гэта ўрок жорсткасьці, урок нялітасьці, урок самадурства, ня гледзячы ні на заклікі, ні на грамадзкую думку, ні на тое, як будзе выглядаць краіна ў сьвеце, у вачах людзей. Я абурана, і проста не нахожу словаў…»


Людміла Гразнова: Хаваюць канцы ў ваду

Праваабаронца Людміла Гразнова: «Хаваюць канцы ў ваду. Як кажуць, няма чалавека — няма праблемы. Вось гэты сьмяротны прысуд, які прыведзены ў выкананьне падчас сэсіі Камітэту па правах чалавека ААН — гэта ўжо ня першы выпадак. Быццам бы спэцыяльна падпісваюцца прэзыдэнтам указы аб непамілаваньні і выконваюцца сьмяротныя прысуды менавіта ў гэты час. Сэсіі КПЧ ААН праводзяцца тры разы ў год, але чаму такое супадзеньне? Верагодна, улады чарговым разам хочуць выставіць краіну Беларусь як нейкую чорную дзірку зь непрадказальнымі дзеяньнямі кіраўніцтва».


Гары Паганяйла: Гэта ірацыянальныя паводзіны хворага чалавека

«Многія хочуць, хто меў дачыненьне да гэтага працэсу, каб хутчэй расстралялі, і канцы ў ваду. Я думаю, што той, ад каго залежаў лёс гэтых хлопцаў, і асабліва Кавалёва (таму што многія разьлічвалі на тое, што Кавалёва могуць памілаваць, і варта было б памілаваць) проста дзейнічае на хвалі жорсткай канфрантацыі, крытыкі і жорсткай размовы з Захадам.

Даведку даслалі на хатні адрас Кавалёвых у Віцебску. Ліст з паштовай скрыні дастала маці, Любоў Кавалёва.

Гаварыць яна ня можа — толькі плача.

«Во толькі што мама са скрыні дастала. Вярхоўны суд...ад 16.03 ліст... што прысуд прыведзены да выкананьня... Мама яго атрымала. Яны яго забілі, усё было дарэмна, усё дарэмна», — толькі й смагла сказаць скрозь сьлёзы Тацяна, сястра Ўладзіслава Кавалёва.


пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:24 0:00
Наўпроставы лінк

Любоў і Тацяна Кавалёвы плачуць, атрымаўшы ліст зь Вярхоўнага суду
Любоў і Тацяна Кавалёвы плачуць, атрымаўшы ліст зь Вярхоўнага суду

Любоў Кавалёва
Любоў Кавалёва




Фота з Фэйсбуку Тацяны Кавалёвай.

У МУС TUT.BY растлумачылі, што афіцыйна паведамляць пра тое, што вырак выкананы ня могуць, таму расстралялі ці Канавалава не паведамляецца. Аднак, адзначылі ў МУС, калі расстралялі Кавалёва не факт, што расстралялі і Канавалава — аналёгіі паміж адным і другім расстрэлам у заканадаўстве няма.


Ганна Саўсь. Акенца камэры сьмяротнікаў. Для нас

У 1999 годзе мне, як карэспандэнту «Народнай волі», дазволілі паглядзець праз малое акенца ў камэру сьмяротнікаў на Валадарцы. Дазволіў Алег Алкаеў, тагачасны начальнік СІЗА. Я дагэтуль памятаю, як у мяне ўсё сьціснулася ўнутры.

Фота Ўладзіслава Кавалёва зь сямейнага архіву.
Фота Ўладзіслава Кавалёва зь сямейнага архіву.


14 сакавіка сталя вядома, што Аляксмандар Лукашэнка не памілваў Уладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава.

16 сакавіка маці Кавалёва разам з адвакатам перадалі заявы з просьбай даць пісьмовыя адказы, дзе знаходзіцца Ўлад, у ізалятар КДБ і ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС. У ДВП заяву не прынялі, сказалі, што трэба зьвяртацца ў Вярхоўны суд.

30 лістапада 2011 году Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Уладзіслава Кавалёва вінаватым у саўдзеле ў тэрарызьме і прысудзіў яго да сьмяротнага пакараньня. 7 сьнежня асуджаны падаў прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Дзьмітрый Канавалаў, таксама асуджаны на сьмяротнае пакараньне паводле абвінавачаньня ў тэрарызьме па гэтай крымінальнай справе, прашэньне аб памілаваньні падаваць адмовіўся.

11 красавіка 2011 году на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» спрацавала выбуховае прыстасаваньне. 11 чалавек загінулі на месцы, яшчэ чацьвёра памерлі ў шпіталях. Агулам пацярпела болей за 300 чалавек.


Беларусь і сьмяротнае пакараньне


Паводле міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, з 1991 году ў Беларусі пакаралі сьмерцю каля 400 чалавек. У Беларусі афіцыйна не публікуюцца статыстычныя дадзеныя пра колькасьць вынесеных і прыведзеных у выкананьне сьмяротных прысудаў, хаця Беларусь, як чалец АБСЭ, абавязаная «прадстаўляць грамадзкасьці інфармацыю адносна ўжываньня сьмяротнага пакараньня».

Паводле апублікаваных дадзеных Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Беларусі, з 1998 па 2010 год было вынесена 102 сьмяротныя прысуды, у 2006 было пакарана 9 чалавек, у 2007 вядома прынамсі пра аднаго пакаранага сьмерцю, у 2008 — пра трох расстраляных.

Паводле дадзеных, прыведзеных у артыкуле былога Старшыні Канстытуцыйнага Суду Беларусі Рыгора Васілевіча ў пэрыяд з 1994 па 1998 год колькасьць прысуджаных да сьмяротнага пакараньня павялічвалася (25, 37, 29, 46, 47 чалавек адпаведна). Пры гэтым, паводле дадзеных Мінюсту, з 1990 па 1993 год было вынесена 85 сьмяротных прысудаў.

Паводле інфармацыі былога начальніка (снежань 1996-га — май 2001-га) Сьледчага ізалятара № 1 Камітэту выкананьня пакараньняў МУС Алега Алкаева, з канца 1996-га і да ліпеня 2001-га было пакарана сьмерцю 140 чалавек, а пасьля гэтага былі прыведзеныя ў выкананьне шэсьць прысудаў.

Як адзначаў у сваім артыкуле ў 2007 годзе тагачасны старшня Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч, амаль усе сьмяротныя прысуды былі вынесеныя за «наўмыснае пазбаўленьне жыцьця пры цяжкіх абставінах». Пры гэтым ён падкрэсьліў, што немагчыма ўсталяваць сувязь паміж дынамікай забойстваў і колькасьцю прысудаў аб сьмяротным пакараньні.

У адпаведнасьці з арт. 24 Канстытуцыі Беларусі, «сьмяротнае пакараньне да яго адмены можа прымяняцца ў адпаведнасьці з законам як выключная мера пакараньня за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна з прыгаворам суду». Прызначацца яно можа за 12 катэгорый злачынстваў у мірны час і 2 — у ваенны час.


Пакараньняў сьмерцю ў сьвеце робіцца ўсё менш


Па дадзеных Amnesty International, на канец 2010 году ў сьвеце налічвалася ня менш як 17 800 асуджаных на сьмерць. Разам з тым у тым жа годзе праваабарончая арганізацыя адзначыла зьніжэньне колькасьці сьмяротных прысудаў, пра якія афіцыйна вядома як аб прыведзеных у выкананьне: з 714 (як мінімум) пакараньняў сьмерцю ў 2009 годзе да 527 (як мінімум) у 2010 годзе. Лідзіруюць па ліку пакараных у сьвеце Азія і Блізкі Ўсход.

Сярод галоўных «катаў» — Кітай, Іран, Саудаўская Аравія, ЗША і Емэн. Пры гэтым лічыцца, што ў 2010 годзе ў Кітаі пакаралі сьмерцю тысячы чалавек.

Ад ужываньня сьмяротнага пакараньня адмовіліся 139 краін. За апошнія 10 гадоў выключная мера пакараньня была адмененая заканадаўча альбо на практыцы ў 31 краіне сьвету.

На тэрыторыі былога СССР сьмяротнае пакараньне захоўвалася ва ўсіх былых савецкіх рэспубліках на момант набыцьця імі незалежнасьці ў 1991 годзе. Аднак з часам Армэнія, Азэрбайджан, Грузія, Кіргізстан, Малдова, Туркмэністан, Узбэкістан адмянілі сьмяротнае пакараньне ў заканадаўчым парадку. У Таджыкістане, Казахстане і Расеі дзейнічае мараторый на вынясеньне і выкананьне сьмяротных прысудаў.

У 1993 годзе Беларусь падала заяўку на ўступленьне ў Раду Эўропы і атрымала статус адмыслова запрошанай краіны, аднак у 1997 годзе Бюро ПАРЭ прыняло рашэньне аб прыпыненьні статусу «з-за адсутнасьці прагрэсу ў сфэры дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства права». Прыпынены быў і разгляд заяўкі аб уступленьні ў Раду Эўропы.

Беларусь застаецца адзінай эўрапейскай краінай, у якой выносяцца і выконваюцца сьмяротныя прысуды. Мараторый на сьмяротную кару — адна з асноўных умоваў вяртаньня беларускаму парлямэнту статусу спэцыяльнага запрошанага Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.


Сьмяротнае пакараньне — часовая мера?


У сваім заключэньні ад 11 сакавіка 2004 году Канстытуцыйны суд Беларусі адзначыў, што Канстытуцыя Беларусі дапускае ўжываньне сьмяротнага пакараньня, аднак яно мае выключны і часовы характар. Больш за тое, суд заключыў, што на момант правядзеньня рэфэрэндуму аб сьмяротным пакараньні ў 1996 годзе максымальны тэрмін пазбаўленьня волі, прадугледжаны Крымінальным кодэксам, складаў 15 гадоў. Суд падкрэсьліў, што ў многіх эўрапейскіх краінах сьмяротнае пакараньне скасавалі, нягледзячы на рашучую падтрымку вышэйшай меры пакараньня з боку грамадзкасьці.

КС заключыў, што ў Беларусі існуе магчымасьць увядзеньня мараторыя на сьмяротнае пакараньне. Ён падкрэсьліў, што прымаць рашэньне аб увядзеньні мараторыя на сьмяротнае пакараньне можа прэзыдэнт альбо парлямэнт. У сваім артыкуле ў 2007 годзе Рыгор Васілевіч таксама пісаў, што Беларусь «рухаецца ў бок адмены сьмяротнага пакараньня і, магчыма, у якасьці першага кроку — абвяшчэньне на яе мараторыя». Праўда, тады Васілевіч зрабіў агаворку "выключэньнем могуць быць толькі выпадкі злачынстваў тэрарыстычнай накіраванасьці, якія прывялі да масавай гібелі людзей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG