Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч зьмешчаны на месяц у карцэр. Пра гэта стала вядома Насьце Палажанцы, нявесьце актывіста.

«30 дзён — такога тэрміну яшчэ ніколі не было, як правіла, больш за 10 сутак не даюць. З чым гэта зьвязана, ня ведаем. Але мы ўпэўненыя і бачым паводле тэндэнцыі, што гайкі закручваюцца ўсё болей, ціск узмацняецца. Ці ёсьць мэтай прымусіць яго да падпісаньня нейкіх папераў, ці мэта ў тым, каб штосьці прадэманстраваць на ім, невядома. Але Зьміцер трымаецца моцна, бадзёра. У размове з адвакатам быў спакойны, што сьведчыць пра тое, што Дашкевіч і праз гэтае выпрабаваньне пройдзе прыстойна».

Зьміцер Дашкевіч адбывае 2 гады ў Глыбоцкай калёніі. Актывіст быў арыштаваны за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў, 18 сьнежня 2010 году, і асуджаны паводле артыкула аб злосным хуліганстве. Сваёй віны Зьміцер Дашкевіч не прызнае і кажа пра правакацыю спэцслужбаў.

Спачатку Зьміцер Дашкевіч адбываў тэрмін у Горацкай калёніі, адкуль у канцы мінулага году яго перавялі ў Глыбоцкую калёнію і зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу. У гэтай калёніі сама меней двойчы Дашкевіча каралі карцэрам.
XS
SM
MD
LG