Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лідзія Каваленка: «Ужо застаюцца ня дні, а лічаныя хвіліны»


У турме на вуліцы Валадарскага ў Менску Лідзія Каваленка сустрэлася са сваім сынам палітвязьнем Сяргеем Каваленкам, які ад 19 сьнежня трымае галадоўку пратэсту.

Спатканьне доўжылася паўтары гадзіны, падчас якіх Лідзія Каваленка даведалася, што ў сына на целе практычна не засталося мускулятуры. Каб Сяргей ня падаў на шпацыры, яго падтрымліваюць іншыя вязьні. Гаворыць Лідзія Каваленка:

«Я зь ім размаўляла — ён ужо траціць прытомнасьць, ранкам ляжаў — ня мог падняцца, галаву клаў на рукі пры мне — яму дрэнна, ён ужо ня можа трымацца. Ён дрэнна бачыць, дрэнна чуе, пячонка, ныркі, жывот баліць, а твар пакрыты толькі скуркаю зморшчанаю. Яго забіваюць у турме і чакаюць ягонай сьмерці. Ужо застаюцца ня дні, а лічаныя хвіліны. Ня ведаю, хто чыніць злачынства над маім сынам і хто за гэтым стаіць. Буду абвяшчаць галадоўку і стаяць каля турмы дзень і ноч — няхай аддаюць сыночка».

Паводле Лідзіі Каваленкі, Сяргей па-ранейшаму ня мае намеру адмаўляцца ад галадоўкі, ня лічыць сябе ні ў чым вінаватым, не давярае турэмным лекарам і перакананы, што яго хочуць забіць. Праз маці ён таксама паведаміў, што хоча пабачыцца са сваімі дзецьмі, якіх вельмі любіць, і заклікае грамадзкіх актывістаў падтрымаць яго: прыходзіць да сьценаў турмы зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Жонка Сяргея, Алена Каваленка, кажа, што толькі агульнымі намаганьнямі ёсьць шанец выратаваць Сяргею жыцьцё:

«Чакаю, што хтосьці дапаможа. Мо той Папа Рымскі, калі да яго дойдзе зварот Івонкі Сурвілы выратаваць Сяргея. Бо ён ня скончыць галадоўку. Яго несправядліва асудзілі, яго несправядліва трымаюць, яго не шпіталізуюць. А ён сам ужо ня здольны спыніць гэтую галадоўку».

Юры Беленькі, намесьнік старшыні КХП БНФ — партыі, актывістам якой зьяўляецца Сяргей Каваленка, — гэтак камэнтуе сытуацыю:

«Сытуацыя, калі чалавек несправядліва асуджаны, а цяпер на парозе сьмерці, сьведчыць, што ў начальніка цяперашняга рэжыму такая субстанцыя, як сумленьне, цалкам адсутнічае. Таму неабходна знайсьці мэханізмы, каб прымусіць яго зрабіць крокі па выратаваньні Сяргея».

Лідзія Каваленка таксама паведаміла, што праз адваката будзе зьвяртацца да ўладаў, каб Сяргея тэрмінова шпіталізавалі ў цывільны шпіталь.

Віцебскі актывіст КХП-БНФ Сяргей Каваленка абвясьціў галадоўку 19 сьнежня, потым рабіў перапынак, а бесьперапынна трымае яе ад 8 лютага. Сяргей Каваленка асуджаны на 2 гады і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму за парушэньне ўмоваў так званай «хатняй хіміі», якую ён атрымаў за вывешваньне ў цэнтры Віцебску на навагодняй ёлцы бел-чырвона-белага сьцяга. Такім чынам ён пратэстуе супраць прысуду. Паводле стану на 12 сакавіка Сяргей Каваленка важыў 51 кіляграм, тэмпэратура цела была 35,2 градуса.

Як уратаваць Сяргея Каваленку?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG