Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стан Сяргея Каваленкі, які бесьперапынна трымае галадоўку ад 8 лютага, крытычны. Палітыкі і грамадзкія дзеячы выказваюць прапановы, як уратаваць вязьня.

Віцебскі актывіст КХП-БНФ Сяргей Каваленка абвясьціў галадоўку 19 сьнежня, потым рабіў перапынак, а бесьперапынна трымае яе ад 8 лютага. Сяргей Каваленка асуджаны да 2 гадоў і 1 месяцу калёніі агульнага рэжыму за парушэньне ўмоваў так званай «хатняй хіміі», якую ён атрымаў за вывешваньне ў цэнтры Віцебску на навагодняй ёлцы бел-чырвона-белага сьцягу. Такім чынам ён пратэстуе супраць прысуду. Паводле стану на 12 сакавіка, Сяргей Каваленка важыў 51 кіляграм, тэмпэратура цела была 35,2 градусы.

На старонцы Свабоды ў Фэйсбуку вы можаце прапанаваць свой адказ на пытаньне: што могуць зрабіць беларусы, каб уратаваць Сяргея Каваленку?


Сяргей Кавалёў бароніць Сяргея Каваленку

Расейскі праваабаронца Сяргей Кавалёў зьвернецца ў справе Сяргея Каваленкі да Ўладзімера Лукіна, ўпаўнаважанага ў правах чалавека Расеі і да Міхаіла Фядотава, старшыні Рады пры прэзыдэнце Расеі.

Сёньня Сяргей Кавалёў – госьць нашай радыёстанцыі.



Івонка Сурвіла просіць Папу Рымскага ўмяшацца ў справу Каваленкі

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла зьвярнулася да апостальскага нунцыя ў Беларусі Клаўдзіа Гуджэроці.

«Невінаваты чалавек памірае ў турме», – піша Івонка Сурвіла. Старшыня Рады БНР просіць Сьвяты пасад хадайнічаць за Сяргея Каваленку перад уладамі і, у прыватнасьці, перад кіраўніком Беларусі.

Пазьняк: Вакол Каваленкі ідзе рызыкоўная, подлая гульня

«Думаю, што ціск павінен быць не на Каваленку, а на рэжым, на Лукашэнку. І грамадзтва перш за ўсё павінна быць інфармавана. На жаль, яно не інфармавана, ці вельмі мала інфармавана аб тым, што адбываецца з Каваленкам.»



Бураўкін: Беларуская ўлада бязьлітасная

«Адзінае, на што ў мяне ёсьць нейкая слабая надзея, — што, можа, удасца нашых высокіх кіраўнікоў, генэралаў і чыноўнікаў, якія вельмі любяць сваіх грамадзян садзіць за краты, прымусіць воляю высокіх людзей, міжнародных аўтарытэтаў, воляю аўтарытэтаў Расеі, якіх вельмі баяцца нашыя гаспадары жыцьця».

Левінаў: Ва ўлады яшчэ застаецца магчымасьць уратаваць жыцьцё Каваленку

«Ва ўлады яшчэ застаецца адна магчымасьць уратаваць жыцьцё Сяргею Каваленку, адпусьціўшы яго. Ён не ўяўляе ніякай небясьпекі для грамадзян, дзяржавы, грамадзтва. Ён не гвалтаўнік, не забойца, не рабаўнік. У той час як людзі, якія нясуць пагрозу для грамадзтва, як маёр міліцыі Лінкус, у адносінах да якога быў вынесены вырак — 4 гады пазбаўленьня волі, да ўступленьня прысуду ў сілу знаходзіцца на волі, зь сям’ёй, Сяргея трымаюць за кратамі. Калі ўладам патрэбныя грамадзяне, то яны павінны ўхваліць кампраміснае рашэньне і выпусьціць Сяргея, каб ён мог нармальна выйсьці з галадоўкі».


Юрась Беленькі, адзін зь лідэраў КХП БНФ, да якой належыць Сяргей Каваленка, сёньня аднёс заяву ў Генэральную пракуратуру:

«У заяве мы ад імя партыі падкрэсьліваем, што робяцца сьвядомыя дзеяньні службовых асобаў для таго, каб проста забіць Сяргея Каваленку. Мы папярэджваем усіх службовых асобаў, што непрыняцьце мер па захаваньні жыцьця зьяўляецца злачынствам. Мы зноў патрабуем, каб яго зараз жа паклалі ў цывільны шпіталь, пад нагляд мэдыкаў, у палату».

Юрась Беленькі падтрымаў ідэю зьвярнуцца па падтрымку да Папы рымскага, які гіпатэтычна можа паўплываць на беларускія ўлады ў пытаньні выратаваньня Сяргея Каваленкі.


Улады павінны перавесьці Сяргея Каваленку ў шпіталь, перакананы прадстаўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

«Сытуацыя небясьпечная для жыцьця Сяргея, і ўлады не павінны быць зацікаўленыя ў трагічным выніку», — зазначыў ён.

Паводле Стэфановіча, праваабарончы цэнтар «Вясна» і Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека рыхтуюць заяву з патрабаваньнем да беларускіх уладаў аб тэрміновай шпіталізацыі Каваленкі. Апрача таго, трэба прасіць самога Сяргея, каб ён пачаў выходзіць з галадоўкі:

«У любым выпадку Сяргею Каваленку павінна быць аказаная мэдычная дапамога належным чынам».

Івашкевіч: Не купляйце беларускіх нафтапрадуктаў пакуль ня вызваляць Каваленку

«Прымусіць Лукашэнку выпусьціць з турмы ўсіх палітвязьняў, а ў першую чаргу Сяргея Каваленку, могуць толькі рэальныя эканамічныя санкцыі, такія як забарона ўрадамі краінаў Эўрапейскага зьвязу купляць і транспартаваць беларускія нафтапрадукты па іх тэрыторыях», — лічыць палітык Віктар Івашкевіч.

14 сакавіка Віктар Івашкевіч адказаў на пытаньні нашай радыёстанцыі:



Казулін: Беларускім уладам карысна, каб Каваленка памёр

Былы кандыдат у прэзыдэнты і былы палітвязень Аляксандар Казулін, які ў свой час за кратамі трымаў працяглую галадоўку, мяркуе, што беларускія ўлады могуць дапусьціць, каб Каваленка памёр.


Юры Хадыка: Шанец уратаваць Каваленку – Пуцін

Апазыцыйны палітык Юры Хадыка, які ў 1996 годзе амаль месяц трымаў галадоўку пратэсту, і ягоная жонка Валянціна Зімніцкая лічаць, што на Лукашэнку ў справе Каваленкі можа паўплываць кіраўніцтва Расеі.

Эўракамісар Фюле просіць Каваленку спыніць галадоўку

Штэфан Фюле, камісар Эўразьвязу ў пытаньнях пашырэньня і палітыкі добрасуседзтва, паслаў ліст Сяргею Каваленку, просячы яго спыніць галадоўку. «Беларусі патрэбны ён і іншыя людзі, якія змагаюцца за правы чалавека і дэмакратыю,» — напісаў Штэфан Фюле ў сацыяльнай сетцы Твітэр.

Старшыню Эўрапарлямэнту жахнула сытуацыя ў Беларусі

Старшыня Эўрапейскага парлямэнту Марцін Шульц заявіў: «Жыцьцё Каваленкі пад пагрозай у сувязі з галадоўкай супраць яго несправядлівага зьняволеньня. Я заклікаю беларускія ўлады вызваліць яго неадкладна і безумоўна, і забясьпечыць яму неабходную мэдычную дапамогу. Рукі беларускіх уладаў будуць у крыві, калі ён памрэ.»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG